Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговае сацыялягічнае апытаньне паказала, што 61,7% маладых беларусаў (ва ўзросьце ад 18 да 30 гадоў) выказалі гатоўнасьць паехаць працаваць у іншую краіну.

Таксама вядомыя сацыялягічныя дадзеныя, паводле якіх звыш 70 працэнтаў беларускай моладзі пры магчымасьці гатовыя пераехаць у іншую краіну. Чым можна патлумачыць, што менавіта моладзь больш за іншых жадае выехаць (часова ці назаўжды) з Беларусі? Якую альтэрнатыву эміграцыі з Беларусі можна прапанаваць сёньняшняй моладзі? На гэтыя пытаньні адказвае моладзевы актывіст, былы палітвязень Андрэй Кім

Цыганкоў: Моладзь ва ўсе часы вылучалася большай актыўнасьцю і нават рэвалюцыйнасьцю, жаданьнем зьмяніць рэчаіснасьць. Выглядае, што сучасная беларускае маладое пакаленьне не падпадае пад гэтае правіла. Сёньня беларуская моладзь ня хоча змагацца за перамены, а хоча проста зьехаць з краіны — альбо на працу, альбо зусім. Чым бы вы гэта патлумачылі?

Кім: Тыя людзі, якія хочуць зьехаць з краіны, і тыя, якія хочуць пераменаў — часта адныя і тыя ж людзі. Жаданьне зьехаць ствараецца, з аднаго боку, грамадзтвам спажываньня, дзе людзі шукаюць лепшага жыцьця. Зь іншага боку, калі моладзь ня хоча пакідаць сваю краіну — то гэта абумоўлена ў тым ліку моцнай нацыянальнай ідэнтычнасьцю, патрыятызмам, духоўнымі каштоўнасьцямі. А ўсё гэта якраз тое, што беларускія ўлады актыўна зьнішчаюць.

Такім чынам, пры адсутнасьці сацыяльных ліфтаў у Беларусі многія маладыя людзі ня бачаць пэрспэктываў у тым, што яны робяць. Вышэйшая адукацыя перастала быць у Беларусі сацыяльным ліфтам, іншыя ліфты не выпрацаваныя альбо зьяўляюцца калькай з савецкіх часоў, дзе не патрэбны талент, а патрэбныя іншыя якасьці. Гэта відавочна зьмяншае жаданьне жыць у нашай краіне. Зь іншага боку, адсутнасьць патрыятызму, дэбеларусізацыя вельмі моцна б’е менавіта па моладзі, якая вырастае ў гэтым грамадзтве і ня бачыць ніякіх каранёў, прычынаў заставацца ў Беларусі, любіць Беларусь.

Цыганкоў: Калі малады чалавек усё ж ад прыроды зьяўляецца актыўным, хоча пераменаў, мае амбіцыі — але гадамі ўпіраецца ў тую сьцяну, якая пабудавана сёньняшнім станам грамадзтва. Якія альтэрнатывы вы прапануеце такому чалавеку, якія ня хоча нікуды зьяжджаць, але ня бачыць пэрспэктываў?

Кім: Гэта пытаньне прыярытэтаў. Сваім знаёмым, якія задумваюцца пра эміграцыю, я кажу адно — «калі ў вас няма любові да краіны, калі вас тут нічога не трымае — эмігруйце». Гэта не зьяўляецца кепскім. Калі чалавека тут нічога не трымае, то ён нічога добрага для краіны не зробіць. Таму мая парада людзям, якія думаюць пра эміграцыю — «калі ў вас няма адчуваньня, што вы можаце нешта тут зрабіць, калі няма адчуваньня, што вы можаце нечым ахвяраваць, калі вы думаеце, што вам будзе больш шчасьліва жыць за мяжой — калі ласка, эмігруйце»

Бо калі чалавек мае жаданьне нешта зрабіць тут да лепшага, то ў Беларусі такіх магчымасьцяў нават больш. Бо адны і тыя я ж рэчы адны называюць праблемамі і перашкодамі, а іншыя — магчымасьцямі. У нас шмат рэчаў, які можна зрабіць і ўвайсьці ў гісторыю, як Ігнат Дамейка, якія прыехаў у Паўднёвую Амэрыку і стаў там славутай постацьцю, бо шмат чаго рабіў першым.

У Беларусі шмат чаго рабіць не цяжэй чым у іншых краінах. Пытаньне ва ўзнагародзе, у тым, наколькі ты гатовы ахвяраваць сабой, жыць у такім грамадзтве, як наша. Але кожны гэтае пытаньне вырашае самастойна. Я і шматлікія мае сябры — патрыёты, хрысьціяне — у свой час вырашылі, што застаемся тут. І я магу сказаць, што калі параўноўваю сваё жыцьцё і жыцьцё маіх сяброў, якія зьехалі — не магу сказаць, што яны жывуць лепш, і што яны больш шчасьлівыя.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG