Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларусы падарылі Расеі Дзень адзінства


Крэмль

Крэмль

4 лістапада Расея адзначае афіцыйнае сьвята Дзень народнага адзінства.

«4 Лістапада 1612 ваяры народнага апалчэньня пад кіраўніцтвам Кузьмы Мініна і Дзьмітрыя Пажарскага штурмам ўзялі Кітай-горад, вызваліўшы Маскву ад польскіх інтэрвэнтаў і прадэманстраваўшы ўзор гераізму і згуртаванасьці ўсяго народу незалежна паходжаньня, веравызнаньня і становішча ў грамадстве», — напісана ў тлумачэньні да паекту Працоўнага кодэксу Расеі.

4 лістапада Расея сьвяткуе Дзень народнага адзінства Расеі.

Гісторык Алег Трусаў, аўтар кнігі «Невядомая нам краіна. Беларусь у яе этнаграфічных межах», перакананы: дата 4 лістапада нагадвае беларусам пра тое, што яны моцная нацыя.

Мы ў Крамлі былі значна раней, чым Напалеон
«У Маскву наш гарнізон прыйшоў на просьбу маскоўскіх баяраў. Мы сілаю Маскву ня бралі, яны нас запрасілі, прысягнулі нашаму будучаму каралю, цалавалі крыж. І вось прыйшоў у Маскву гарнізон Рэчы Паспалітай. Але вядома, што гарнізон складаўся як з палякаў, так і зь беларусаў. Адным з кіраўнікоў гарнізону нават быў палкоўнік з Мазыра. Так атрымалася, што маскоўскім царом прызналі Ўладзіслава, сына нашага вялікага князя. Гэта моцна не спадабалася Мініну і Пажарскаму, яны паднялі народнае паўстаньне і захапілі Маскву. І тады выбралі новага цара — Міхаіла Раманава. Але Ўладзіслаў лічыўся рускім царом аж да 1634 году. А каб ён адмовіўся ад царства, яму заплацілі вялікія грошы. Таму хлусяць расейцы, калі кажуць, што мы ўзялі Крэмль сілай», — адзначае Алег Трусаў у інтэрвію Радыё Свабода.

«Гэта цікавая для нас дата, якая паказвае, што нам трэба ганарыцца сваёй гісторыяй, калі мы ў Крамлі былі значна раней, чым Напалеон. Але Напалеон штурмам яе браў, а нас мірна запрасілі», дадае гісторык.

«Гістарычна так склалася, што мы з Расеяй ваявалі 500 гадоў. Першыя войны пачаліся ў канцы 14 стагодзьдзя, а апошнія войны былі падаўленьнямі паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі палкаводцам Суворавым. І толькі пасьля таго, як Расея аб’ядналася з Прусіяй і Аўстра-Венгрыяй, яна змагла нас падзяліць. Настолькі мы моцныя духам і сілай».

Доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч лічыць, што, 4 лістапада стала дзяржаўным сьвятам у Расеі не ў апошнюю чаргу там, што стаіць побач з датай 7-га лістапада.

Алесь Краўцэвіч

Алесь Краўцэвіч

«Відавочная палітычная і ідэалягічная падаплёка абранай для гэтага сьвята даты. Справа ў тым, што трэба было замяніць дату 7 лістапада — дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі — на нейкае іншае сьвята, таму што 7 лістапада — гэта ўжо анахранізм. Але праз тое, што ў масавай сьвядомасьці расейцаў закаранілася дата 7 лістапада, то шукалі што-небудзь блізкае каля гэтага дня. Каб перанесьці стэрэатып памяці на новую дату. Вось і вырашылі ўзяць дату, якая зьвязаная з падзеямі 17-га стагодзьдзя», — кажа Краўцэвіч.

«Тады расейцы, якія біліся паміж сабой у Смутны час, аб’ядналіся, каб выгнаць іншаземных захопнікаў, якіх называлі палякамі, але якія былі насамрэч грамадзянамі Рэчы Паспалітай, што прыбылі ў Маскву на запрашэньне тагачаснага расейскага цара. Атрымалася, што ў лістападзе не было іншых датаў, апроч даты, калі пабілі грамадзянаў Рэчы Паспалітай».

«Смутны час ахоплівае падзеі канца 16 — пачатку 17 стагодзьдзя. Некаторыя псэўдапатрыятычныя расейскія гісторыкі гавораць, што Смутны час быў выкліканы інтэрвэнцыяй. Але насамрэч ён быў выкліканы панаваньнем Івана IV Жахлівага, які выразаў у сваёй дзяржаве каго толькі мог, у выніку чаго пачалася ўнутраная смута. Натуральна, што ў Рэчы Паспалітай скарысталіся гэтай сытуацыяй, каб хаця б неяк кампэнсаваць агромністыя тэрытарыяльныя страты, якія маскоўцы прынесьлі ёй раней, у войнах 16-га стагодзьдзя. У прыватнасьці, Рэчы Паспалітай падчас Смутнага часу ўдалося вярнуць Смаленск», — нагадвае Алесь Краўцэвіч.

«Ведаючы, у чым сэнс гэтай даты, нават трошкі іранізуючы зь яе, я магу сказаць, што для нашай беларускай нацыянальнай памяці дата 4 лістапада нічога ня значыць», — падсумаваў Алесь Краўцэвіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG