Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
7 лістапада. Менск. Змрочная восеньская раніца. Ні цёпла, ні холадна. Ні мокра, ні суха. Я стаю ужо з паўгадзіны ля вакна. На вуліцы — анікога. Чырвоны дзень календара, а з дынамікаў не гучаць камуністычныя маршы. І не зьбіраюцца ў калёны дэманстранты. Не бягуць людзі і ў крамы па торцікі і шампанскае. Забыліся, няўдзячныя, на прымаўку:

Рэвалюцыя прыйшла, людзям шчасьце прынясла

Але том прыказак і прымавак у акадэмічным выданьні «Беларуская народная творчасьць» напомніць:

Рэвалюцыя настала, і жанчына вольнай стала

Як стаў серп і молат, уцёк ад нас голад

Прыйшлі чырвоныя — сталі мы вясёлыя


А вось пазьнейшае, але актуальнае:

Што заваявала рэвалюцыя, тое пацьвердзіла Канстытуцыя

Наш савецкі край лепш за богаў рай!


А каму ж удзячнымі за сваю долю былі людзі?

Ленін даў народу шчасьце і свабоду

Яшчэ пару цытатаў у скароце, выключна дзеля эканоміі літараў:

За Л. ішлі — ворагаў перамаглі

Л. навучыў, і беларус зажыў

Словы Л. збыліся — лепш у калгасе разжыліся

Пакуль людзі будуць жыць, будуць Л. любіць


Том прыказак і прымавак апошніх дзесяцігодзьдзяў пакуль не зьявіўся. Але і ня трэба. Можна карыстацца напрацаваным:

Для нашай улады мы ўсё аддаць рады
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG