Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ветка: вымушаны адпачынак, якому жанчыны ня рады


У Ветцы на бавоўнапрадзільнай фабрыцы з дазволу канцэрну «Беллегпрам» спынены ніжні цэх па вырабе пражы.

30 рабочых пайшлі ў вымушаны адпачынак — на дзьве траціны заробку. Аднак наўрад ці яны вернуцца на працу. На прадпрыемстве бракуе сыравіны — яе проста няма за што купіць. Асноўны спажывец баваўнянай пражы — акцыянэрнае таварыства «Рэчыцкі тэкстыль» — завінаваціўся веткаўцам 10 мільярдаў рублёў.

Дырэктарка фабрыкі Валянціна Кірычэнка прасіла Веткаўскі райвыканкам па магчымасьці працаўладкаваць рабочых, якія адпраўленыя ў вымушаны адпачынак і не пажадаюць вярнуцца на вытворчасьць. Аднак у райвыканкаме палічылі, што дырэктарка не спраўляецца са сваімі абавязкамі — і рэкамэндавалі канцэрну «Беллегпрам» разгледзець пытаньне пра яе адпаведнасьць займанай пасадзе.

Кірычэнка: «Мы прасілі разгледзець магчымасьць уладкаваньня людзей, калі ёсьць патрэба ў народнай гаспадарцы. Проста калі ёсьць вакансіі і людзі захочуць пайсьці. Мы не пісалі: бярыце іх і адразу працаўладкоўвайце. У нас быў у пятніцу сход. Людзі разумеюць сытуацыю. Пакуль мы прастойваем. На сёньняшні дзень у нас толькі 40 тон бавоўны. А гэта праца толькі верхняга цэху, які выпускае для Расеі якасную прадукцыю».

У ніжнім цэху — тым, што на першым паверсе — абсталяваньне састарэла. Патрэбна новае. Аднак у фабрыкі няма на гэта сродкаў. Грошай не хапае нават, каб закупіць баваўнянае валакно:
Прахадная бавоўнапрадзільнай фабрыкі
Прахадная бавоўнапрадзільнай фабрыкі

«З-за таго, што нам ня плаціць „Рэчыцкі тэкстыль“ — а гэта 10 мільярдаў рублёў — у нас узьнікае праблема з закупам сыравіны, баваўнянага валакна».

Фабрыка мяркуе спаганяць доўг з рэчыцкіх спажыўцоў баваўнянай пражы праз гаспадарчы суд. Аднак справа гэтая не на адзін дзень. Калектыў з паўтары сотні чалавек — пераважна гэта жанчыны — пастаўлены на грань выжываньня.

Рабочая бавоўнапрадзільнай фабрыкі, якая не схацела называць свайго імя, апавяла:

«Хто працаваў у ніжнім цэху — усе сышлі на дзьве траціны да канца году. А ў студзені невядома, ці адкрыецца наш ніжні цэх. Працуе толькі верхні».

Суразмоўца кажа, што яна асабіста зарабляла на фабрыцы надзвычай мала:

«Два мільёны 700 тысяч — цяпер, відаць, такіх расцэнак ужо й няма. А ў мяне двое дзяцей — пражыць на такі заробак нерэальна».

Рабочая таксама пацьвярджае, што «Рэчыцкі тэкстыль» даўно браў пражу ў доўг. Частку яго пагашаў сваёй прадукцыяй — ручнікамі, махровымі халатамі, прасьцінамі ды іншымі падобнымі рэчамі:

«Ужо цягам многіх гадоў пражу бралі ў доўг, а ўзамен анучы прывозілі — прасьціны, махровыя халаты. Словам, анучы. Але ж гэта толькі частка доўгу. Грошы не пералічвалі. Цяпер фабрыка судзіцца. Але ня ведаю, што з гэтага выйдзе. Думаю, што чакаць няма чаго — трэба шукаць працу».
Цэх бавоўнапрадзільнай фабрыкі
Цэх бавоўнапрадзільнай фабрыкі

Кабета, аднак, бядуе, што працу жанчыне знайсьці ў Ветцы складана. Мужчыны — тыя езьдзяць на будоўлю ў Гомель альбо ў суседнюю Расею. Жанчынам горай. Швейны цэх у камбінаце бытавога абслугоўваньня зачынілі. Масласырзавод далучылі да Рагачоўскага малочна-кансэрвавага камбінату — асартымэнт прадукцыі абмежавалі, і новыя рукі тут не патрэбныя. Вось і зьнемагаюць жанчыны ў пошуках.

Некаторыя езьдзяць за дзесяць кілямэтраў на сьвінакомплекс у вёску Чыстыя Лужы. Але й там дабра няма. Пра тамтэйшыя заробкі апавядае шматдзетная маці спадарыня Ларыса:

«Два мільёны ў наш час у Чыстых Лужах — гэта што, заробак? У нас залежыць заробак ад прыбаўкі вагі. І вось як жыць на 2 мільёны? Камунальныя трэба плаціць, садзік, школа. На дзяцей мне ўжо ня плацяць. І я адна, маці-адзіночка. Траіх дзяцей паднімаю. І куды ісьці на працу? У Гомель я не змагу, бо кожны раз грошы трэба яшчэ на дарогу».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG