Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У маўзалей да Туркмэнбашы, пабачыцца з «настаўнікам»


Маўзалей Сапармурата Ніязава
Маўзалей Сапармурата Ніязава

Падчас афіцыйнага візыту ў Ашгабад Аляксандар Лукашэнка наведае маўзалей памерлага ў сьнежні 2006 году Туркмэнбашы, «Вечна Вялікага» Сапармурата Ніязава.

Тры гады таму кіраўнік Беларусі ўжо пабываў у радавым паселішчы «правадыра ўсіх туркмэнаў», дзе назваў Ніязава сваім «настаўнікам». Што прыцягвае Лукашэнку да памерлых дыктатараў, якія і пасьля сьмерці кіруюць сьвядомасьцю суайчыньнікаў?

Туркмэністан шмат гадоў ігнаруе афіцыйныя мерапрыемствы ў рамках СНД. Запачаткаваў адмоўніцкую традыцыю яшчэ Сапармурат Ніязаў, а падхапіў Гурбангулы Бэрдымухамэдаў. Нягледзячы на гэта, лідэры краінаў садружнасьці моўчкі глытаюць непрыхаваную пагарду і па чарзе скіроўваюцца ў Ашгабад, спадзеючыся на доступ да тамтэйшых рэсурсаў.

У 2009 годзе Аляксандар Лукашэнка ўпершыню прыехаў да пампэзнага ніязаўскага нэкропалю. Там ён заявіў, што Сапармурат Атаевіч шмат чаму навучыў яго, яшчэ маладога палітыка — жыцьцёвай мудрасьці, чуламу стаўленьню да свайго народа: «Туркмэнскаму народу зь першым нацыянальным лідэрам пашчасьціла: ён заклаў надзейны падмурак для будаўніцтва эпохі вялікага адраджэньня Туркмэністану».

Адметна, што жалобны комплекс у Кіпчаку, што за паўтара дзясятка кілямэтраў ад Ашгабаду, заклалі яшчэ пры жыцьці Ніязава. Ён асабіста загадаў узьвесьці тут мячэт «Туркмэнбашы Рухы» — самы вялікі ў краіне. Побач збудавалі маўзалей зь некалькімі саркафагамі: там пахаваныя бацька і маці Туркмэнбашы, ягоныя браты. Пры канцы 2006-га да сям’і далучыўся і ён сам.

Чым выкліканы інтарэс Лукашэнкі да Ніязава, які ўжо сем гадоў як пакінуў гэты сьвет? Кароткае бачаньне сытуацыі — ад блогера Яўгена Ліпковіча:

Яўген Ліпковіч
Яўген Ліпковіч
«Прычына, зразумела, у вядомым выказваньні — як той казаў, усе там будзем. Прычым і просты люд, і прэзыдэнты, тут усе роўныя. А паколькі ў Лукашэнкі ўсё ніяк не атрымліваецца ў маскоўскі маўзалей раскладанку паставіць, то ён, відаць, спрабуе хоць дзе ўціснуцца. Чаму б у такім разе не паспрабаваць праманіторыць, як там і што ў Туркмэнбашы? А калі сур’ёзна, нечага іншага ў гэтай сытуацыі сказаць проста немагчыма, бо гэта ўсё на мяжы абсурду».

Нягледзячы на бязьмежную ўладу туркмэнскага дыктатара, які сам ухваляў велічныя скульптуры з золата ў свой гонар, тэстамэнту з патрабаваньнем выставіць яго цела пасьля сьмерці ў шкляной труне ніхто ня бачыў. Зрэшты, як мяркуе туркмэнскі дысыдэнт Чары Анамурадаў, Ніязаў яўна не зьбіраўся паміраць у 66 гадоў, таму адкладаў такія справы на будучыню. Аднак выглядае, што апошні месяц ягоны стан проста хавалі ад народа:

«Яшчэ на пачатку сьнежня 2006 году Ніязаў правёў некалькі паседжаньняў, і па тэлевізары ўсім паказвалі, што ён, як заўсёды, у выдатнай форме. Праўда, ужо тады ад „шпіёнаў“ паступалі зьвесткі, што нават падчас афіцыйных нарадаў ён некалькі разоў траціў прытомнасьць. Але тагачасны міністар аховы здароўя Бэрдымухамэдаў, цяперашні прэзыдэнт Туркмэністану, зрабіў усё, каб у народа не было ніякіх падазрэньняў наконт нямогласьці Ніязава. То бок узяў сытуацыю пад поўны кантроль. Пасьля гэтага да Ніязава нікога староньняга папросту ўжо не дапускалі. І, як кажуць, апошняе паседжаньне 13 сьнежня ён правёў, як той казаў, на апошнім здыханьні. Спрабавалі нейкім чынам уратаваць, але, відаць, запозна схамянуліся. Цяпер ён у маўзалеі».

Асаблівы размах традыцыя выстаўленьня мёртвых на паказ публіцы набыла ў мінулым стагодзьдзі. Найперш гэта тычыцца ўвекавечваньня лідэраў у таталітарных дзяржавах. Падчас параду сувэрэнітэтаў некаторыя прасавецкія кіраўнікі кампартыяў са сваіх маўзалеяў былі досыць брутальна вынесеныя, але многія ляжаць там дагэтуль.

Узор «даўгавечнасьці» — Уладзімер Ульянаў-Ленін. У 2014-м будзе 90 гадоў, як яго месцам прыпіскі застаецца маўзалей у цэнтры Масквы. На непрацяглы час у 1953-м да яго падсялілі Ёсіфа Сталіна-Джугашвілі, але пасьля разьвянчаньня культу апошні мусіў тэрмінова перабрацца пад крамлёўскую сьцяну.
Маўзалей на Краснай плошчы ў Маскве, 1953 год
Маўзалей на Краснай плошчы ў Маскве, 1953 год

Пры канцы 1930-х у маўзалей «Аныткабір» быў зьмешчаны турэцкі лідэр Мустафа Кемаль Атацюрк. Адрозна ад Леніна, доступ да Атацюрка маюць толькі вышэйшыя дзяржаўныя асобы.

Ад 1949 году і да моманту зьвяржэньня прамаскоўскага рэжыму ў 1990-м у Баўгарыі кожны ахвотны мог зірнуць на мясцовага камуніста № 1 Георгія Дзімітрава. Пасьля грамадзкасьць запатрабавала пахаваць яго.

У 1952 годзе ў Маскве быў забальзамаваны памерлы мангольскі лідэр Харлагійн Чойбалсан. Як і Ніязаў, маўзалей сабе ён збудаваў яшчэ пры жыцьці, аднак ягоны наступнік Юмжагійн Цэдэнбал загадаў падзахаваць Чoйбалсана ў склеп да правадыра мангольскай рэвалюцыі Сухэ-Батара.

У 1953-м улады Чэхаславаччыны прынялі рашэньне забальзамаваць галоўнага партыйца Клемэнта Готвальда. Аднак на пачатку 1960-х з прычыны няякаснай працы цела пачало раскладацца. Урэшце, на тле змаганьня з культам асобы маўзалей закрылі, а Готвальда крэміравалі.
Маўзалей Атацюрка ў Анкары
Маўзалей Атацюрка ў Анкары

У 1969 годзе да крамлёўскіх лекараў паступіла яшчэ адна замова — захаваць для нашчадкаў віетнамскага лідэра Хо Шы Міна. Падчас вайны з амэрыканцамі цела хавалі па розных яўках, стацыянарны маўзалей адкрыўся ў 1975 годзе.

Пасьля гэтага звычай публічна выстаўляць на агляд трупы дзяржаўных дзеячаў перакідваецца на іншыя краіны Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амэрыкі. У 1976-м прытулак у маўзалеі атрымаў вялікі кітайскі «кормчы» Мао Цзэдун. Дарэчы, як адзначаюць назіральнікі, «пагада» Мао архітэктурна нагадвае Палац незалежнасьці ў Менску, які днямі адкрыў Аляксандар Лукашэнка.

Пачынаючы ад 1979-га раз на год адчыняўся для агульнага наведваньня маўзалей ангольскага лідэра Антоніу Агашцінью Нэту. Аднак у 1992-м цела перазахавалі на просьбу сваякоў. У Тунісе яшчэ паўстагодзьдзя таму быў збудаваны маўзалей для сям’і Хабіба Бургібы, які цягам трох дзясяткаў гадоў — ад 1957-га да 1987-га — быў прэзыдэнтам краіны. Памёр ён у 2000 годзе, маючы 96 гадоў. Пахавалі яго ў саркафагу.

У 1985-м расейскія адмыслоўцы забальзамавалі памерлага кіраўніка Гаяны Ліндана Форбса Бёрнхэма, але пад ціскам ЗША цела было замуравана ў капсуле. Ня мела плёну спроба выставіць на паказ яшчэ аднаго паўднёваамэрыканскага палітыка — прэзыдэнта Вэнэсуэлы Уга Чавэса, які сканаў ад раку сёлета. Пакуль прыхільнікі камандантэ цэлы дзень насілі труну зь целам куміра па Каракасе, пачаліся незваротныя працэсы, і ад экспанаваньня давялося адмовіцца.

Яшчэ адзін сямейны маўзалей, апроч ніязаўскага, месьціцца ў Паўночнай Карэі. У 1994 годзе для паўночных карэйцаў увялі абавязак наведваць Кымсуанскі мэмарыяльны палац у Пхэньяне, дзе ляжыць Вялікі правадыр Кім Ір Сэн. У 2011-м да яго дадаўся спадкаемца-сын — Вялікі кіраўнік Кім Чэн Ір. Жалоба карэйцаў аўтаматычна падвоілася.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG