Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад «вызвольнага» паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь прайшло 74 гады. З тае пары зьмянілася некалькі пакаленьняў. Але і да гэтага часу існуе гэты падзел. На Заходнюю і Ўсходнюю. І будзе існаваць яшчэ не адно дзесяцігодзьдзе. Бо той падзел адбыўся ў самы драматычны час. Час масавых расстрэлаў, з аднаго боку, і паездак на заробкі ў ЗША — з другога. Падзел будзе жыць, бо і цану за сваё ўзьяднаньне Беларусь заплаціла вельмі вялікую, і калектывізацыя на захадзе пракацілася на 20 гадоў пазьней, і архітэктура захаду ня ведала такога зьнішчэньня, як на Ўсходзе. І праяжджаючы па хуткаснай шашы ў раёне Койданава, за Заслаўе і Ракаў, мы яшчэ доўга будзем адзначаць у сьвядомасьці, што пераехалі старую мяжу.

Ракаўскага мастака Фэлікса Янушкевіча можна назваць брамнікам гэтай нябачнай мяжы. Бо ён сабраў унікальную калекцыю той эпохі, калі Ракаў быў сталіцай кантрабандыстаў. Мэбля, посуд, адзеньне, ювэлірныя вырабы, музычныя інструмэнты, грошы. Гэта сапраўдная машына часу. Калі хочаце адчуць сябе ў той эпосе, дык лепшага месца, чым галерэя Янушкевіча, у краіне не існуе.
Фэлікс Янушкевіч

Фэлікс Янушкевіч



Толькі тут я зразумеў, якім каштоўным дакумэнтам можа быць звычайны квіток ці даведка, якія мы зазвычай выкідаем у сьметніцу. Жонка ракаўскага мешчаніна Васіля Шкеля захоўвала ўсе дакумэнты. Нават на каня, чый лёс пераплёўся зь лёсам гаспадароў. Слова пану Янушкевічу.
— Людзі пад Саветамі ня мелі пашпартоў. А тут чалавек купляе каня, і конь, як машына, меў тэхпашпарт. Глядзі. Конь у 25-м годзе куплены, вараны. І, як машына, конь рэгулярна праходзіў тэхагляд. Уваходзяць сюды Саветы — конь правераны на цукар.

— І яна скрупулёзна захоўвала ўсе квітанцыі!

— Саветы далі ўнікальны дакумэнт эпохі. Даведка, напісаная праз «т». «Чорная лошадзь, забраная ўпаўнаважаным НКВД у таварыша Шкеля. Шамель Антон». Конь, які меў такі пашпарт, атрымаў такі талён. А пасьля ўваходзяць сюды немцы. Першыя дакумэнты ў іх на польскай мове, а далей, як у нармальных людзей, усё пайшло на беларускай. «Забавязаньні аб здачы сельскагаспадарчай прадукцыі» 42-га году. А свайго чорнага каня ён пасьпявае забраць у камуністаў, якія ўцякаюць на Маскву. Але чырвоныя сышлі — чорныя засталіся. Вось штамп нямецкага натарыюса, што чорны конь быў пазычаны за 315 марак. А далей лёс гэтага каня абрываецца. Але гэта ня чорны конь Булгакава. Гэта жывы конь.

Ракаў і сёньня, са сваімі храмамі і камяніцамі, выглядае клясычным мястэчкам. Але як шыкоўна ён выглядаў да вайны, разумееш, гледзячы на пажаўцелыя фатаздымкі ракаўскіх крамаў і рэстаранаў. Іх добра памятае ракаўская старажылка, 92-гадовая Руфіна Мацкевіч.


— Ой, было мястэчка харошае! І магазынаў было многа, гасьцініцаў. Рэстараны! Лёды! Чыстае было мястэчка. Брук быў. Кожную раніцу трэба было падмесьці. Загадвалі нам палоць траўку каля хаты. Ножыкам з карэньчыкамі сядзем і выдзіраем травічку. Карузэль была, людовы дом быў. Як сёньня клюб.

На ракаўскіх каталіцкіх могілках падарожніка шакуе агароджа, складзеная з надмагільных пліт. Гэта вядома, савецкая спадчына.

Самая заўважная магіла — капліца, пад якой пахаваныя Марыя і Крысьціна Друцкія-Любецкія. Маці і дачка. Зьвярніце ўвагу на даты сьмерці.

Крысьціну можна назваць адной зь першых ахвяраў савецка-польскай мяжы.

Іх маёнтак застаўся на савецкім баку, у Новым Полі. І маладая жанчына часта рабіла конныя шпацыры ўздоўж граніцы, не адчуваючы ўсёй небясьпекі. У адзін з такіх прамэнадаў савецкія памежнікі падстрэлілі каня, завезьлі Крысьціну ў дом, дзе яна правяла дзяцінства і дзе на той час была іх казарма.

Яе згвалцілі і задушылі. Маці перажыла і прыход бальшавікоў, і нямецкую акупацыю, і вызваленьне. І памерла ў 1946-м годзе. Ракаўцы як маглі падтрымлівалі старую пані. Слова 92-гадовай ракаўчанцы Руфіне Мацкевіч.

— Цяжка ёй было жыць. Людзі яе кармілі. «Няхай пані да нас прыходзіць у панядзелак». Есьці ёй дадуць. Цяжка ёй было дажываць у Ракаве. Але людзі харошыя былі. Але памяць мела. Ведала, у які дзень да каго ісьці. Падтрымлівалі яе.

— А за што яе любілі?

— Пан быў Друцкі-Любецкі. Раскажу вам. Мой дзядуля ехаў у лес, дроў няма. Едзе пан. Дзед спалохаўся. Папаў! Шапку зьняў, пакланіўся яму. «Чаго пайшоў у мой лес?» — «Паночак, хто ў лесе ня злодзей, той дома не гаспадар». Ха-ха-ха! І паехаў пан. А дзед сабе паехаў з дровамі дахаты. Ні сварыўся, ні штрафу ня даў. Во які пан быў. Друцкі-Любецкі. А потым як яна дажывала, бедная. Людзі літасьціва падтрымлівалі яе.

Сёньняшні Ракаў пакрысе вяртае сабе былую славу культурнага і рамесьніцкага мястэчка. У тым ліку дзякуючы Васілю Рубцову, які адкрыў тут майстэрню па гравіроўцы шкла. Васіль упрыгожвае посуд і выявамі зьвяроў, і гістарычнымі гербамі, і магічнымі арнамэнтамі. Якіх толькі матываў няма на ягоных келіхах, куфлях, кілішках і графінах.

— Гэтыя рэчы створаныя для таго, каб пэўную вадкасьць перамясьціць з бутэлькі ў арганізм. Але людзям ня ўсё роўна, з чаго піць.

— Людзям ня ўсё роўна. Усё роўна тым, хто дапіўся да стану жывёльнага. А людзям — не. Бо ім ня ўсё роўна, дзе жыць. Ня ўсё роўна, на чым спаць. І піць нават болей ня ўсё роўна, чым есьці. Бо калі ты п’еш зь нечага прыгожага, ты можаш сябе ў нечым апраўдаць. Я ж ня проста гарэлку глушу, я расту! У мастацкім пляне.

Па колькасьці замоваў на той ці іншы посуд Васіль ведае, які алькагольны напой беларусы ўпадабалі найбольш.

— Цяпер усё пераблыталася. Бо беларусы п’юць болей за ўсё віскі. Самы папулярны посуд — для віскі. І я ведаю, чаму. Гэта гістарычна склалася. Наша гарэлка старажытная, жытняя, настоеная ў дубовых бочках — гэта старка, гэта віскі.

Ракаў — радзіма Іды Разэнталь, якая на пачатку ХХ стагодзьдзя эмігравала ў ЗША, дзе разам з мужам стварыла гарсэтную майстэрню. Менавіта гэтай ракаўскай пані жанчыны плянэты павінны сказаць дзякуй. Бо Іда Разэнталь — вынаходніца сучаснага жаночага станіка. У ракаўскіх творцаў ёсьць сымпатычныя ідэі, як увекавечыць яе памяць у родным мястэчку.

— Цікава зрабіць каля нашай майстэрні ліхтар такі, які б нагадваў гэтую рэч. Фэлікс у сябе на рагу хоча паставіць нейкі камень. І далей, дзе была яе хата… Атрымліваецца такая «Лінія станіка». А ня «Лінія Сталіна». Хай яна будзе не насуперак. Але больш прыемная. Мне да сэрца бліжэй.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG