Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Відэа з запісам песьні «No Woman, No Drive», зробленае Гішамам Фагі з Савудаўскай Арабіі і апублікаванае ў YouTube тыдзень таму, стала сусьветнай сэнсацыяй.

Песьня «No Woman, No Drive» — выкананая на мэлёдыю славутай песьні «No Woman, No Cry», запісанай Бобам Марлі і ягоным гуртом «The Wailers» у 1974 годзе — зьяўляецца зьдзеклівым пратэстам супраць забароны жанчынам у Савудаўскай Арабіі кіраваць аўтамашынай.

У песьні «No Woman, No Cry» Боб Марлі зь сябрамі сьпявае пра цяжкое жыцьцё ў гарадзкім гета ў Кінгстаўне на Ямайцы і суцяшае неназваную жанчыну — «Жанчына, ня плач!» — пераконваючы яе, што ў будучыні жыць стане лепш.

У песьні «No Woman, No Drive» Гішам Фагі асьцерагае жанчыну, каб яна і ня думала езьдзіць аўтамабілем. «Я помню, як ты сядзела ў сямейнай аўтамашыне, але на заднім сядзеньні. Яечнікі там знаходзяцца ў бясьпецы, так што ты можаш нарадзіць мноства дзяцей,» — сьпявае Гішам Фагі, адгукаючыся наўпрост на перасьцярогу аднаго з савудаўскіх рэлігійных лідэраў, які сказаў, што жанчыны, якія кіруюць аўтамабілем, рызыкуюць пашкодзіць свае яечнікі і нарадзіць дзяцей з дэфэктамі.

У Савудаўскай Арабіі няма фармальнага закону, які забараняе жанчынам сядаць за руль аўтамашыны. Жанчынам толькі не выдаюць правы на кіраваньне аўтамашынамі.

XS
SM
MD
LG