Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёс Цімашэнкі мае вырашыцца да серады


Місія назіральнікаў Эўрапарлямэнту ў складзе экс-прэзыдэнта Польшчы Аляксандра Квасьнеўскага і былога кіраўніка Эўрапарлямэнта Пэта Кокса вызначыла сераду наступнага тыдня як апошні тэрмін для прыняцьця пакета законаў, неабходных для падпісаньня пагадненьня аб асацыяцыі паміж Украінай і Эўразьвязам.

Сярод іншага да серады мае быць ухвалены закон, які дазволіць вызваліць Юлія Цімашэнка.

«Місія Квасьнеўскага—Кокса паказала нам часовыя рамкі, у якія трэба ўкласьціся парлямэнту для прыняцьця рашэньня. На сёньня гэта аўторак-серада на наступным тыдні. Гэта апошнія дні прыняцьця гэтых трох асноўных пакетных законапраектаў»,— паведаміў намесьнік старшыні Вярхоўнай Рады Ўкраіны Руслан Кашулінскі пасьля сустрэчы кіраўніцтва парлямэнта і старшыняў фракцый зь місіяй Эўрапарлямэнту.

Эўраінтэграцыйныя законы неабходныя Ўкраіне для падпісаньня з Эўразьвязам пагадненьня аб асацыяцыі. Сярод такіх дакумэнтаў — у тым ліку закон аб лячэньні асуджаных за мяжой, які дазволіў бы вырашыць пытаньне вызваленьня Юліі Цімашэнка.

Лідэр фракцыі «Свабода» Алег Цягнібок заявіў, што на 8 лістапада апазыцыя падрыхтуе яшчэ адзін законапраект, прыняцьце якога дазволіла б лячэньне за мяжой былога прэм’ера Юліі Цімашэнка.

«На раніцу мы падрыхтуем гэты законапраект. Будзе подпіс Яцанюка, будзе подпіс Клічко, будзе подпіс Цягнібока»,— сказаў ён.

Аднак, на думку Цягнібока, уносіць такі законапраект на галасаваньне немэтазгодна да таго часу, пакуль пад ім не падпішуцца прадстаўнікі ўлады.

6 лістапада камітэт Вярхоўнай Рады па пытаньнях заканадаўчага забесьпячэньня праваахоўнай дзейнасьці накіраваў на дапрацоўку ўсе чатыры законапраекта аб лячэньні зьняволеных за мяжой, якія маглі б быць задзейнічаныя для вызваленьня Цімашэнкі.

Дакумэнт, які дазволіў бы лячыцца за мяжой асобам, якiя адбываюць пакараньне, Вярхоўная Рада мела разгледзець учора. Аднак вечарам кіраўніцтва парлямэнта заявіла, што пасяджэньне працягнецца ў пятніцу.

Новы апазыцыйны законапраект, які можа вырашыць пытаньне былога прэм’ера Юліі Цімашэнка, не будзе прадугледжваць палітычнай рэабілітацыі асуджаных. Пра гэта ў эфіры ўкраінскага «5- га канала» заявіў лідэр фракцыі УДАР Віталь Клічко:

«У гэтым законапраекце мы павінны напісаць, што чалавек мае магчымасьць паводле рашэньня суда лячыцца за мяжой. Гэта не тычыцца палітычнай дзейнасьці, гэта не датычыцца рэабілітацыі Цімашэнка. Яна пасьля лячэньня вяртаецца. Ніякіх умоў. Толькі магчымасьць лячыцца»,— адзначыў ён.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG