Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цягам апошніх паўтара года Памежная варта (Straż Graniczna) Польшчы не дазволіла ўехаць 52-м тысячам чалавек з усходу.

Гэта абсалютны рэкорд – галоўным чынам адмова ўезду датычыла асобаў чачэнскай нацыянальнасьці з расейскім пашпартам (83% усіх выпадкаў), але былі сярод іх таксама ўкраінцы, беларусы і грузіны.

«Цягам першых шасьці месяцаў 2013 году былі прыняты амаль 19 тысяч рашэньняў аб забароне ўезду на тэрыторыю Польшчы, з чаго на мяжы з Расеяй – 652 рашэньні, на мяжы зь Беларусьсю – 11254 рашэньні, на мяжы з Украінай – 6681 рашэньне» – сказала карэспандэнту Свабоды прэс-прадстаўнік Памежнай варты Польшчы Агнешка Голіяс.

Раненьні аб забароне ўезду, удакладніла спадарыня Голіяс, прымаюцца з увагі на тры асноўныя прычыны: адсутнасьць дзейнай візы; адсутнасьць дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць мэту і ўмовы побыту ў Польшчы; адсутнасьць патрэбных дзеля побыту фінансавых сродкаў.

Асобы, якім адмоўлена права ўезду ў Польшчу, адсылаюцца ў краіну, зь якой яны прыбылі – то бок чачэнцаў, якія прыехалі з тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі, палякі адсылаюць у Расею. Выдаленьне непажаданага мігранта ў краіну, адкуль ён прыехаў, адбываецца ў прысутнасьці функцыянэраў Памежнай варты Польшчы. Але бываюць таксама выпадкі, дадала прэс-сакратар Памежнай варты, калі мігранту прапануецца добраахвотна пакінуць тэрыторыю Польшчы.

Агнешка Голіяс паведаміла таксама, што ў студзені-верасьні сёлета Памежная варта затрымала больш за 1000 чалавек, якія спрабавалі нелегальна перасекчы польскую мяжу – 55 чалавек на польска-расейскай мяжы, 355 на польска-беларускай і 627 на польска-ўкраінскай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG