Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 6 лістапада: Фэстываль «Лятучы стол Караткевіча», дзень памяці Пятра Чайкоўскага і Стэфаніі Станюты


Помнік Лінкальну ў Вашынгтоне
Помнік Лінкальну ў Вашынгтоне

Падзеі і даты сёньняшняга дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

Міжнародны дзень прадухіленьня эксплюатацыі навакольнага асяродзьдзя падчас вайны і ўзброеных канфліктаў.

Менск, у кнігарні «логвінаЎ» – адкрыцьцё фэстывалю «Лятучы стол Караткевіча». Аб сваім Караткевічу раскажуць: Адам Глобус, Уладзімер Арлоў, Кася Камоцкая, Анатоль Івашчанка, Антон Рудак. Вядзе Андрэй Хадановіч. Пачатак у 19.00.

Менск, у Палацы мастацтваў адбудзецца адкрыцьцё юбілейных выставаў Анатоля Жураўлёва, Мікалая Дундзіна і Генадзя Козела і выставы памяці Сяргея Цімохава.

У пасёлку Сьвіслач (Асіповіцкі раён Магілёўская вобласьці) адбудзецца сход мясцовых жыхароў супраць ліквідацыі Сьвіслацкага сельсавету. Пачатак у 15.00.

Масква, Маскоўскі гарадзкі суд разгледзіць апэляцыйную скаргу на завочны арышт гендырэктара «Уралкалія» Уладзіслава Баўмгертнэра.

ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1595 – Слуцак захоплены запароскімі казакамі атамана Севярына Налівайкі.

1842 – у Горы-Горацкай земляробчай школе заснаваны батанічны сад – адзін з самых старых у краіне.

1860 – Абрахам Лінкальн абраны прэзыдэнтам ЗША.

1945 – У Менску заснаваны матавелазавод.

1992 – Усталяваныя дыпляматычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Аргентынай.

У гэты дзень нарадзіліся:

1742 – Фабіян Саковіч, беларускі паэт, перакладчык, пэдагог.

1884 – Язэп Лёсік, пісьменьнік, грамадзкі дзяяч. Быў асуджаны за «антысавецкую агітацыю» і памёр у турме.

1887 – Радаслаў Астроўскі, удзельнік Слуцкага паўстаньня, прэзыдэнт Беларускай Цэнтральнай Рады ў часы нацысцкай акупацыі Беларусі.

1912 – Віктар Войтанка, беларускі грамадзкі дзяяч, лекар, сьвятар.

У гэты дзень памерлі:

1862 – Віктар Каліноўскі, беларускі археограф, брат Кастуся Каліноўскага.

1893 – Пётар Чайкоўскі, расейскі кампазытар.

1940 – Лявон Вітан-Дубейкаўскі, архітэктар, дзяяч беларускага нацыянальнага руху, паэт.

1980 – Станіслаў Станкевіч, літаратуразнаўца, дзяяч беларускай дыяспары ў ЗША.

2000 – Стэфанія Станюта, акторка.

ЦЫТАТА ДНЯ

Ніхто з нас ня можа сказаць, што нарадзіўся беларусінам, як родзяцца немцы, ангельцы, палякі, французы або тыя-ж расейцы. Кожны з нас, ужо вырасшы і навучыўшыся разважаць, павінен быў шукаць сваю нацыю, свайго месца ў сям’і народаў. Хіба ж мы ня чуем кругом таго, што чуў Майсей у пустыні ад жыдоўства? «Нашто ты выманіў нас з Эгіпту? Там мы мелі свае хаты, поўныя гаршкі мяса, і хлеба было ў нас даволі, а тут мы і дзеці нашыя мром сьмерцю галодных?» А ці ня чуем мы цяпер, як з усіх бакоў кажуць: «Нашто нам тая Беларусь? Нашто нам кідаць тое, да чаго мы прывыклі? Мы тут маем свае хаты, сталы прыпынак, а там – барацьба, змаганьне, сьмех і зьдзекі, фараоны з войскам на калясьніцах і цёмная невядомая будучына!..» Але, слухаючы гэта, мацней сьціскаецца посах у руках і мацней адчуваецца прыходная няўхільнасьць зямлі абяцанай.
Язэп Лёсік
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG