Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Цімашэнку могуць вызваліць на лячэньне за мяжу


Пратэст у Кіеве

Пратэст у Кіеве

У Вярхоўнай радзе Украіны сёньня разглядаюцца законапраекты аб магчымасьці лячэньня за мяжой асуджанай экс-прэм’еркі Юліі Цімашэнкі.

Пасяджэньне Вярхоўнай рады праходзіць на фоне вулічных акцый. У цэнтры ўкраінскай сталіцы, на Хрышчаціку, некалькі тысяч камуністаў сьвяткуюць чарговыя ўгодкі Кастрычніцкай рэвалюцыі, заклікаючы ўлады адмовіцца ад збліжэньня з Эўразьвязам. У той жа час каля сьценаў парлямэнту некалькі тысяч актывістаў апазыцыйных партый «Бацькаўшчына», «Ўдар» і «Свабода» выступаюць за эўраінтэграцыю і патрабуюць вызваліць Юлію Цімашэнку.

Напярэдадні камітэт Вярхоўнай рады па пытаньнях заканадаўчага забесьпячэньня праваахоўнай дзейнасьці накіраваў на дапрацоўку ўсе чатыры законапраекты, якія адкрываюць магчымасьць для лячэньня Цімашэнкі за мяжой. Гэта можа стаць падставай для пераносу даты разгляду гэтых дакумэнтаў дэпутатамі.

Канфлікт праміж дэпутатамі прапрэзыдэнцкай Партыі Рэгіёнаў і парлямэнцкай апазыцыяй палягае ў фармулёўцы, якая дазволіла б Цімашэнцы зьехаць у Нямеччыну — як вольнаму чалавеку ці як асуджанай злачынцы.

Кіраўнік парлямэнцкай фракцыі Партыі Рэгіёнаў Аляксандар Яфрэмаў паведаміў пра «сур’ёзныя рознагалосьсі» ў шэрагах фракцыі наконт рашэньня адносна Цімашэнкі.

Яфрэмаў выказаў перасьцярогу, што Эўразьвяз і пасьля вызваленьня экс-прэм’ера можа вырашыць не падпісваць пагадненьня аб асацыяцыі з Украінай: «Пасьля таго, як мы выканаем ўсе ўмовы, ці ёсьць з эўрапейскага боку гарантыі, што гэтыя пагадненьні будуць падпісаныя? Я не чуў ніводнага адказу, акрамя агульных размоў наконт таго, што «нас 28 краін і меркаваньні ўсіх павінны быць узятыя пад увагу».

Прыхільнікі Цімашэнкі ўжо адмовіліся ад патрабаваньня «поўнай амністыі», яны згодныя на варыянт, пры якім прысуд экс-прэм’еру будзе скасаваны, калі яна зьедзе за мяжу для лячэньня.

«Гэта гістарычны момант — ці падпіша Ўкраіна пагадненьне з ЭЗ. Мы, апазыцыя, заяўляем, што гатовыя на любыя кампрамісы, каб пагадненьне было падпісанае, але для гэтага Юлія Цімашэнка павінна быць вызваленая » - заявіў у Вярхоўнай Радзе Арсені Яцанюк, лідэр партыі «Бацькаўшчына».

Юлія Цімашэнка адбывае сямігадовы тэрмін паводле абвінавачваньня ў перавышэньні службовых паўнамоцтваў пры падпісаньні газавых кантрактаў з Расеяй.

Ад вырашэньня праблемы Цімашэнкі залежаць пэрспэктывы падпісаньня Пагадненьня аб асацыяцыі Украіны з ЭЗ, якое можа адбыцца ў канцы лістапада на саміце «Ўсходняга партнэрства» ў Вільні.

Прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч заявіў учора, што Кіеў мае патрэбу ў пагадненьні з Эўразьвязам аб свабодным гандлі, каб ўмацаваць нацыянальную эканоміку і канкурэнтаздольнасьць на сусьветным рынку.
XS
SM
MD
LG