Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія самалёты парушаюць замежную паветраную прастору


У аўторак прэзыдэнт Калюмбіі Хуан Мануэль Сантас заявіў, што яго краіна накіроўвае Расеі ноту пратэсту ў сувязі з парушэньнем паветранай прасторы гэтай краіны двума расійскімі бамбавікамі далёкага дзеяньня.

Паводле паведамленьняў калюмбійскіх СМІ, два бамбавіка ТУ-160, якія накіроўваліся з Вэнэсуэлы ў Нікарагуа і назад, двойчы парушылі паветраную прастору Калюмбіі. Гэта адбылося ў мінулую пятніцу, але ўлады Калюмбіі апублікавалі гэтую інфармацыю толькі цяпер.

Паводле Хуана Мануэля Сантаса, калі бамбавікі вярталіся праз паветраную прастору Калюмбіі ў Вэнэсуэлу, для іх перахопу ў паветра былі паднятыя зьнішчальнікі калюмбійскіх ваенна-паветраных сілаў «Кфір» ізраільскай вытворчасьці.

Прэзыдэнт Калюмбіі адзначыў, што Расея павінна была зьвярнуцца да яго краіны з просьбай дазволіць пералёт ваенных самалётаў над яе тэрыторыяй.

28 кастрычніка Расія абвясьціла, што два звышгукавых бамбавіка зьдзейсьнілі трансатлянтычны пералёт у Вэнэсуэлу, каб прыняць удзел у ваенных вучэньнях. Бамбавікі ТУ-160 гэтага кляса здольныя несьці на борце ядзерныя боепрыпасы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG