Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сьвятое балота» хочуць зьнішчыць. Мясцовыя жыхары — супраць


Дзеля інтарэсаў торфабрыкетнага заводу ў Верцялішках Гарадзенскага раёну ўлады распрацавалі пляны торфараспрацоўкі 250 гектараў ляндшафтнага заказьніка «Азёры».

Эколягі і грамадзкасьць лічаць, што гэта можа спарадзіць незваротныя экалягічныя наступствы, і выступаюць супраць падобных плянаў.

Праект наконт зьмены межаў ляндшафтнага заказьніка «Азёры» энэргетыкі і эколягі ня могуць узгадніць яшчэ зь вясны. Энэргетыкі настойваюць, каб дзеля працягу працы торфабрыкетнага заводу ў Верцялішках аддаць пад распрацоўку яшчэ 250 гектараў заказьніка. Гэтае месца называецца Сьвятое балота.

Прадстаўнікі «Белпалівагазу» выказалі свае аргумэнты падчас грамадзкіх слуханьняў пра гэтую праблему, якія адбыліся ў вёсцы Азёры: на мадэрнізацыю заводу ўжо былі затрачаныя 47,5 млрд рублёў з 2008 па 2012 гады і 21 мільярд яшчэ ў плянах патраціць. І гэтыя затраты, маўляў, ня могуць быць марнымі, бо яны забясьпечаць працу 160 работнікам на 20 гадоў.



Дырэктарам ляндшафтнага заказьніка «Азёры» Зьмітром Марозікам зьвяртае ўвагу, што ў выніку торфараспрацовак, якія вядуцца з 1959 году, у некаторых азёрах ужо значна паменела вады.

Марозік пераконвае, што торфараспрацоўкі на месцы Сьвятога балота прывядуць ня толькі да яго асушэньня: будзе зьнішчана флёра і фаўна, азёры будуць паступова высыхаць, заільвацца і зарастаць.

«Таксама на гэтай тэрыторыі шмат расьлін, якія занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі, і яны могуць зьнікнуць. Вялікі ўплыў зробіць мэліярацыя і на тры азёры побач з торфараспрацоўкамі: Шчупаковае, Глінец і Доўгае. Яны папросту могуць абмялець. А калі глядзець у больш глябальным маштабе, то гэта пацягне за сабою зьмену найперш мясцовага клімату, бо роля балотаў у станаўленьні клімату вельмі значная».

Гарадзенскі эколяг, выкладчык унівэрсытэту імя Янкі Купалы Зьміцер Вінчэўскі заяўляе, што дзеля ўмоўных эканамічных мэтаў парушаецца прыродаахоўнае заканадаўства. Як навуковец ён канстатуе, што ў беларускім клімаце торф расьце ўсяго на 1 мілімэтар за год, і таму, калі нават пачаць узнаўляць гэтую экасыстэму, то 50 сантымэтраў торфу там будзе толькі праз 500 гадоў.

«А каб гэтую сыстэму ўзнавіць, каб яна стала такой, як сёньня, на гэта спатрэбіцца мінімум 5 тысяч гадоў. Таму казаць, што мы яе зараз выпрацуем, а потым адновім, — гэта папросту несур’ёзна. Самыя старыя выпрацаваныя тарфянікі ў Заходняй Эўропе аднаўляюцца апошнія 100 гадоў, і там дагэтуль няма ўсіх тых відаў нават расьлін, ня кажучы пра жывёл, якія там былі, калі гэтыя балоты існавалі»,— кажа Зьміцер Вінчэўскі.



Тым часам на торфабрыкетным заводзе у Верцялішках поўная цішыня. Вартаўніца сказала, што вядзецца рэканструкцыя прадпрыемства. Дырэктар размаўляць на тэму рэканструкцыі прадпрыемства і распрацовак торфу ў заказьніку адмовіўся. Адно зазначыў, што на прадпрыемстве працуюць больш за 160 чалавек, і ён за іх адчувае адказнасьць.

Мясцовыя жыхары, якія жывуць побач з торфабрыкетным, распавядаюць, што завод — стратнае прадпрыемства, заробкі невысокія, а экалягічныя нормы тут ніколі не вытрымліваліся:

«Каб вы пабачылі, як яны зьбіраюць торф — гэта жах. Там чалавека не відаць, усе чорныя, як мурыны, і ўсё ж гэта ўдыхаецца лёгкімі, а ніякага рэсьпіратара, нічога няма. Калі вецер паверне з брыкетнага да нас, то ўсё чорнае навокал: бялізна, якую сушыць вывешваем — уся чорная, на вокнах гэтая пылата пастаянна і ў кватэрах. А тут яшчэ вецер пастаянна заходні і дзьме на Верцялішкі, а фільтраў ніякіх у іх няма...»

Жыхары Азёраў вельмі балюча ўспрынялі праблему Сьвятога балота. У грамадзкіх слуханьнях узялі ўдзел каля 200 чалавек, пераважная большасьць зь іх — якраз жыхары мясцовых вёсак. Яны баяцца, што ў іх будуць вялікія праблемы з вадою.

Большасьць мясцовых жыхароў на слуханьнях адназначна выступіла за тое, каб захаваць Сьвятое балота.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG