Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГП: АЭС можа будаваць толькі легітымная ўлада


Аб’яднаная грамадзянская партыя выступіла са зваротам з нагоды пачатку будоўлі Беларускай АЭС.

Учора Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 499 «Аб будаўніцтве Беларускай атамнай электрастанцыі».

Палітрада АГП выказвала глыбокую занепакоенасьць тым, што ўлады прынялі канчатковае рашэньне, якое дало старт будоўлі атамнай электрастанцыі ў Астравецкім раёне Беларусі, ігнаруючы меркаваньне большасьці жыхароў краіны.

«Прычым будоўлю плянуецца весьці паскоранымі тэмпамі, паводле праекту, не рэалізаванага яшчэ нідзе ў сьвеце, прынятага без правядзеньня тэндэру», — гаворыцца ў звароце АГП.

Партыя настойвае, што расейскае ЗАТ «Атомстройэкспорт» будуе АЭС без належнага ўзроўню прапрацоўкі як разьмяшчэньня станцыі менавіта на Астравецкай пляцоўцы, так і эканамічнага абгрунтаваньня дарагой будоўлі. Прычым у Беларусі дастатковая колькасьць генэрацыйных магутнасьцяў, — перакананая АГП.
Паводле АГП, увядзеньне ў строй Астравецкай атамнай станцыі толькі пагоршыць энэргетычную залежнасьць Беларусі ад Расеі.

«Экалягічнае абгрунтаваньне наагул не вытрымлівае ніякай крытыкі, бо прынята без уліку думкі незалежных экспэртаў і насуперак пажаданьням урадаў і насельніцтва суседніх краін».

Паводле АГП, увядзеньне ў строй Астравецкай атамнай станцыі толькі пагоршыць энэргетычную залежнасьць Беларусі ад Расеі.

«Выдаткі на будоўлю АЭС перавысяць выдаткі на мэдыцыну і пэнсійнае забесьпячэньне, а крэдыты, неабходныя для яе, значна пагоршаць і без таго крытычнае становішча ў эканоміцы.

Нават АЭС, якая нармальна працуе, выкідвае радыенукліды, што цалкам недапушчальна ў краіне, насельніцтва якой пацярпела ад глябальнай ядзернай катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе. Захоўваньне атамных адкідаў на тэрыторыі станцыі, непазьбежнае ў сілу тэхналягічных асаблівасьцяў яе працы, значна павялічвае рызыку паўтарэньня нацыянальнай трагедыі».
Палітрада АГП патрабуе неадкладна прыпыніць будоўлю Беларускай АЭС, правесьці сапраўдную працэдуру ацэнкі ўзьдзеяньня АЭС на навакольнае асяродзьдзе

Палітрада АГП патрабуе неадкладна прыпыніць будоўлю Беларускай АЭС, правесьці сапраўдную працэдуру ацэнкі ўзьдзеяньня АЭС на навакольнае асяродзьдзе з удзелам грамадзкасьці Беларусі і суседніх краін, распрацоўкі Дзяржаўнай праграмы бязьядзернага разьвіцьця краіны на аснове выкарыстаньня энэргазьберагальных тэхналёгіяў і разьвіцьця аднаўляльных крыніц энэргіі.

«Аб’яднаная грамадзянская партыя лічыць, што такія лёсавызначальныя для краіны рашэньні, якія тычацца здароўя і жыцьця мільёнаў грамадзян, можа прымаць толькі легітымная ўлада, якая абраная на сумленных, свабодных выбарах і знаходзіцца пад жорсткім грамадзкім, грамадзянскім і парлямэнцкім кантролем».
XS
SM
MD
LG