Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Проста ў промні


Сыходзячы, не забудзьце выключыць электрапрылады. Як часта гэты адзінаццаты запавет, дадзены Богам Масею на гарналыжным курорце Сінай, ратаваў Масеевым нашчадкам цела, душу і кашалёк. Аднак у гісторыі здаралася й так, што невыкананьне мудрай адзінаццатай запаведзі абарочвалася для чалавецтва несумненнымі выгодамі.

Прафэсар Вюрцбурскага ўнівэрсытэту Вільгэльм Ронтген парушыў той запавет абсалютна несьвядома: ён быў чалавек апантаны і 8 лістапада 1895 году застаўся ў лябараторыі, калі працоўны дзень ужо скончыўся і ўсе ягоныя калегі пайшлі на баварскае піва, каб дастойна сустрэць заслужаныя выходныя. У лістападзе зьмяркаецца рана; калі Ронтген нарэшце выключыў у памяшканьні сьвятло і мара пра добрую вячэру канчаткова перамагла мару пра ўсясьветную славу, нешта ў лябараторным змроку яго зьбянтэжыла. Ён азірнуўся. Катодная трубка! Гер Ронтген забыўся яе выключыць. Прафэсар націснуў кнопку — але ўсё роўна нешта было ня так. Ронтген зноў уключыў прыбор — і толькі тады заўважыў падсьлепаватымі вачыма, што аркуш паперы, пакрыты цыянаплястынітам барыю, які ляжаў побач з трубкаю, сьвеціцца злавесным зеленаватым сьвятлом.

Варум? — падумаў Ронтген у роспачы. Варум сьвеціцца гэтая чортава папера, калі футарал трубкі не прапускае катодных промняў?

Ён сабраў усе кнігі, якія былі ў лябараторыі, і пачаў па чарзе засланяць імі паперу ад трубкі. Бульварны раманчык Александры фон Марынінай быў бясьсільны — папера сьвяцілася, томік вершаў Гайнэ на дзьвесьце старонак таксама прапускаў нябачныя промні, і нават Гофман на тры сотні старонак нічога ня здолеў зрабіць супраць загадкавага выпраменьваньня. І толькі таўшчэзны том «Практычны дапаможнік па выхаваньні жанчын, сабакаў і іншай хатняй прыслугі» доктара О. фон Хімікера, галоўнага сэксоляга Вюрцбургу, ніякіх промняў катэгарычна не прапусьціў, бо быў занадта цьвёрды: што вокладкай, што меркаваньнямі.

І нават болей: Ронтген бачыў, што па аркушы блукае цень ягонай рукі — кашчавы і тонкі цень канцавіны шкілета. Усяго пяць хвілін спатрэбілася навукоўцу, каб усьвядоміць важнасьць свайго адкрыцьця. Мусіць, найважнейшага адкрыцьця канца дзевятнаццатага стагодзьдзя.

Так чалавецтва атрымала ў сваё распараджэньне ронтгенаўскія промні. Празь некалькі дзён ён прывёз у лябараторыю сваю жонку Бэрту і, нягледзячы на супраціў, сфатаграфаваў яе руку — фатаграфія зрабілася першым ронтгенаўскім здымкам у гісторыі. Прафэсар так захапіўся сваімі промнямі і вынайдзеным ім неўзабаве апаратам, што цэлымі днямі не выходзіў зь лябараторыі. Пра небясьпеку промняў ён неяк ня думаў... Дый што там думаць — навука патрабуе ахвяраў. Зусім як Бог — і бульварны раман.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG