Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія спрэчкі вакол мовы часам нагадваюць анэкдот пра ўнучку дзекабрыста, якая дзівілася з бальшавікоў:

– Чаго яны хочуць?

– Каб не было багатых.

– А мой дзед хацеў, каб не было бедных.

Фраза намесьніка старшыні КХП-БНФ Юрася Беленькага «Калі ты гаворыш па-расейску, ты ў акупацыйным войску і страляеш у свой народ» – якраз з шэрагу «каб не было багатых». Пакіну палітолягам разважаньні на тэму, ці спрыяюць такія хвосткія параўнаньні папулярнасьці КХП-БНФ сярод расейскамоўных беларусаў (дый беларускамоўных таксама). Мне цікавей іншае – чаму гэтая фраза не пачыналася словамі «Калі ты не гаворыш па-беларуску...». Можа тады яна і скончылася б бяз моўнай страляніны.

Рэакцыі на гэтае выказваньне таксама шмат у чым прадказальныя. Вось ужо інтэрнэт-актывіст Вячаслаў Дзіянаў у фэйсбуку называе спадара Беленькага ледзьве не галоўнай прычынай таго, чаму ўладу ў Беларусі мае Аляксандар Лукашэнка. А ў камэнтарах гучыць старая думка, што калі б не заклапочанасьць БНФ мовай, у Беларусі даўно б панавала поўная дэмакратыя. І зноў пачынаюцца дыскусіі, у якіх мова і змаганьне з дыктатурай выступаюць у ролях яйка і курыцы.

Аднак больш плённа было б глядзець на праблемы мовы і палітычнага ладу, як на дзьве хваробы беларускага грамадзтва – яны ў нечым зьвязаныя, яны нешта сьведчаць пра агульны стан арганізму, але лекаваць іх варта асобна. Бо інакш атрымоўваецца спрэчка, дзе адзін бок пераконвае, што лепей быць кульгавым на адну нагу, а другі пярэчыць – лепш крывым на адно вока.

Сама па сабе беларускамоўнасьць зусім ня робіць чалавека прыстойным, добрым ці разумным. Але ў цяперашняй сытуацыі моўнай дыскрымінацыі таксама нельга рабіць выгляд, што падтрымка беларушчыны ня мае маральнага вымярэньня. Проста гэта адзін з шэрагу штодзённых выбараў, які зусім не прымушае забывацца на расейскую мову – у сёньняшняй Беларусі гэта бадай і немагчыма.

Таму радыкальна перафразую спадара Беленькага: «Калі ты адмаўляесься гаварыць і пісаць па-беларуску, не зьдзіўляйся, што некага не хвалюе экалёгія, сумленныя выбары ці вызваленьне палітвязьняў. Бо людзі заўсёды гатовыя прыдумаць шмат прычынаў, каб апраўдаць сваю ляноту і абыякавасьць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG