Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казахстан і Беларусь: моўныя пакуты чыноўнікаў


Дырэктар казаскай службы радыё Свабода Едыге Магаўін

Дырэктар казаскай службы радыё Свабода Едыге Магаўін

Дырэктар казаскай службы радыё Свабода Едыге Магаўін расказаў пра стан нацыянальнай мовы ў Казахстане. У моўнай сытуацыі ў партнэраў па Мытным зьвязе ёсьць і агульнае, і адрознае.

У якой ступені карыстаюцца казаскай мовай улады Казахстану — чыноўнікі ў публічных прамовах, дэпутаты парлямэнту?

Па традыцыі, якая цягнецца яшчэ ад савецкага часу, улада дагэтуль застаецца расейскамоўнай. Пры гэтым ёсьць элемэнты, калі ўлада спрабуе размаўляць па-казаску. Можна прыгадаць кур’ёзныя моманты ў першыя гады незалежнасьці — прэзыдэнт Назарбаеў, як і ўсе чыноўнікі, якія рабілі кар’еру ў савецкі час, больш камфортна сябе адчувае, гаворачы па-расейску — і вось ён гаварыў для аўдыторыі адны рэчы па-расейску, але пры гэтым даваў нейкія тлумачэньні па-казаску, якія тычыліся толькі карэннага насельніцтва. Гэта можа не адразу, але заўважыла расейскамоўная прэса, і Назарбаеў адмовіўся ад такой звычкі.

Цяпер улада часам робіць розныя пасланьні да казаскамоўных і расейскамоўных незалежна ад мовы, на якой гэта робіцца. Пры гэтым шмат якія чыноўнікі не хаваюць, што ім камфортней размаўляць па-расейску, хоць яны пераважна выхадцы з казаскіх аулаў, і казаская мова ў іх вельмі добрая. Нядаўна я браў інтэрвію у пасла Казахстану ў адной з краінаў, і той — выхадзец з сельскай мясцовасьці, які цудоўна гаворыць па-казаску — папрасіў непасрэдна інтэрвію даваць па-расейску, каб быць упэўненым, як ён сказаў, што ён кажа рэчы правільнай мовай.

Прыблізна такая ж сытуацыя і ў парлямэнце. Там ёсьць невялікая група дэпутатаў, якія прынцыпова размаўляюць толькі па-казаску. Але асноўная маса дэпутатаў, хоць яны і дзьвюхмоўныя, больш камфортна сябе адчуваюць, калі гавораць па-расейску.

А на якой мове прэзыдэнт Назарбаеў зьвяртаецца да народу ў прамовах?

Цяпер традыцыя такая: Прамова пачынаецца па-казаску — першыя пару абзацаў, першая думка — далей ён пераходзіць на расейскую і практычна да канца прамаўляе па-расейску. І толькі ў канцы, падводзячы вынікі, ён вяртаецца да казаскай мовы. Гэта стандартная формула, якую Назарбаеў выкарыстоўвае ўжо вельмі доўгі час.

А як мяняюцца за апошнія гады пазыцыі казаскай мовы ў сыстэме адукацыі — казаская мова губляе ці набывае ўплыў?

Дэмаграфія адыгрывае сваю ролю, і роля казаскай мовы ў грамадзтве безумоўна расьце. Калі нават проста зазірнуць у школы і ўнівэрсытэты, то можна адразу пабачыць, што працэнт казаскамоўнага насельніцтва ўплывае на мову выкладаньня ў школах і ўнівэрсытэтах. Я не назаву канкрэтныя лічбы па сыстэме адукацыі, але суадносіны насельніцтва ў Казахстане цяпер такія — прыкладна дзьве траціны этнічных казахаў і адна траціна прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў. У асноўным гэта расейцы, але ёсьць і беларусы, украінцы, татары, узбэкі, карэйцы. Усе яны пераважна расейскамоўныя.

Тым ня менш, з боку ўраду ёсьць намаганьні, каб павялічыць ролю казаскай мовы і сярод неказаскага насельніцтва. Мы бачым на экранах тэлебачаньня тое, чаго раней не было — прадстаўнікі нетытульнай нацыянальнасьці размаўляюць па-казаску. Мы нядаўна рабілі інтэрвію з этнічным расейцам, які жыў ў сельскай мясцовасьці, добра вывучыў казаскую мову і пазьней зрабіўся даволі папулярным тэлевядоўцам на адным зь мясцовых каналаў.

А які ўвогуле моўны балянс у сродках масавай інфармацыі — у дзяржаўных і прыватных? І другі момант — які гэты балянс у папулярнай культуры? На якую мову, напрыклад, дублююцца галівудзкія фільмы на казаскім тэлебачаньні?

Безумоўна, расейская мова пераважае. Але ёсьць закон, які абавязвае ўсе сродкі масавай інфармацыі, незалежна ад формы ўласнасьці, мець прынамсі палову зьместу на казаскай мове. Іншае пытаньне, наколькі гэта выконваецца. Адзін час тэлеканалы не выкарыстоўвалі казаскую мову ў прайм-тайм, калі найбольш гледачоў, а ўключалі праграмы па-казаску — пераважна нейкія перакладзеныя турэцкія ці лацінаамэрыканскія сэрыялы — у начны час. Парлямэнту давялося рабіць дадатковыя правілы, каб такія ж суадносіны былі і ў прайм-тайм. Цяпер і замежныя, і айчынныя сэрыялы ідуць і па-казаску, і па-расейску.

Ці зьмяніліся неяк у сувязі з Мытным саюзам з Расеяй патрабаваньні па маркіроўцы тавараў на казаскай мове? Бо цяпер жа няма мытнага кантролю на мяжы, і, магчыма, гэта цяжэй адсачыць?

Гэтае патрабаваньне існавала заўсёды і яно тычыцца тавараў ня толькі з Расеі. Я памятаю, што яшчэ ў 1995 годзе, купляючы тут у Чэхіі пампэрсы ці пральны парашок, мы знаходзілі надпісы па-казаску, бо гэтыя тавары прадаваліся і ў Казахстан. Існуе закон, паводле якога ўсё, што прадаецца ў Казахстане, павінна быць на казаскай мове. І, наколькі я ведаю, усё так і ёсьць. Калі гандляр будзе нешта прадаваць без маркіроўкі на казаскай, яго аштрафуюць, бо гэта будзе парушэньне закону.
XS
SM
MD
LG