Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дамы для супрацоўнікаў сьвінафэрмы Чыжа будуюць на касьцях ахвяраў Галакосту


Рыгор Каржанеўскі паказвае, дзе расстралялі габрэяў

Рыгор Каржанеўскі паказвае, дзе расстралялі габрэяў

У Валожыне на старым вайсковым стадыёне, дзе ў 1941 годзе расстралялі сотні мясцовых габрэяў, «Трайпл» будуе шматкватэрныя дамы.

Галоўны архітэктар Валожынскага раёна Тацьцяна Чупрыс распавяла, што замоўнікамі будаўніцтва комплексу жылых дамоў сталі фірмы «Дан Прод» і «Трайпл».

72 кватэры будуць здадзеныя для супрацоўнікаў аграпрадпрыемства СТАА «Дан Прод», якое будуецца каля вёскі Даўгулёўка. А яшчэ 72 («паводле ўказу прэзыдэнта» — як кажа галоўны архітэктар) пабудуюць для мясцовых вайскоўцаў.

Нагадаем, што ТАА"Трайпл" сярод 18 іншых кампаній Юрыя Чыжа знаходзіцца пад санкцыямі Эўрапейскага зьвязу, а самому Чыжу забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу з-за «фінансавай падтрымкі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі» у тым ліку праз пасярэдніцтва гэтай кампаніі.

Земляныя працы на месцы новабудоўляў праводзяцца як раз там, дзе расстрэльвалі і хавалі людзей, — сьцьвярджае мясцовы жыхар Рыгор Каржанеўскі.

Памятны знак, усталяваны на гары, месца пахаваньня не фіксуе. А менавіта на яго будуць арыентавацца будаўнікі, калі разгорнецца будоўля.




«Дзе стаіць помнік, там і пахаваньне»,— запэўнівае кіруючы справамі райвыканкама Аляксандр Уланчык. Ён пацьвярджае, што ўсе неабходныя дазволы ўжо атрыманыя, пераконвае, што Міністэрства культуры дало сваё заключэньне, і вызначаную ахоўную зону будаўнікі парушаць ня будуць. Рабіць перазахаваньне парэштак райвыканкам пакуль таксама не плянуе.
Стадыён належыць разьмешчанай у Валожыне вайсковай частцы. Пабудаваны ён быў для памежнікаў польскага войска да Другой сусьветнай вайны. А Каржанеўскі сьцьвярджае, што на гэтым месцы шыхтаваліся яшчэ войскі Вітаўта. Праўда, калі стала вядома пра пабудову дамоў, стадыён хуценька разабралі, а яшчэ пару год таму ён быў у добрым стане.

У Каржанеўскага свая «габрэйская» сямейная гісторыя:

«У Першую сусьветную вайну габрэй выратаваў майго дзеда, — кажа спадар Рыгор, — а ўжо ў другую вайну мой дзед з маім бацькам сям’ю гэтага габрэя з гета выкралі».

Цяпер вайсковы стадыён выглядае вось так. А яшчэ пару гадоў таму быў у добрым стане. Разабралі яго адмыслова пад будоўлю

Цяпер вайсковы стадыён выглядае вось так. А яшчэ пару гадоў таму быў у добрым стане. Разабралі яго адмыслова пад будоўлю




Расстрэлы габрэяў на гэтым месцы зафіксаваныя ў кнізе мясцовага гісторыка Мечыслава Новіка. Новік сам нарадзіўся ў Валожыне ў 1926 годзе. Тут жа перажыў вайну. Працаваў настаўнікам гісторыі і яшчэ 10 год у мясцовым музэі. З гонарам кажа, што ў ягонай працоўнай кніжцы — 60 гадоў стажу. Выдатнік народнай асьветы БССР.

Фатаграфавацца Мечыслаў Новік катэгарычна адмаўляецца. Кажа: «Гэта ўсё пустое». Таму гэта адзіны выпадковы фотаздымак, які ўдалося зрабіць

Фатаграфавацца Мечыслаў Новік катэгарычна адмаўляецца. Кажа: «Гэта ўсё пустое». Таму гэта адзіны выпадковы фотаздымак, які ўдалося зрабіць



Мечыслаў Новік апытаў сьведак і ўзнавіў гісторыю Галакосту на Валожыншчыне у сваёй кнізе «Крывавы сьлед нямецка-фашысцкай акупацыі ў гісторыі Валожынскага раёна». Кажа, што расстрэл на стадыёне адбыўся ў лістападзе 1941 году.


Гэты 87-гадовы чалавек самадзейна ўзнаўляе гісторыю Валожыншчыны. За свае грошы па 5-7 асобнікаў выдае кнігі, якія аддае ў мясцовую бібліятэку

Гэты 87-гадовы чалавек самадзейна ўзнаўляе гісторыю Валожыншчыны. За свае грошы па 5-7 асобнікаў выдае кнігі, якія аддае ў мясцовую бібліятэку



«На першы расстрэл пагналі групу чалавек 200, жанчын і мужчын, выбралі самых здаровых. Сказалі прыходзіць у вайсковую частку, каб памыць. І зь вёдрамі, мётламі загналі гэтых людзей у штаб нашай воінскай часткі, у палац Тышкевіча. А з часткі па дзесяць чалавек адбіралі і гналі ўніз на стадыён, і там стралялі».

«На тым самым месцы і закапалі, ніхто іх не перапахоўваў», — сьцьвярджае Новік.

Старонка зь кнігі Мечыслава Новіка пра расстрэл валожынскіх габрэяў на вайсковым стадыёне ў 1941 годзе

Старонка зь кнігі Мечыслава Новіка пра расстрэл валожынскіх габрэяў на вайсковым стадыёне ў 1941 годзе



У школе Мечыслаў Новік вучыў гісторыі ў тым ліку і цяперашніх валожынскіх чыноўнікаў.

Кіруючы справамі райвыканкама Аляксандр Уланчык таксама з Валожына. На пытаньне, ці нічога, што жылыя дамы будуць стаяць побач зь месцам, дзе забівалі людзей, кажа, што ўвесь Валожын стаіць на касьцях:
«Можа і мы з вамі на касьцях стаім, хто ж яго ведае».
Спроба спаслацца на аўтарытэт мясцовага краязнаўцы таксама ні да чаго не прывяла:

«Ён напісаў кніжку. І нехта іншы можа напісаць кніжку. Гэта не ісьціна», — заключае чыноўнік.

Сьпіс растраляных габрэяў у Валожыне

Сьпіс растраляных габрэяў у Валожыне



Тое, што жыць у новабудоўлях будуць жыць супрацоўнікі новага агракомплексу, валожынцаў ня цешыць. Гаварыць пра гэта пад запіс ніхто не наважваецца, але ўпэўнена кажуць: «Не для валожынцаў гэта будуюць».

Атрымаць дазвол на пабудову ў гістарычным цэнтры Валожына ды яшчэ і на месцы дзейнага вайсковага стадыёна, відаць, было ня проста.

Хаця афіцыйным замоўнікам будоўлі каля вёскі Даўгулёўшчына зьяўляецца СТАА «Дан Прод», ужо даўно стала вядома з вуснаў мясцовых чыноўнікаў, што будуюць там «трайплаўскія».

Новая сьвінафэрма адразу была не даспадобы валожынцам. Да асобы самога Юрыя Чыжа ставяцца тут насьцярожана. Распавядаюць, што ён на гелікоптэры прылятаў, аглядаць свае «ўладаньні». Дагэтуль хвалююцца, што буйная вытворчасьць пашкодзіць мясцовай экалёгіі — усё ж такі да Налібоцкай пушчы тут 5 кілямэтраў. Неаднаразова склікаліся грамадзкія слуханьні.

Цяпер самая распаўсюджаная чутка-жах у Валожыне: за пяць кілямэтраў ад фэрмы забароняць трымаць сьвіней. «А ў нашых жа гаспадарках па 5-6 галоў трымаюць»,— кажуць мясцовыя.

Да таго ж новая фэрма «пахавала» СПК «Першаі», дзе працуе каля 90 чалавек.
Работнік СПК «Першаі» паведаміў, што зь 1 сьнежня яны закрываюцца, бо «пачынае працаваць новы комплекс». Але і так «з-за чумы» іх замучылі камісіямі — «прыяжджаюць па 2–3 на месяц». Ён пацьвярджае, што на новым комплексе, які хоць і большы ў разы, усё «на кнопках», і столькі працоўных рук ім ня трэба. «У нас таксама ўсё было „на кнопках“ — дваццаць год таму, — горка жартуе рабочы».

Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БЕЛТА сьцьвярджала, што працаваць на прадпрыемстве будуць ня менш 65 чалавек. Хто гэтыя людзі, і як распарадзіцца СТАА «Дан Прод» элітнай па валожынскіх мерках нерухомасьцю, яшчэ не вядома. Кватэраў будзе 72.

А агулам паводле БЕЛТА, гэтае аграпрадпрыемства будзе мець магутнасьць па вытворчасьці беконнай сьвініны 11 тысяч тон мяса ў год. Будаўніцтва вядзецца з дапамогай кіпрскіх і дацкіх інвэстыцый, якія складаюць 400 мільярдаў беларускіх рублёў.

Агракомплекс ля Налібоцкай пушчы — ня першы праект бізнэсмэна ў сельскай гаспадарцы. СК «Трайпл-Агро» ужо амаль 10 год дзейнічае на базе СПК «Верагі» на Меншчыне.

Паводле дакумэнтаў Савета Міністраў Беларусі, ТАА «Трайпл» за кошт крэдытных рэсурсаў «Банку разьвіцьця Рэспублікі Беларусь» будуе малочнатаварную фэрму на 600 галоў дойнага статку на тэрыторыі СК «Трайпл-Агро» у вёсцы Чудзіенічы Лагойскага раёну.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG