Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны запрасілі ў аргкамітэт 500-годзьдзя бітвы пад Воршай


Бітва пад Воршай. Карціна невядомага мастака

Бітва пад Воршай. Карціна невядомага мастака

Адбылося першае паседжаньне Аргкамітэту па падрыхтоўцы адзначэньня 500-годзьдзя слаўнай бітвы пад Воршай.

Да ініцыятывы далучыліся прадстаўнікі руху «За свабоду», Партыі БНФ, грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі», БХД, гісторыкі, мастакі, музыкі, грамадзкія дзеячы.

Ня выключана, што склад Аргкамітэту будзе пашыраны. 5 лістапада на першым паседжаньні было прынятае рашэньне даслаць запрашэньні далучыцца шэрагу арганізацыяў і асобаў.

Намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, які сёлета актыўна ўдзельнічаў у падрыхтоўцы да адзначэньня 150-годзьдзя вызвольнага паўстаньня 1863 году, кажа, што сярод іншага сябры аргкамітэту зьвернуцца ў шэраг дзяржаўных органаў, напрыклад, у Міністэрства абароны, а таксама да грамадзкасьці з просьбай далучыцца да адзначэньня 500-годзьдзя Аршанскай бітвы.

«Падчас абмеркаваньня звароту ў Міністэрства абароны сябры аргкамітэту спасылаліся на папярэдні досьвед, зьвязаны з угодкамі Грунвальдзкай бітвы, калі мастак Мікола Купава наведаў установу з прапановаю далучыцца і атрымаў адказ, што Міністэрства мае свой плян адзначэньня. Спадзяемся, што ў іх будзе свой плян і гэтым разам, на 500-годзьдзе бітвы пад Воршай. Таксама ў нашай праграме закладзена правядзеньне міжнароднай канфэрэнцыі з удзелам украінскага боку. Вядома, што ўкраінцы бралі ўдзел у бітве пад Воршай».
Усе разумеюць, што 500 гадоў у нашай гісторыі — гэта ўнікальная дата.

Кіраваць Аргкамітэтам будзе гісторык Анатоль Грыцкевіч. Цяпер ён не зусім здаровы, таму на першым паседжаньні прысутнічаць ня змог. Аднак у інтэрвію Радыё Свабода сказаў, што мае дакладнае ўяўленьне пра плян адзначэньня і гатовы ўзяць на сябе асноўную працу што да падрыхтоўкі гістарычных тэкстаў пра бітву на Крапівенскім полі:

Анатоль Грыцкевіч

Анатоль Грыцкевіч

«Па-першае, трэба будзе шмат малюнкаў надрукаваць у газэтах. Для гэтага будзем працаваць з мастакамі. Па-другое, таксама ў газэтах трэба будзе даць шэраг артыкулаў. Самае асноўнае па гэтым кірунку я магу ўзяць на сябе. Па-трэцяе, правесьці навукова-практычную канфэрэнцыю, падчас якой прагучала б цікавая інфармацыя, напрыклад, пра зброю, якая выкарыстоўвалася ў той бітве. Дый шмат ёсьць аспэктаў, пра якія ці не казалі, ці казалі вельмі мала. Асноўнае ў гэтым сьвяткаваньні адно — каб людзі не забыліся пра незалежнасьць».

Мікола Купава

Мікола Купава

Намесьнікамі Анатоля Грыцкевіча будуць мастак Мікола Купава, гісторык Алесь Краўцэвіч, аршанскі бард Андрэй Мельнікаў і грамадзкі дзеяч Алесь Жучкоў. Кожны зь іх будзе адказваць за свой кірунак у сьвяткаваньні перамогі на Крапівенскім полі — мастацкае афармленьне, гістарычны аспэкт, музычнае аздабленьне і сувязі з грамадзкасьцю.
На маю думку, сьвяткаваньне не павінна геаграфічна замыкацца на Воршы — гэта павінна быць агульнанацыянальнае сьвяткаваньне

Мікола Купава лічыць, што перашкодаў з боку ўладаў не павінна быць, тым больш што Аргкамітэт будзе запрашаць да ўдзелу і афіцыйных асобаў:

«Усе разумеюць, што 500 гадоў у нашай гісторыі — гэта ўнікальная дата. Ня так часта за чалавечае жыцьцё выпадаюць такія круглыя даты. Надыходзіць 2014 год, калі бітва пад Воршаю будзе адзначацца даволі шырока і ня толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах Усходняй Эўропы. Самае галоўнае, чым будзе займацца Аргкамітэт, — гэта выданьне таго што будзе напісана пад дату сьвяткаваньня, а таксама таго, што было ўжо напісана. Мы чакаем, што будзе магчымасьць бесьперашкодна наведваць Крапівенскае поле на працягу году. Будзем ладзіць там розныя мерапрыемствы, турыстычныя вандроўкі. А ўжо ў саму дату бітвы адбудзецца вялікі фэст на Крапівенскім полі.

На маю думку, сьвяткаваньне не павінна геаграфічна замыкацца на Воршы — гэта павінна быць агульнанацыянальнае сьвяткаваньне».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG