Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Юозас Будрайціс: фота пра кіно


У межах кінафэстывалю «Лістапад», які гэтымі днямі праходзіць у Менску, у кінатэатры «Цэнтральны» прэзэнтавалі частку фотаархіву літоўскага актора тэатру і кіно, народнага артыста Юозаса Будрайціса.

Фільмаграфія актора ўключае больш за 60 фільмаў, сярод якіх «Служылі два таварышы» (1973), «Гэта салодкае слова — свабода» (1972), «З табой і безь цябе» (1973), «Небясьпечны ўзрост» (1981), «Багач, бядняк» (1984), «Даўн Хаўс» (2001), «Калекцыянэр» (2001).

Фатаграфіяй Юозас Будрайціс заняўся ў 60-я гады, але паколькі асноўным заняткам для яго быў кінэматограф, фатаграфаваць даводзілася на здымачнай пляцоўцы. Так зьявіліся сэрыі фатаздымкаў зь фільмаў, у якіх Юозас Будрайціс здымаўся разам з Алегам Відавым, Яўгенам Лявонавым, Лембітам Ульфсакам, Радыёнам Нахапетавым, Марынай Няёлавай, Інакенціем Смактуноўскім, Алегам Янкоўскім, Георгіем Бурковым, Аляксандрам Кайданоўскім, Верай Глаголевай і іншымі. Апроч партрэтных фатаздымкаў кіназнакамітасьцяў, Будрайціс рабіў фатакадры актораў масавых сцэнаў і здымачных пляцовак.

Амбасадар Літвы ў Беларусі Эвалдас Ігнатавічус адзначыў, што на фатаздымках бачныя моманты, спыненыя камэрай аб’ектыва:

«Такое адчуваньне, што падчас таго, як вялікая кінакамэра здымала самога Юозаса Будрайціса, ён сваім маленькім фотаапаратам пасьпяваў зьняць актораў вакол сябе. Яны такія ж, як і ў фільмах, толькі разьняволеныя, расслабленыя».
Эвалдас Ігнатавічус (Evaldas Ignatavičius)

Эвалдас Ігнатавічус (Evaldas Ignatavičius)


Каштоўнасьць фотаархіву ў тым, што знаёмыя твары актораў адлюстраваныя на фатаздымках падчас «перакур-паўзаў», калі акторы ня гралі, а разьняволена адпачывалі паміж камандамі «Стоп, камэра!» і «Камэра, матор!»

«Шмат каго ўжо няма ў жывых, — адзначыў Юозас Будрайціс, — аднак для мяне ўсе гэтыя твары ўвекавечаныя ў нэгатывах. Я ніколі не фатаграфаваў тых, да каго не ляжала душа, з кім я не сябраваў. Тут толькі твары блізкіх мне людзей, фатаграфуючы якіх, я нічога ня думаў пра выставу ці нешта такое. Здымаў іх для таго, каб калі буду старэнькі, як цяпер, мець магчымасьць паглядзець на гэтыя твары, пагладзіць іх. Усьцешаны, што гэтыя людзі шмат значаць ня толькі для мяне, але і для іншых таксама».

На адкрыцьці выставы таксама выступілі дырэктарка кінафэстывалю «Лістапад» Анжаліка Крашэўская, амбасадар Беларусі ў Літве Ўладзімер Дражын, першы намесьнік міністра культуры Беларусі Ўладзімер Карачэўскі.
XS
SM
MD
LG