Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даклад: амэрыканскія лекары катуюць зьняволеных у Гуантанама


Турма ў Гуантанама

Турма ў Гуантанама

Паводле Інстытуту мэдыцыны ЗША і Інстытуту адкрытага грамадзтва, які фінансуецца Джорджам Сорасам, лекары і мэдсёстры амэрыканскіх узброеных сілаў бралі ўдзел у катаваньнях людзей, якiя падазраюцца ў тэрарыстычнай дзейнасьці.

У дакладзе, складзеным гэтымі двума інстытутамі, гаворыцца, што мэдычны пэрсанал браў удзел у «катаваньнях і жорсткім, нялюдзкім і зьневажальным абыходжаньні» зь вязьнямі.

Паводле аўтараў дакладу, супрацоўніцтва мэдычнага пэрсаналу са службамі бясьпекі падчас допытаў пачалося ў амэрыканскіх турмах у Афганістане і Гуантанама, а таксама ў сакрэтных турмах ЦРУ, якія зьявіліся пасля атакаў на Нью-Ёрк і Вашынгтон у верасьні 2001 году.

Як гаворыцца ў дакладзе, некаторыя віды катаваньняў – напрыклад, імітацыя ўтапленьня (waterboarding) – былі зь цягам часу забароненыя, аднак лекары і мэдсёстры працягваюць браць удзел у гвалтоўным кармленьні зьняволеных, у тым ліку ў Гуантанама.

Мэдпэрсанал таксама выкарыстоўваецца для таго, каб выявіць ўразьлівыя пункты ў псыхалёгіі зьняволеных, што потым выкарыстоўваецца на допытах.

Аўтары дакладу заклікаюць камітэт па выведцы Сэнату ЗША правесьці расьсьледаваньне падобнай практыкі.

ЦРУ і Пэнтагон, са свайго боку, адмаўляюць высновы дакладу. Прадстаўнік ЦРУ сказаў, паведамляе Бі-Бі-Сі, што ў дакладзе «зьмяшчаюцца сур'ёзныя недакладнасьці і памылковыя высновы».

Прадстаўнік Пэнтагону адзначыў, што ні адзін з крытыкаў таго, як лекары абыходзяцца са зьняволенымі, якія падазраюцца ў тэрарызьме, ня меў доступу ні да самых зьняволеных, ні да іх гісторый хваробы, і ніколі ня быў у самым Гуантанама. Ён назваў лекараў і мэдсясьцёр, якія працуюць у Гуантанама, «абсалютнымі прафэсіяналамі», і дадаў, што зьняволеным аказваецца «лепшая мэдычная дапамога, чым яны мелі калі-небудзь у сваім жыцьці, на ўзроўні найлепшых сусьветных стандартаў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG