Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускай мове ў Мытным саюзе горш, чым казаскай


Глыбоцкі малочнакансэрвавы камбінат пастаўляе на беларускі рынак малако ў пакунках з надпісамі на расейскай і казаскай мове. Інфармацыі па-беларуску там няма. Такім чынам, дзякуючы Мытнаму саюзу, беларусы вывучаюць казаскую мову.

Малочныя тавары з казаскімі надпісамі можна купіць і ў самім Глыбокім, і ў іншых рэгіёнах Беларусі.

У маркетынгавым аддзеле Глыбоцкага малочнакансэрвавага камбінату Свабодзе паведамілі, што нараканьняў з боку беларускіх пакупнікоў што да надпісаў на этыкетках ніколі не паступала, а казаскую мову патлумачылі тым, што асноўная частка прадукцыі ідзе на экспарт:

«Інфармацыя на некаторых пакунках напісаная на дзьвюх мовах — расейскай і казаскай. Калі вы пабачылі надпіс на казаскай мове, то проста пакунак няўдала стаяў — зь іншага боку абавязкова ёсьць надпіс па-расейску. Пакункаў толькі з казаскай мовай няма.

Справа ў тым, што ў нас ёсьць прадстаўніцтвы ў Расеі і Казахстане, дзе рэалізуецца асноўная частка прадукцыі. Таму выкарыстоўваюцца адпаведныя мовы. Згушчонка варыцца рэдка і вялікімі аб’ёмамі, таму складана спрагназаваць, якую канкрэтна колькасьць будзем экспартаваць. Таму трэба клеіць адну этыкетку — тую, якая адпавядае найбольшаму рэгіёну збыту. Выходзіць, што тут, у Беларусі, мы прадаём малако з той жа самай этыкеткай — на расейскай і казаскай мовах. Тая прадукцыя, якая не экспартуецца, мае надпісы па-расейску і па-беларуску».

Між тым нават у цэнтральным супэрмаркеце «Родны кут» у цэнтры Глыбокага няма малака ці згушчонкі зь беларускімі надпісамі — толькі з расейскімі і казаскімі.

Журналіст Глеб Лабадзенка, які ўжо ня першы год вядзе кампанію змаганьня за беларускую мову на таварах, кажа, што на запыты пра выкарыстаньне беларускай мовы з прадпрыемстваў ня раз прыходзілі адказы са спасылкай на Закон аб мове і на Мытны саюз.

Лабадзенка прапанаваў галасаваць рублём і байкатаваць глыбоцкую згушчонку, а набываць замест яе рагачоўскую, якая мае надпісы па-беларуску:

Глеб Лабадзенка
Глеб Лабадзенка
«Гэтая згушчонка з казаскай мовай ужо шмат гадоў прадаецца, у тым ліку ў Менску. Адказы пра тое, што прадукцыя экспартуецца за мяжу, вельмі часта прыходзяць з розных прадпрыемстваў на запыты пра выкарыстаньне беларускай мовы. Прадпрыемствы кажуць, што гэта адпавядае правілам тых краінаў, у якія ідзе экспарт. Застаецца толькі падумаць, чаму ў нашай краіне няма правіла, паводле якога надпісы павінны быць не па-казаску, а па-беларуску. У любым выпадку можна набываць рагачоўскую згушчонку, ці, калі хочацца глыбоцкай, такі яе гатунак, які не экспартуецца і мае надпісы па-беларуску. Я б заклікаў ня проста моўчкі купіць, але пасьля яшчэ і напісаць ліст з падзякаю.

Самае непрыемнае, што прадпрыемствы нічога не парушаюць, дзякуючы прыкраму моманту ў законе, у якім напісана, што этыкетка павінна быць на беларускай або расейскай мове. Вось гэтае „або“ і пераходзіць нам дарогу па ўсіх кірунках. Калі б было напісана „на беларускай і расейскай мове“, тады б мы мелі зусім іншую сытуацыю і маглі б патрабаваць ад прадпрыемстваў выкарыстаньня беларускай мовы. Тыя прадпрыемствы, на якія я зьвяртаўся, апэлююць да Мытнага саюзу, калі кажуць, што пастаўляюць сваю прадукцыю ў Расею і Казахстан. Вядома, Мытны саюз у адказах з прадпрыемстваў добра ў вочы кідаецца».

А вось старшыня Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны Алег Трусаў бачыць пазытыўны момант у тым, што Беларусь актыўна гандлюе ў межах Мытнага саюзу, таму што расейскія і казаскія тавары, якія імпартуюцца ў Беларусь, маюць надпісы па-беларуску:

Алег Трусаў
Алег Трусаў
«Дзякуй богу, што зьявілася казаская мова. Таму што нам трэба з казахаў браць прыклад, бо ў іх расейская мова мае толькі статус афіцыйнай, а дзяржаўная мова адна — казаская. Закон пра мову ў Казахстане нашмат лепшы, чым у нас. Напрыклад, там напісана, што ўсе сродкі масавай інфармацыі мінімум 50 працэнтаў матэрыялаў мусяць друкаваць па-казаску. Больш за тое, да нас часта прыходзяць тавары з Расеі і Казахстану, на ўпакоўцы якіх ёсьць інфармацыя па-беларуску. Няхай з памылкамі, але ўсё ж. Асабліва гэта тычыцца тавараў са Смаленску. Яны ведаюць, што экспартуюць у Беларусь і пішуць па-беларуску, таму што ў іх няма на гэты конт комплексу, для іх гэта такая ж мова, як і любая іншая».

Артыкул пра стаўленьне да нацыянальнай мовы ў Казахстане чытайце пазьней на нашым сайце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG