Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве судзяць былога гомельскага мэра Піліпца


Віктар Піліпец

Віктар Піліпец

Магілёўскі абласны суд разглядае крымінальную справу супраць былога старшыні Гомельскага гарвыканкаму Віктара Піліпца.

Яго вінавацяць у злоўжываньні службовым становішчам пры разьмеркаваньні кватэраў.

У статусе абвінавачаных па справе праходзяць чацьвёра службоўцаў з гомельскай управы капітальнага будаўніцтва. Судовы працэс праходзіць пад старшынствам судзьдзі Сяргея Конева. Дзяржаўнае абвінавачваньне прадстаўляе Дзяніс Кічыгін.

Віктар Піліпец і супрацоўніца ўправы капітальнага будаўніцтва Ала Нізкоўская ў залі суду знаходзяцца на закратаванай лаве падсудных. Яны сябе вінаватымі не прызнаюць. 5 лістапада суд не задаволіў хадайніцтва іхніх адвакатаў пра зьмяненьне меры стрыманьня.

Яшчэ трое абвінавачаных супрацоўнікаў управы — Ігар Адарчанка, Валер Барысевіч, Антаніна Зелянок — знаходзяцца ў судовай залі. Яны таксама віны не прызнаюць.

З абвінавачаньня вынікае, што службоўцы дзеля карысьлівых інтарэсаў арганізавалі злачынны мэханізм — пазьбягаючы нарматыўных перашкодаў, разьмяркоўвалі кватэры між сваякамі і знаёмымі па заніжаных коштах. У матэрыялах справы фігуруюць 27 кватэраў. Іх прадавалі па цэнах, якія былі на момант прыёму ў эксплюатацыю, а не па рынкавых. Розьніца між цаной продажу і рынкавай, як гаворыцца ў абвінавачаньні, склала больш за 3 мільярды 652 мільёны рублёў. Кватэры павінны былі выдзяляцца людзям, якія жывуць у дамах пад знос ці непрыдатных для пражываньня.

У абвінавачаньні гаворыцца, што сам Віктар Піліпец зьбіраўся набыць па заніжаных коштах 4 кватэры — дзьве для сябе і дзьве для дачкі.
XS
SM
MD
LG