Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Палітуцекачу Панамарову пагражае 10 гадоў турмы за... падпал лецішчаў


Зьезд БНФ. Сяргей Панамароў

Зьезд БНФ. Сяргей Панамароў

У Польшчы беларускі палітуцякач Сяргей Панамароў узяты пад варту да 13 сьнежня. Яго абвінавачваюць у падпале лецішчаў.

У сярэдзіне верасьня раённы суд у польскім мястэчку Шчытна пастанавіў арыштаваць на два месяцы Сяргея Панамарова па падазрэньні ў падпале двух лецішчаў каля мястэчка Ядвабна. Адна з хатаў, якая належала грамадзяніну Беларусі, згарэла цалкам. Другая, якая належала паляку, згарэла часткова.

Затрыманы патлумачыў паліцыі, што ўладальнік аднаго зь лецішчаў не аддаў яму грошай.

Як распавёў «Белсату» пракурор Артур Харашэўскі са Шчытна, беларускаму апазыцыянэру пагражае да 10 гадоў зьняволеньня. Калі яго асудзяць, то могуць забраць від на жыхарства ў Польшчы.

Затрыманы прызнаўся ў злачынстве і папрасіў паведаміць пра сябе арганізацыям, якія зьвязаныя зь беларускай апазыцыяй. Паводле пракурора, у Панамарова вельмі дрэннае матэрыяльнае становішча і ён ня мае жытла.

Заснавальнік бюлетэня «Бойкі Клецк» Сяргей Панамароў у 2010 годзе ўцёк зь Беларусі, дзе яго абвінавацілі ў паклёпе на вэртыкальшчыкаў. Судзіцца зь ім зьбіраліся ажно пяць клецкіх чыноўнікаў, сярод якіх старшыня Клецкага райвыканкаму. У 2008 годзе за колькасьць заведзеных супраць яго крымінальных спраў Панамароў трапіў у кнігу «Расея: рэкорды і дасягненьні».

У 2011 годзе Панамароў атрымаў статус уцекача, а таксама від на часовае жыхарства ў Польшчы. У Варшаве яго сустрэлі прадстаўнікі фонду «Свабода і дэмакратыя» («Wolność i demokracja»).

Першы намесьнік руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч распавёў карэспандэнту Свабоды, што Сяргей Панамароў быў актывістам шэрагу арганізацыяў у Беларусі — спачатку Аб’яднанай грамадзянскай партыі, потым БНФ, руху «За свабоду», Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Юрась Губарэвіч

Юрась Губарэвіч

«Гэта актыўны чалавек, і калі ён быў у Беларусі, то вельмі шмат рабіў карысных спраў. Ён дэманстраваў адсутнасьць страху перад мясцовай уладай. Ён заснаваў выданьне „Бойкі Клецк“, дзе крытычна ставіўся да ініцыятываў клецкай вэртыкалі, выкрываў іхнія хібы, карупцыю. Ціск на яго зрабіўся даволі сур’ёзным, яму пагражала крымінальнае зьняволеньне, таму ён прыняў рашэньне зьехаць у Польшчу. На жаль, ад таго моманту ў нас не было асаблівых кантактаў, таму цяжка сказаць, што яго там скіравала на такія ўчынкі. Але калі ён прыняў рашэньне зьехаць, рух „За свабоду“ дапамагаў яму ў гэтым пытаньні. Мы разумелі, што існуе рэальная небясьпека для яго свабоды на тэрыторыі Беларусі. Таму зрабілі ўсё магчымае, каб ён уладкаваўся ў Польшчы».

Юрась Губарэвіч сказаў, што ў руху «За свабоду» будуць адсочваць справу, распачатую супраць Панамарова, каб ведаць падрабязнасьці.

«Пакуль няма падставаў выказваць сумневы ў нейкіх недэмакратычных працэдурах з боку польскага правасудзьдзя альбо пракуратуры. Магчыма, калі будзе больш інфармацыі, зробім нейкія высновы».

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў даведаўся пра затрыманьне Панамарова з публікацыяў СМІ.

Рыгор Кастусёў

Рыгор Кастусёў

«Пакуль складана сказаць, што там зь ім адбылося. Але як я раней яго ведаў, ён быў станоўчым, нармальным чалавекам. Але ён ужо даўно адарваўся ад нашай арганізацыі, ён зьехаў тры гады таму ў Польшчу, і пра яго лёс мне нічога невядома. Нават кантакту ў скайпе я зь ім ня маю і ня ведаю, што зь ім цяпер здарылася».

У Варшаве Сяргей Панамароў браў удзел у акцыях разам зь іншымі беларусамі. Напрыклад у пікетаваньні польскага МЗС у 2011 годзе з патрабаваньнем моцных эканамічных санкцыяў супраць рэжыму ў Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG