Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Празе беларусы сабраліся на Альшанскіх могілках


Праскія беларусы на Дзяды ўшанавалі памяць прэзыдэнтаў БНР Пятра Крачэўскага і Васіля Захаркі.

Ня гледзячы на непагадзь — у Празе ішоў дождж — больш за два дзясяткі беларусаў прыйшлі на Альшанскія могілкі чэскай сталіцы, дзе пахаваныя старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Васіль Крачэўскі і Васіль Захарка, а таксама опэрны сьпявак Міхась Забэйда-Суміцкі.

Цырымонія ля магілаў пачалася пад гукі дуды дудара Віталя Цімошчанкі.

Кароткія паніхіды ля магілаў адслужыў грэка-каталіцкі сьвятар айцец Андрэй Абламейка ў саслужэньні з айцом дыяканам Вячаславам Гарчаковым.

Ля магілы Міхася Забэйды-Суміцкага былы саліст Беларускай філярмоніі Сяргей Доўгушаў засьпяваў некалькі беларускіх народных песьняў.

Усе прысутныя разам прасьпявалі гім "Магутны Божа".

Апошнія гады, дзякуючы рэгулярным прыездам у Прагу айца Андрэя Абламейкі, праскія беларусы маюць магчымасьць на Дзяды ня толькі праявіць сваю грамадзянскую пазыцыю, прыходзячы да магілаў прэзыдэнтаў БНР, але і паставіць сьвечку ды памаліцца за сваіх уласных Дзядоў — памерлых сваякоў і сяброў — на рэгулярных багаслужбах у царкве сьвятых Кузьмы і Дзям’яна. Чарговае набажэнства адбудзецца ў нядзелю, 3 лістапада аб 11.00.

Адрас царквы сьвятых Кузьмы і Дзям’яна — Vyšehradska 49, Praha 2. Уваход з вуліцы Na Slovanech.
XS
SM
MD
LG