Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі выступаюць супраць «вар’яцтва» ўраду


Страйк прадпрымальнікаў, лета 2013-га

Страйк прадпрымальнікаў, лета 2013-га

«Мы маем намер прыкласьці ўсе свае намаганьні для прыпыненьня вар’яцтва, якое маюць намер учыніць улады на спажывецкім рынку з дапамогай увядзеньня Тэхнічнага рэглямэнту», — гаворыцца ў заяве аб’яднаньня прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва».

Рэспубліканскае аб’яднаньне прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» праводзіць у Менску Форум прадпрымальнікаў «Тэхнічны рэглямэнт Мытнага саюзу — беларускае пытаньне».

Напярэдадні «Пэрспэктыва» распаўсюдзіла заяву, у якой адзначаецца, што ўлада мае на мэце «у самы кароткі тэрмін задушыць айчынны малы бізнэс».

Віцэ-прэм’ер і старшыня Рады па разьвіцьці прадпрымальніцтва Пётар Пракаповіч 31 кастрычніка распавёў журналістам пра рэальныя намеры ўладаў адносна малога бізнэсу.

Паводле «Пэрспэктывы», патрабаваньні тэхнічнага рэглямэнту бясьпекі тавараў лёгкай прамысловасьці беларускія ўлады зьбіраюцца ўвесьці датэрмінова.

«Тэхрэглямэнт, які ня мае ніякай іншай мэты, акрамя выдаленьня з айчыннага спажывецкага рынку індывідуальных прадпрымальнікаў, а таксама ЧУП-аў, у якія яны былі „загнаныя“ дырэктыўнымі мэтадамі, паводле Пракаповіча, уступіць у сілу з 1 сьнежня гэтага году», — адзначаюць прадпрымальнікі.

27 чэрвеня прайшоў папераджальны страйк прадпрымальнікаў супраць увядзеньня тэхрэглямэнту Мытнага саюзу. Аднак кантрольныя органы цяпер пачалі «адпрацоўку мэханізмаў канфіскацыі тавараў і накладаньня штрафаў на прадпрымальнікаў у зьвязку з увядзеньнем Тэхрэглямэнту».

«Грунтуючыся на больш чым 20-гадовым вопыце ганеньняў і ўціску з боку ўладаў, прадпрымальнікі Беларусі пакідаюць за сабой права на абарону сваіх інтарэсаў усімі магчымымі законнымі сродкамі», — адзначаецца ў заяве.
XS
SM
MD
LG