Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масавая бойка ў Магілёве. «Калі б міліцыянты не стралялі, іх маглі забіць»


Месца, дзе адбылася масавая бойка

Месца, дзе адбылася масавая бойка

У Магілёве не аціхае розгалас здарэньня, калі двое маладых людзей напалі на двух міліцыянтаў. Адзін зь міліцыянтаў атрымаў чэрэпна-мазгавую траўму і цяпер у бальніцы. Каб уратавацца ад разьюшаных маладзёнаў, міліцыянты пачалі страляць. Усяго было зроблена дзевяць стрэлаў. Дваіх нападнікаў міліцыянты паранілі. Цяпер тыя ў бальніцы пад аховай. Распачата крымінальная справа.

Бойка адбылася на вуліцы Авіятараў ля гаражнага каапэратыву, непадалёк ад пасёлку Казіміраўка. І хоць мінула ўжо чатыры дні, здарэньне са стралянінай застаецца на слыху. Аўтамабілісты між сабой яго дагэтуль актыўна абмяркоўваюць, а вось незнаёмцам апавесьці пра яго наважваюцца неахвотна.

Паводле іхных аповядаў, позна ўвечары 2 лістапада сышліся ў бойцы дзьве кампаніі маладых людзей нападпітку. Кажуць, што біліся зацята:

«У нас пачасьціліся выпадкі, што нехта хоча залезьці ў чужыя гаражы, дык міліцыя нібыта сядзела ў засадзе. А тады сюды ехала. І ўмяшаліся. Страляла міліцыя. Потым шукалі гільзы. Тут во ўсё ачапілі, дзе бярэзьнік. Усе гэтыя дні прывозяць гэтых хлопцаў. Яны паказваюць, як тут што было. Віной усяму гарэлка», — кажа адзін зь мінакоў непадалёк ад месца бойкі.

Да таго, што міліцыянт пачаў страляць па маладзёнах, аўтаўладальнікі ставяцца з разуменьнем. Калі б не стралялі, то маглі б забіць, кажуць:

«Падышлі папярэдзілі. А тыя на іх кінуліся. Аднаму па галаве бітай. Другі дастаў пісталет, папераджальныя стрэлы зрабіў, а потым — на паражэньне. З арматурай, зь бітамі на яго. АМАП выклікалі. Трэба было пастраляць усіх гэтых малалетак».
Месца масавай бойкі, іншы ракурс

Месца масавай бойкі, іншы ракурс


Карэспандэнт: «А тое, што стралялі па людзях — людзей хіба не палохае?»

«Яны, відаць, наркаманы былі. Я б не палез на пісталет ніколі. Ці абкураныя, ці абколатыя».

Паводле аўтамабілістаў, за апошні час у каапэратыве абрабавалі чатыры гаражы. Пасьля бойкі са стралянінай — спакою на тэрыторыі гаражнага масіву стала яшчэ меней. Гаражы — на ўскрайку пасёлка. Цямнее рана. Асьвятленьня няма.

«Пасьля гэтага тут кожны будзе адчуваць сябе ў небясьпецы. Калі б я ня ведаў пра гэта ці не было б гэтага, то адчуваў бы сябе нашмат спакайней. А цяпер, пасьля гэтага здарэньня...», — кажа гаспадар аднаго з гаражоў.
Пасьля гэтага тут кожны будзе адчуваць сябе ў небясьпецы

З афіцыйных паведамленьняў вядома, што ў бойцы ўдзельнічалі больш за дзесяць чалавек. Калі прыехалі супрацоўнікі міліцыі спэцыяльнага прызначэньня, усіх, хто біўся, затрымалі. Двое з тых, хто нападаў на міліцыянта, цяпер у бальніцы.

«З дыягназам „чэрэпна-мазгавая траўма“ быў дастаўлены супрацоўнік крымінальнага вышуку. Таксама з агнястрэльнымі раненьнямі і ў алькагольным ап’яненьні двое нападнікаў, мясцовых жыхароў 1985 і 1986 году нараджэньня. Іх жыцьцю нічога не пагражае. У мэдустанове, дзе знаходзяцца пацярпелыя ўдзельнікі інцыдэнту, каля палаты выстаўлены пост аховы», — паведаміў супрацоўнік міліцыі.

Па факце інцыдэнту распачата крымінальная справа. Удзельнікам бойкі інкрымінуецца гвалт у адносінах да супрацоўніка органаў унутраных спраў. Пра ход расьсьледаваньня ў структурах міліцыі і Сьледчага камітэту пакуль ня кажуць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG