Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка паехаў да Гурбангулы


Аляксандар Лукашэнка і Гурбангулы Бэрдымухамэдаў, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка і Гурбангулы Бэрдымухамэдаў, архіўнае фота

Аляксандр Лукашэнка накіраваўся з афіцыйным візытам у Туркмэністан.

Заплянаваныя ягоныя перамовы з прэзыдэнтам Туркмэністану Гурбангулы Бэрдымухамэдавым у фармаце «адзін на адзін» і ў пашыраным складзе. «Па выніках перамоў плянуецца падпісаць шэраг двухбаковых дакумэнтаў аб разьвіцьці супрацоўніцтва па розных напрамках», — паведамілі Інтэрфаксу ў прэсавай службе Лукашэнкі.

У 2012 годзе аб’ём двухбаковага гандлю Беларусі і Туркмэністану перавысіў 300 мільёнаў даляраў.

Беларусь экспартуе ў Туркмэністан трактары, грузавыя аўтамабілі, дарожную, будаўнічую і сельскагаспадарчую тэхніку, аўтапагрузчыкі, шыны, лекі, хімічныя валокны, прадукцыю дрэваапрацоўчай прамысловасьці. Аснову імпарту з Туркмэністану складаюць бавоўна, трыкатаж, палатно, воўна.

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі кажа, што ўсе міжнародныя візыты Лукашэнкі вызначаюцца двума чыньнікамі. Першы зь іх — піяраўскі:

«На захад дарога фактычна закрытая, таму яму застаецца па аўтарытарным абсягу постсавецкай прасторы сюды-туды шнураваць, ну, і выбірацца ў краіны трэцяга сьвету па далёкай дузе замежнай палітыкі, дзе яго прымаюць такім, які ён ёсьць. Гэта не найлепшы дэвіз для замежнай палітыкі. Другі момант палягае ў тым, што ў Лукашэнкі ёсьць пэўныя спадзевы падчас візыту „штурхануць“ беларускую прадукцыю, якая перапаўняе склады. Як з тым жа Эквадорам, пэўныя шанцы прадаць туды пэўныя партыі трактароў ці МАЗаў ёсьць. Краіны гэтыя ня вельмі прасунутыя, і нейкі беларускі тавар можа знайсьці там рынак збыту. Хоць вельмі адыёзна выглядае, калі сам прэзыдэнт едзе там выступаць у ролі штурхача партыяў беларускіх тавараў».

Цяперашні Туркмэністан, які пры папярэдніку Бэрдымухамэдава Сапармурату Ніязаву быў адыёзнай тыраніяй, недалёка адышоў ад часоў Туркмэнбашы, перакананы Класкоўскі:

«Хіба Бэрдымухамэдаў згладзіў нейкія вуглы, зрабіў захады, каб не выглядаць так ужо адыёзна ва ўспрыманьні за мяжой. Але як быў рэжым у Туркмэністане жорстка аўтарытарны, такі і застаўся. Можа, трохі болей дазволілі інтэрнэтам карыстацца, меней у турмы кідаюць іншадумцаў. Па сутнасьці ж гэтая жорсткая сыстэма захавалася».
XS
SM
MD
LG