Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жылі-былі сабе ў слаўным горадзе Майнц два Ёганы. Адзін меў прозьвішча Гутэнбэрг, другі адгукаўся на «хвамілію» Фуст. Першы быў бедны і разумны, а другі багаты і...

Насамрэч невядома, як там было ў шаноўнага гера Фуста з розумам, але з асьцярожнасьцю дакладна ня вельмі. У 1448 годзе адзін Ёган, той які Гутэнбэрг, знайшоў другога і папрасіў пазычыць яму пару тысяч гульдэнаў на выдавецкую дзейнасьць. Фуст узяў і пазычыў цёзку пад працэнт ажно 1600 паўнаважкіх манэтаў са свайго гаманца. Хаця той Гутэнбэрг быў чалавек з сумнеўнай рэпутацыяй і амаль што крымінальным мінулым: дзесяць гадоў перад тым яго прыцягвалі да суду за нейкія «загадкавыя» люстры, вырабам якіх ён займаўся разам з прыяцелямі, за друкаваньне непрыстойных карцінак і падазроныя досьледы з тым, што ў судовых матэрыялах фігуравала як «рухомыя літары».

Тым ня менш спачатку ўсё пайшло як мае быць. На грошы Фуста Гутэнбэрг выдае на сваім варштаце лацінскую граматыку, Бібліі і папскія індульгенцыі. І ўсё гэта неверагодным накладам — два асобнікі!

Неўзабаве абодва Ёганы робяцца кампаньёнамі. Добрыя жыхары Майнцу ласкава называлі друкара і яго партнэра «чарнакніжнікамі» і зьбіраліся выправіць абодвух на вогнішча. За што? Натуральна, за экстрэмісцкую дзейнасьць. Кнігавыданьне, як і кнігараспаўсюд, ужо ў тыя часы ўважаліся за злачынства, калі ня мелі дачыненьня да выдавецтва «Мастацкая літаратура» або выдавецкага дому «Зьвязда». Даносы ў магістрат ішлі адзін за адным. Навошта друкаваць Біблію, калі можна перапісваць яе рукою? — абураліся вэтэраны і іншая прагрэсіўная грамадзкасьць, круцячы ў руках Гутэнбэргавы «прэс-фота-1455»... І што гэта за лацінская граматыка і на грошы якіх выведак яна выдадзеная? Адабраць ліцэнзію! — такі прысуд вынесла майнцкая рада па маральнасьці і цэнзуры. Праўда, магістрат не сьпяшаўся, сочачы за разьвіцьцём падзей — прайшлі чуткі, што за друкаванай кнігай будучыня, і ніхто з радцаў не хацеў увайсьці ў гісторыю душыцелем прагрэсу.

Але адабраць у Гутэнбэрга друкарню разам з усім варштатамі ўсё ж давялося. Гутэнбэрг даўно перастаў выплачваць Фусту працэнты ад пазыкі, і той зьвярнуўся ў адпаведныя інстанцыі. 6 лістапада 1455 году судовай пастановай Ёган Фрылевіч Гэнсфляйш цур Ладэн цум Гутэнбэрг, былы ювэлір, прапісаны ў Майнцы, пазбаўляўся сваіх друкарскіх варштатаў і ўсяго абсталяваньня, а онае было цалкам перададзенае Фусту. Гутэнбэрг паспрабаваў заснаваць новую друкарню — фактычна з нуля...

Так бы і скончылася гэтая гісторыя, калі б не адна маленькая пераможная вайна двух мясцовых графаў. Яго сьветласьць Адольф фон Насаў пасварыўся зь Яго сьветласьцю фон Ізэнбургам. Кожны друкаваў улёткі з паклёпамі на ворага і прапагандысцкімі заклікамі да насельніцтва станавіцца пад свае сьцягі. Граф Адольф замаўляў улёткі ў Гутэнбэрга, а фон Ізэнбург — у Фуста. Калі дайшло да баявых дзеяньняў, Адольф перамог — і ўспомніў пра «свайго» выдаўца. Друкарню ў Фуста адабралі і вярнулі Гутэнбэргу. Марна Фуст махаў перад салдатамі паперкай з судовай пастановай... «Будзеш ведаць, як першадрукароў крыўдзіць», сказалі яму павучальна і ледзь не ўвалілі бізуноў. Дый праўда: Гутэнбэргу цяпер помнікі стаяць, а Фусту ўвесь ягоны капітал так і не дапамог набыць хаця б ілюзію бесьсьмяротнасьці.
XS
SM
MD
LG