Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Андрэй Федарэнка: Данос стаў самым запатрабаваным жанрам


 Андрэй Федарэнка

Андрэй Федарэнка

Днямі на сталічнай плошчы імя Якуба Коласа запрацавала электронная бібліятэка, дзе пры жаданьні можна спампаваць кнігі беларускіх пісьменьнікаў.

Ці заменіць кніга электронная кнігу папяровую? У чым перавагі беларускай літаратуры перад расейскай? І чаму адным з самых запатрабаваных жанраў у стасунках творцаў з уладай у Беларусі стаў данос? Госьцем «Вольнай студыі» — пісьменьнік Андрэй Федарэнка.

— Андрэй, твая аповесьць «Шчарбаты талер» таксама даступная для чытачоў у той электроннай бібліятэцы на плошчы. Як ты пачуваесься ў адной кампаніі з прызнанымі клясыкамі — Купалам, Багдановічам, Быкавым?

— Мне было вельмі прыемна, калі патэлефанавала Кацярына Пікірэня і ветліва спыталася маёй згоды, назваўшы ўмовы. Сама па сабе ўвага да чалавека ўжо выклікае станоўчыя эмоцыі. Тым больш мы ўсе разумеем, што папяровая кніжка адыходзіць у шчасьлівае добрае мінулае. Будучыня — за электроннымі кнігамі. Праўда, я сам іх не чытаю. Для мяне дотык да паперы, пах кнігі ўжо ствараюць атмасфэру ўспрыняцьця. Я гляджу ў мэтро, на вуліцах, як маладыя людзі перагортваюць электронныя пляншэты, я так не магу. Мне трэба выпісаць зносачку, зрабіць пазнаку на палях... На мой век і папяровых кніг хопіць. Але рух наперад ня спыніш. Можна злавацца, можна не ўспрымаць гэта, але ёсьць так, як ёсьць. Электронная кніга ўсё роўна з часам выцісьне папяровую. Будуць кніжныя аматары-эстэты, як ёсьць, напрыклад, аматары цыгараў, якія зьбіраюцца ў сваіх клюбах. Вось так і кнігалюбы будуць зьбірацца, каб пагартаць папяровыя кніжкі, будуць плаціць за іх вялікія грошы. Але масавая кніга будзе, вядома ж, электроннай.

— Твая леташняя кніга «Сечка», якая пакуль існуе толькі ў папяровым варыянце, заканчваецца... даносам на аўтара. Камусьці не спадабалася тваё апавяданьне «Ўночы», надрукаванае ў часопісе «Маладосьць», і ён напісаў ліст куды трэба: «Это преднамеренное очернение и оскорбление всего народа, государства и Президента в том числе. Если автор враг, то почему он печатаеться в государственном журнале?». Якая гісторыя гэтага даносу?

— Я пісаў гэтую кніжку роўна 10 гадоў. Пачынаў пісаць вясёлым гуманістам, які
Але калі вакол майго імя закруціліся словы «Дзяржаўная прэмія», то адразу папаўзьлі наверх даносы
любіць людзей, а вымушаны быў спэцыяльна скончыць гэтым даносам. Справа ў тым, што ў 2009 годзе ўзьнікла сытуацыя зь Дзяржаўнай прэміяй, на якую мяне вылучылі (за кнігу «Нічые» — пра Слуцкае паўстаньне — М.С.), але якую я і не атрымліваў бы: кніжка, калі яна людзкая, не патрабуе ніякай падпоры — прэміі. Але калі вакол майго імя закруціліся словы «Дзяржаўная прэмія», то адразу папаўзьлі наверх даносы. Спачатку гэта было сьмешна, як пісаў Булгакаў, а потым не зусім сьмешна. Даносы ішлі ў адміністрацыю прэзыдэнта. А хто іх пісаў? Імёны мне нічога не гаварылі. Адкуль пісалі? Зь Віцебшчыны. Тых людзей я ніколі не шукаў, ды і навошта? А калі б знайшоў, дык што? Яны сказалі б: мы напісалі тое, што думаем.

— Але ад працытаванага тэксту адчувальна патыхае 37-м годам. Як да даносаў на цябе паставіліся твае калегі?

— Я тады працаваў у рэдакцыі часопіса «Маладосьць». Некаторыя перажывалі, хто і сьмяяўся. Усе схіліліся да думкі: паколькі цяпер літаратуры няма, а тое, што называецца літаратурай, — ёсьць пляцоўка барацьбы за выжываньне, то ўсё, што ні напішаш, можна як заўгодна інтэрпрэтаваць. Тут патыхае ня толькі 37-м годам. Тут яўная неадпаведнасьць. Апавяданьне «Ўночы» (там звычайны сюжэт — пра чалавека, які паехаў на рыбалку) не адпавядае той кары, якая патрабуецца для аўтара. Увогуле, як у цяперашні час можна ўявіць сабе нейкае апавяданьне, за якое аўтара трэба судзіць, бо ён зьняважыў народ і прэзыдэнта?! Я зьдзіўляюся, што не напісалі — «расстраляць».

— І якія вынікі таго даносу для цябе?

— Усё маё жыцьцё пакацілася пад адхон. Са стаўкі мяне перавялі на паўстаўкі, з паўстаўкі — на 0,25. Урэшце звольнілі без усялякіх прычынаў. Няўжо я такі кепскі рэдактар? Я працаваў рэдактарам з 1990-га — 23 гады. І, як мне падаецца, няблага працаваў. Мікалай Чаргінец на шаноўным Радыё Свабода казаў, што я да яго не падышоў, не пагаварыў... Я ня ведаю, колькі разоў у іх — праўда, не пэрсанальна ў Чаргінца, а ў яго акружэньня — прасіў знайсьці мне хоць якую працу, хоць якую шчыліну.

— Ты хацеў там застацца?

— Тады, можа, і застаўся б. А сёньня скажу адназначна: я сышоў бы нават тады, калі б мне знайшлі ня толькі працу, але і залатую карону.

— Атрымліваецца, што ў сёньняшняй сыстэме данос (нават ананімны) — дзейсны сродак для змаганьня зь непатрэбнымі супрацоўнікамі?

— Даносы сёньня заахвочваюцца. Можна сказаць, што гэта самы запатрабаваны жанр у Беларусі. Іх аўтарам, можа быць, нават плацяць. Гэта, вядома ж, дзіўна. Мне Сяргей Законнікаў і Алесь Жук расказвалі, што раней ананімныя даносы ніхто не ўспрымаў усур’ёз. Іх, не чытаючы, выкідвалі ў сьметніцу. Гэта ў лепшым выпадку, а то маглі аўтара вылічыць і па шапцы даць. А цяпер... Пасьля звальненьня я год быў бяз працы, і ніхто з Саюзу пісьменьнікаў Беларусі не пацікавіўся маім лёсам. І калі б я сто гадоў быў беспрацоўным, то і сто гадоў ніхто не пацікавіўся б, як я жыву, за што я хлеб купляю? Ён жа зь неба ня падае.

— Два месяцы таму ты выйшаў з прыўладнага Саюзу пісьменьнікаў і аднавіўся ў старым саюзе. Прычына — даносы і беспрацоўе?

— Ня толькі, хоць галоўнай маёй праблемай было, вядома ж, беспрацоўе. Падкрэсьлю, беспрацоўе сьвядома ўладкаванае, так сказаць, каб жыцьцё малінай не здавалася. Год яшчэ я быў у тым саюзе, хоць нічога мяне
А справа дзяржавы — пагладзіць пісьменьніка па галаве, падзякаваць яму, пакланіцца ў ногі нізка-нізка...
зь ім ня звязвала па адной простай прычыне. Ёсьць такі сайт litkritika.by — адзін з рупараў СПБ. Чым жа літаратары там займаюцца? Яны па-дылетанцку разьбіраюцца, што такое літаратура, ці варта ўвогуле пісьменьніку пісаць, ці патрэбен рэдактар, калі ёсьць кампутарныя рэдактары... Гэта дзіцячыя, ясельныя, школьныя праблемы. Калісьці Набокаў гаварыў: «Пісьменьнік загінуў, калі яго пачынаюць займаць пытаньні: у чым сэнс пісьменьніцкай дзейнасьці?» Пісьменьнік піша, як з душы льецца. А справа дзяржавы — пагладзіць пісьменьніка па галаве, падзякаваць яму, пакланіцца ў ногі нізка-нізка... Калі мы ўжо згадалі Набокава, то прывяду яшчэ адну цытату зь ягонага малавядомага інтэрвію. У яго запыталіся — якое ваша крэда? І Набокаў адказаў: «Хачу, каб партрэт кіраўніка дзяржавы ніколі не перавышаў памераў паштовай маркі». Кіраўнікі дзяржавы, нават самыя лепшыя, застаюцца на ўзроўні паштовай маркі! І многія прэзыдэнты гэта разумеюць. Калі Віктар Астаф’еў паміраў у сваёй Аўсянцы, Пуцін двойчы да яго зьездзіў. Двойчы! А прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь віншуе з 40-годзьдзем нейкага расейскага актора — удзельніка тэлесэрыялу...

— Днямі я перачытваў Юрыя Нагібіна — яго бліскучыя эсэ пра Хлебнікава, Мандэльштама, Зошчанку, і напаткаў у адным з эсэ такую фразу: «Паэт Н. займае першаступеннае месца ў расейскай, а значыць — і ў сусьветнай літаратуры». І мне падумалася, што гэта неблагі крытэр. Чаму ў нас на сваіх клясыкаў многія глядзяць як на трэці гатунак?

— Расейская літаратура — вялікая літаратура. Але яе росквіт застаўся ззаду — у XIX-м, у XX-м стагодзьдзях. Беларуская літаратура — маладая, у яе яшчэ ўсё
Расейская літаратура падмазвае румянамі шчокі і робіць плястычныя апэрацыі, а беларуская па-маладому квітнее
наперадзе. Яна нагадвае маладую дзяўчыну, якая квітнее. Расейская літаратура падмазвае румянамі шчокі і робіць плястычныя апэрацыі, а беларуская па-маладому квітнее. У яе столькі дыялектаў, столькі магчымасьцяў, такія квяцістыя мэтафары! Ёй ёсьць адкуль чэрпаць і браць. Увогуле, як паглядзець, малыя літаратуры цяпер на ўздыме, і за імі будучыня. Што да нашых клясыкаў... Калі б мяне ізалявалі, як Маўглі, ці проста ў камэру-адзіночку пасадзілі і дзесяць гадоў не давалі ніякай іншай літаратуры акрамя беларускай, то я змог бы стаць паўнавартасным чалавекам і ў літаратурным, і ў жыцьцёвым пляне. Я узяў бы зь беларускіх клясыкаў і неклясыкаў усё тое, што звычайна бярэцца з сусьветнай літаратуры.

— У сваіх эсэ (я, зноў жа, маю на ўвазе кнігу «Сечка») ты шмат увагі надаеш культуры мовы. На жаль, інтэрнэт сёньня нівэлюе і спрашчае мову. «На гэта рады няма» (як сказаў бы ў такім выпадку Ян Скрыган), ці ўсё ж нейкая рада ёсьць?

— Няма рады. Гэтага нівэляваньня і спрашчэньня ўжо ня спыніш. У ХХІ стагодзьдзі мова будзе іншай. Яна будзе ня коласаўскай, не скрыганоўскай, не федарэнкаўскай. Будзе нейкі канглямэрат, нейкае эспэранта. Добра гэта ці кепска — ня ведаю. Ведаю толькі, што піць прыемней крыштальную, крынічную ваду, а ня брудную, каламутную. Самому ж пісаць прыемней, калі мова чыстая, ня мешанка, сам як пісьменьнік атрымліваеш асалоду ад сваёй працы. А гэта ўжо маленькая зарука таго, што і чытачу перадасца часьцінка гэтага.

— Калі ты параўнаў мову з чыстай крынічнай вадой, мне прыгадаўся Іван Бунін. У свой час ён падараваў сьпеваку Фёдару Шаляпіну фота з надпісам (падам у арыгінале): «Милый Ваня, мой Бог свободен от цензуры, и я ликую!». Афіцыйна ў Беларусі цэнзуры няма, але як зьява яна мае месца. Хто сёньня зьяўляецца цэнзарам — галоўны рэдактар дзяржвыдавецтва, дзяржчасопіса, ці — сам пісьменьнік?

— Цэнзуры як такой сапраўды няма. Але яна ёсьць, і яшчэ больш вычварная, чым савецкая. Маўляў, пішыце, як хочаце, што хочаце, а мы будзем зьверху хіхікаць. Мы даем вам волю пісаць з матамі, пісаць па-беларуску агідна, пісаць мешанкай. У такі спосаб мы вам пакажам вашу «мову». Я б назваў гэта базарнай цэнзурай. Але засталася і звыклая цэнзура. Скажам, у дзяржвыданьне прыходзіць на працу малады рэдактар. Спачатку ён ходзіць гогалем, а пасьля сама атмасфэра пачынае так на яго ўплываць, што ён сам пачынае цэнзураваць тэксты — без усялякай каманды зьверху. Выкрэсьлівае на ўсякі выпадак — каб чаго ня выйшла: «А навошта я буду з гэтым зьвязвацца? Я пакіну, а нехта напіша на мяне ананімку, мяне звольняць з працы». Вось так і працуе гэтая сыстэма — не на абуджэньне творчых пачаткаў, а на абуджэньне пачаткаў рабскіх.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG