Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхар Гомеля Юры Рубцоў адказаў на пытаньні Радыё Свабода. Рубцова затрымалі 6 лістапада на некалькі гадзін, пасьля таго як ён адбыў 3-суткавы арышт.

52-гадовага жыхара Гомеля арыштавалі пасьля шэсьця ў Курапаты. Падчас акцыі на Дзяды Юры Рубцоў прайшоў у майцы, на адным баку якой было напісана «Лукашэнка, сыходзь!», а на другім — «Чатыры разы прэзыдэнт — не! Гэта не прэзыдэнт, а цар-самазванец». На пачатку шэсьця міліцыя патрабавала, каб Рубцоў зьняў майку. Аднак ён не паслухаўся.

— Што з вамі адбылося цягам гэтых гадзін, як вы былі ў пастарунку?

— Мяне адвялі ў асобны кабінэт. Загадалі зьняць майку. Забралі яе. Выпусьцілі і сказалі: «Чым хутчэй я сыду ад пастарунку, тым хутчэй вызваляць усіх астатніх».

— Ці склалі нейкі акт канфіскацыі?

— Майку проста адабралі, скралі. Бо ніякага акту канфіскацыі не складалі. У мяне нічога не пыталіся.

— Ці патлумачылі вам прычыну сёньняшняга затрыманьня?

— Не. Ніякіх тлумачэньняў не было: ні на словах, ні пісьмова. Паўтаруся, ніякай размовы са мной не было.

— Вашыя далейшыя дзеяньні? Вы вяртаецеся ў Гомель?

— Я вяртаюся ў Гомель і буду працягваць сваю дзейнасьць. Буду хадзіць у той самай майцы.

— А колькі ў вас такіх маек?

— Адну сканфіскавалі. Яшчэ дзьве засталося.

— Як да вас ставіліся ў турме, пакуль вы адбывалі 3-суткавы арышт?

— Першыя суткі я правёў у адной камэры. Там сядзелі людзі, якія лаялі Лукашэнку. Гэта цалкам натуральна, бо бальшыня людзей не падтрымліваюць Лукашэнку. Пасьля суду я сядзеў у камэры з наркаманам са стажам. Але ўсё было нармальна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG