Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктар саўгасу Рахмон паўтарае шлях Лукашэнкі


Два былыя дырэктары саўгасу, два прэзыдэнты Рахмон і Лукашэнка

Два былыя дырэктары саўгасу, два прэзыдэнты Рахмон і Лукашэнка

У Таджыкістане праходзяць прэзыдэнцкія выбары, на якіх найбольш верагодным пераможцам стане цяперашні кіраўнік дзяржавы Эмамалі Рахмон. Гэта будзе яго чацьвёрты тэрмін.

Дзейны кіраўнік гэтым разам не абцяжарваў сябе нават вядзеньнем выбарчай кампаніі. Журналісты таксама былі загадзя папярэджаныя, што Рахмон ня будзе мець часу нават на пару слоў зь імі пасьля таго, як прагаласуе на сваім выбарчым участку. Пяць іншых малавядомых кандыдатаў у часе выбарчай кампаніі падарожнічалі па краіне супольнай камандай, пазьбягаючы крытыкі адзін аднаго і галоўнага кандыдата. Кандыдат ад апазыцыйных уладам сацыял-дэмакратаў Айніхол Бабоназарава не змагла ў адведзены тэрмін сабраць 210 тысяч подпісаў у сваю падтрымку і не была зарэгістраваная.

Шлях да ўлады таджыцкага кіраўніка ў асноўных рысах нагадвае варыянт, знаёмы беларусам. Рахмонава, дырэктара саўгасу імя Леніна, хваля грамадзянскай вайны канца дзевяностых вынесла на пасаду старшыні Вярхоўнага Савету. У краіне ліквідавалі інстытут прэзыдэнцтва, каб адсунуць тагачаснага кіраўніка Набіева. Праз год прэзыдэнцтва вяртаюць і Рахмонаў перамагае на выбарах 1994 году. У 1999-м у краіне праводзіцца рэфэрэндум, які павялічвае прэзыдэнцкі тэрмін з 5 да 7 гадоў. У 2003-м годзе на новым рэфэрэндуме ўхваляецца рашэньне павялічыць колькасьць сямігадовых тэрмінаў, якія можа займаць адзін чалавек, з аднаго да двух. Такім чынам, калі Рахмон пераможа цяпер, ён будзе кіраваць краінай да 2020 году.

Эмамалі Шырыпавіч Рахмонаў цягам свайго кіраваньня натхніў таджыкаў на вяртаньне да этнічнай іменаслоўнай традыцыі: у 2006-м годзе ён стаў называцца проста Эмамалі Рахмон. Цяпер кіраўніку 61 год.

На апошніх выбарах паводле афіцыйнай статыстыкі Рахмон атрымаў 79,3 працэнта галасоў пры яўцы 90,9 працэнта. Адметнасьць сытуацыі яшчэ ў тым, што выбарчыя сьпісы могуць быць вельмі прыблізнымі, таму што больш як мільён таджыкаў знаходзіцца па-за межамі краіны ў працэсе працоўнай міграцыі. Місія АБСЭ ніколі не прызнавала выбары ў Таджыкістане свабоднымі і дэмакратычнымі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG