Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За што праціўнік рэвалюцый Лукашэнка так любіць Кастрычніцкую рэвалюцыю?


Аляксей Кароль

Аляксей Кароль

Аляксандар Лукашэнка павіншаваў беларусаў з днём Кастрычніцкай рэвалюцыі, сказаўшы пра гэтую гістарычную падзею вельмі ўзьнёслыя станоўчыя словы. Чаму беларускі кіраўнік гэтак ухваляе бальшавісцкі пераварот 1917 году? Як можна ацаніць той парадокс, што Лукашэнка, які заўсёды выступае супраць усялякіх рэвалюцыяў, высока ацэньвае Кастрычніцкую рэвалюцыю? На гэтыя пытаньні адказвае гісторык, рэдактар газэты «Новы час» Аляксей Кароль.

— Беларусь — адна зь нямногіх дзяржаваў у сьвеце, дзе гадавіна Кастрычніцкай рэвалюцыі адзначаецца як дзяржаўнае сьвята. У сваім віншаваньні Лукашэнка заявіў, што кастрычніцкая рэвалюцыя «адбылася пад знакам гуманістычных каштоўнасьцяў і дэмакратычных свабодаў». Наколькі такая ацэнка гэтай падзеі распаўсюджаная ў сьвеце? Чаму беларускі кіраўнік гэтак узьнёсла ацэньвае Кастрычніцкую рэвалюцыю?

— Усё віншаваньне Лукашэнкі напісана паводле трафарэтаў часоў Савецкага Саюзу. Таму ня дзіва, што там прысутнічае такая ацэнка, што ён, Лукашэнка, працяг савецкай улады.

Я думаю, ключавыя словы тут — «Кастрычнік спрыяў станаўленьню моцнай народнай улады». Слова «народнай» тут можна выкінуць (гэта проста шырма), і застаецца «моцная ўлада». За гэта менавіта Лукашэнка і шануе Кастрычніцкую рэвалюцыю.

Такі погляд на гэтую падзею сёньня ўжо перагледжаны і ў Расеі, ды і ў Беларусі сярод гісторыкаў. Выдадзена нямала прац, дзе кастрычніцкі пераварот аб’ектыўна аналізуецца з пазыцыяў ягонага рэальнага значэньня ў гісторыі.

— Лукашэнка неаднаразова выступаў з розных нагодаў супраць усялякіх рэвалюцыяў. Нядаўна, выступаючы перад беларускімі студэнтамі, ён зноў гаварыў пра тое, што не патрэбныя ані перамены ані рэвалюцыі. Ці не зьяўляецца парадоксам тое, што праціўнік рэвалюцыяў Лукашэнка гэтак узьнёсла ацэньвае рэвалюцыю Кастрычніцкую?

— Гэты парадокс ён не заўважае, як яго не заўважалі і савецкія ўлады. Тыя лічылі, што яны настолькі моцныя, што можна хваліць рэвалюцыю, і гэта ніяк не паўплывае на людзей — але паўплывала.

Галоўны ўрок — рэвалюцыі заўсёды ёсьць вынікам адсутнасьці рэформаў. У гэтым вінаватыя кіроўныя групы. Я думаю, што жах перад стратай улады і штурхае Лукашэнку ўхваляць тое, што было ў СССР, што выглядала там моцным і непахісным. А ў цэлым кастрычніцкі пераварот — гэта ліквідацыя ў выкананьні бальшавікоў усяго прагрэсіўнага і гуманістычнага.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG