Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падпісаны прэзыдэнцкі ўказ аб пачатку будоўлі атамнай электрастанцыі. Які эканамічны сэнс у рэалізацыі гэтага праекту? Як можа паўплываць на яго ажыцьцяўленьне цяжкая эканамічная сытуацыя ў краіне? Як будоўля АЭС адаб’ецца на эканамічных пэрспэктывах Беларусі?

Удзельнікі: намесьнік галоўнага рэдактара газэты «Белорусы и рынок» Ірына Крыловіч і эканаміст Сяргей Чалы.


Які эканамічны сэнс будоўлі АЭС?


Валер Карбалевіч: «Хоць АЭС ужо даўно будуецца, але фармальны старт яе будоўлі даў указ прэзыдэнта № 499 ад 2 лістапада. Цікава ва ўсёй гэтай гісторыі з АЭС тое, што ўлады так і не паспрабавалі растлумачыць насельніцтву, навошта Беларусі патрэбен гэты гістарычны праект. Развагі пра энэргетычную незалежнасьць выглядаюць дзіўна, бо якраз наадварот, з пабудовай АЭС гэтая залежнасьць ад Расеі шматкроць узрастае.

Асноўнае пярэчаньне супраць будоўлі АЭС грунтавалася на экалягічнай небясьпецы ад станцыі. Асноўнымі праціўнікамі былі эколягі. З эканамічнага гледзішча ніхто асабліва не пратэставаў. Таксама існуе канфлікт вакол гэтага пытаньня зь Літвой.

Таму пытаньне: у чым эканамічны ці, можа, палітычны, ці нейкі іншы сэнс узьвядзеньня ў Беларусі атамнай электрастанцыі? З улікам таго, што Беларусь атрымлівае ў параўнаньні з суседзямі танны газ. А пэрспэктывы экспарту электраэнэргіі вельмі цьмяныя. Невыпадкова Расея прыпыніла будаўніцтва Калінінградзкай АЭС».

Ірына Крыловіч: «Улада прымала рашэньне, сапраўды, ня раячыся ні з насельніцтвам, ні з экспэртамі. Дзесьці ў 2002 ці 2003 годзе Лукашэнка на адной з нарадаў казаў, што будаваць АЭС немэтазгодна. Рашэньне было прынята ў 2005 годзе, калі пачалі моцна расьці цэны на газ. Тады эканамічную мэтазгоднасьць будоўлі АЭС ацэньвалі, зыходзячы з цаны газу ў 400–500 даляраў за 1 тыс. куб. м. Сёньня ж цэны на газ для Беларусі значна ніжэйшыя. Таксама тады прагназаваўся інтэнсіўны рост валавога ўнутранага прадукту (ВУП), якога цяпер у Беларусі таксама няма. Таму сучаснай ацэнкі эканамічнай эфэктыўнасьці мы ня бачылі. Відавочна, што ўлада хоча атрымаць ад будоўлі АЭС палітычныя дывідэнды».

Сяргей Чалы: «Існуе некалькі чыньнікаў. Па-першае, сабекошт электраэнэргіі на АЭС у разы ніжэйшы, чым на цеплавой электрастанцыі (ЦЭС). На АЭС — 6 цэнтаў за кіляват-гадзіну, імпартуем электраэнэргію — па 10 цэнтаў, атрымліваем на ЦЭС — па 14 цэнтаў за кіляват-гадзіну.

Па-другое, 90–95% электраэнэргіі цяпер Беларусь атрымлівае на ЦЭС, якія працуюць на расейскім газе. Гэтыя станцыі старыя, пабудаваныя ў 1970-х гадах. Іх каэфіцыент карыснага дзеяньня (ККД) нізкі.

Існуе дакумэнт пад назвай „Стратэгія эканамічнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь на пэрыяд да 2015 году“. Зь яго вынікае, што магчымасьці альтэрнатыўных крыніц невялікія. Адзін з матываў будоўлі АЭС палягае ў тым, што гэтая станцыя дае магчымасьць паступова выводзіць ЦЭС і іх рэканструяваць. Каб потым зьнізіць спажываньне расейскага газу. Таму АЭС будзе садзейнічаць зьмяншэньню залежнасьці Беларусі ад расейскага газу.
АЭС будзе садзейнічаць зьмяншэньню залежнасьці Беларусі ад расейскага газу

Па-трэцяе, у зьвязку з закрыцьцём Ігналінскай АЭС у гэтым рэгіёне ўзьнік дэфіцыт энэргетычных магутнасьцяў. Таму будоўля Беларускай АЭС мае вялікі эканамічны сэнс.

Па-чацьвёртае, Расея фінансуе ня толькі АЭС, але і ўсю інфраструктуру. Беларусь атрымлівае ад Расеі валюты ў паўтара раза больш, чым трэба для будоўлі ўласна станцыі. АЭС каштуе 6 млрд даляраў, а Расея дае 9 млрд. Прычым гэты крэдыт — пад нізкі працэнт. Такой таннай пазыкі мы цяпер не атрымаем нідзе. Усё гэта будуць будаваць нашыя будаўнікі».

Крыловіч: «Нават улады кажуць пра зьніжэньне сабекошту электраэнэргіі ў выніку будоўлі АЭС толькі на 25%. Вы ж ня ўлічваеце кошт будоўлі самой АЭС. А лічыце сабекошт электраэнэргіі з ужо пабудаванай АЭС. У нашым выпадку ў сабекошт будзе ўключаны крэдыт, які трэба вяртаць.

Калі ўзяць тыя 10 млрд, якія выдзяляе Расея, і палічыць, як іх можна выкарыстаць па-іншаму — думаю, за гэтыя грошы можна было б аптымізаваць нашую энэргасыстэму больш эфэктыўна».


Як можа паўплываць на будоўлю АЭС цяжкая эканамічная сытуацыя?


Карбалевіч: «Трэба ўлічваць яшчэ падрыхтоўку кадраў для працы на АЭС, бо іх жа ў Беларусі няма. Трэба будзе плаціць замежным работнікам, якія будуць працаваць тут.

У зьвязку зь цяжкай эканамічнай сытуацыяй у краіне ўрад узяў курс на эканомію. Скарачаюцца выдаткі на ўсё. Абяцаюць рост камунальных тарыфаў. У гэтай сытуацыі было б лягічным замарозіць рэалізацыю такога ня вельмі актуальнага цяпер праекту, як АЭС, да лепшых часоў. А вось жа не. Чаму Лукашэнка так упарта трымаецца за гэтую АЭС?»

Чалы: «Дзякуючы расейскаму крэдыту Беларусь кампэнсуе дэфіцыт валютных паступленьняў. Гэта тыя 3 млрд даляраў на інфраструктуру, пра якія я казаў.

Плюс палітычны чыньнік. Гэта справа гонару прэзыдэнта — давесьці гэты праект да канца. Маўляў, пакіну нашчадкам краіну з АЭС».

Карбалевіч: «Але ж гэты расейскі крэдыт зьвязаны. Яго ж нельга накіраваць на папаўненьне золатавалютных рэзэрваў».
Большая частка гэтага крэдыту нават ня трапіць у Беларусь, а будзе пералічана расейскім кампаніям

Крыловіч: «Сапраўды, тут за ўсё плаціць Расея. Але нядаўна віцэ-прэм’ер Сямашка сказаў, што кошт АЭС — 8,5 млрд даляраў. Але ж большая частка інфраструктуры ўжо пабудаваная за беларускі кошт. Большая частка гэтага крэдыту нават ня трапіць у Беларусь, а будзе пералічана расейскім кампаніям, якія будуюць кампанэнты АЭС.

Увогуле гэтыя расейскія крэдыты на АЭС будуць пагаршаць нашыя парамэтры эканамічнай бясьпекі. Бо будзе павялічвацца вонкавы доўг. А зь іншага боку, будоўля АЭС будзе спрыяць росту ВУП, створыць новыя працоўныя месцы. Будуць новыя замовы, нейкія заводы будуць загружаныя. Увогуле, наш эканамічны крызіс ня зьявіцца той прычынай, якая адтэрмінуе будоўлю АЭС. Бо фінансуе Расея».


Ці павялічыць АЭС эканамічную незалежнасьць Беларусі?


Карбалевіч: «Якія наступствы будзе мець будоўля гэтай АЭС? Вось, сп. Чалы, вы сказалі, што будоўля АЭС павялічыць эканамічную незалежнасьць Беларусі. А ці ня выйдзе наадварот? Ці ня выйдзе, што на дадатак да нафтавай, газавай залежнасьці ад Расеі Беларусь трапіць яшчэ ў атамную і фінансавую залежнасьць ад РФ? Ці не пахавае АЭС беларускую эканоміку і беларускую незалежнасьць увогуле?»
Фінансавая прывязка да Расеі мацнейшая, чым энэргетычная

Чалы: «Думаю, усё ж АЭС зьмяншае эканамічную залежнасьць Беларусі ад Расеі. Бо будзе значна скарочана спажываньне расейскага газу. І гэта перакрывае кошт ядзернага паліва. Існуе тэарэтычная магчымасьць купляць ядзернае паліва не ў Расеі, а ў іншых краінах, напрыклад, ва Ўкраіне».

Крыловіч: «Сп. Чалы кажа пра тэарэтычную магчымасьць купляць ядзернае паліва ў іншых краінах. Але ёсьць юрыдычны дакумэнт, пагадненьне паміж Беларусьсю і Расеяй аб будоўлі АЭС. Там дакладна запісана, што Беларусь абавязваецца купляць паліва ў Расеі на ўвесь час функцыянаваньня АЭС. То бок на 60 гадоў.

Крэдыт у 10 млрд даляраў трэба будзе вяртаць. А вяртаць яго няма чым. Калі так, то наша АЭС стане расейскай. Фінансавая прывязка да Расеі мацнейшая, чым энэргетычная. Бо дзякуючы новым тэхналёгіям газавыя ЦЭС могуць быць перабудаваныя на іншы від паліва, напрыклад, на сланцавы газ. А вось перапрафіляваць АЭС практычна немагчыма. Можа, у гэтым і была мэтанакіраваная палітыка РФ, каб падсадзіць нас на АЭС, каб прывязаць да сябе».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG