Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйскі суд аштрафаваў блогера Алега Жалнова


Алег Жалноў

Алег Жалноў

1 лістапада Бабруйскі суд пакараў бабруйскага блогера Алега Жаўнова штрафам у 20 базавых велічыняў (2 600 000 рублёў).

Судзьдзя Натальля Чарапуха прызнала яго вінаватым у непадпарадкаваньні патрабаваньням супрацоўнікам міліцыі. У Бабруйску Жалноў вядомы тым, што робіць відэасюжэты пра факты правапарушэньняў, учыненых супрацоўнікамі міліцыі і дзяржаўтаінспэкцыі і выкладае іх у інтэрнэт. Таксама ён далучае іх да зваротаў у пракуратуру і міліцэйскага начальства — дзеля рэагаваньня.

Інцыдэнт, які стаўся нагодай для суду, адбыўся 4 верасьня. Як кажа Алег Жалноў, ён і ягоны сын выпадкова сталі сьведкамі парушэньня правілаў дарожнага руху супрацоўнікамі міліцыі — няправільнай паркоўкі на ходніку. Блогер зафіксаваў гэта на відэакамэру і адразу ж зьвярнуўся з заявай да супрацоўнікаў ДАІ, якія ў той час знаходзіліся побач. Але тут ужо самога Жалнова зьвінавацілі ў парушэньні правілаў дарожнага руху. І, як ён сьцьвярджае, гвалтам зацягнулі ў пастарунак, дзе супраць яго выкарысталі кайданкі, калі ён паспрабаваў дапамагчы падняцца з падлогі сыну.

Разгляд справы супраць блогера пачаўся 10 кастрычніка. Судзьдзя ўгледзела парушэньні ў пададзеных міліцыяй матэрыялах і 23 кастрычніка адправіла іх на дапрацоўку. Працэс аднавіўся 30 кастрычніка.

«Як я бачыў, на судзьдзю дужа націскалі тыя ж міліцыянты ды спэцыялісты, якія прыехалі з Магілёва. Калі праглядалі відэа, і ёй, і мне не давалі сказаць ні слова. Міліцыя, як падаецца, робіць усё магчымае, каб у будучыні я ня меў жаданьня зь ёй зьвязвацца. Каб болей не выяўляў іхных правапарушэньняў», — заяўляе Алег Жалноў.

Блогер заўважае, што яму зразумела, чаму на судзьдзю ціснулі:

«Міліцыянты ведалі, што ім пагражае ў выпадку апраўдальнага выраку. Прынамсі для дваіх супрацоўнікаў была пагроза іхнай кар’еры і пагроза страціць свабоду яшчэ для дваіх. На відэа было відавочна, што супраць нас выкарыстоўвалі фізычную сілу безь неабходнасьці і папярэджаньня. Гэта было відавочнае перавышэньне паўнамоцтваў. А гэта крымінальны артыкул. Калі судзьдзя вынесла апраўдальны вырак, то Сьледчы камітэт меўся б неяк рэагаваць на гэта. Цяпер, калі Сьледчы камітэт і будзе распачынаць крымінальную справу, то ўжо супраць мяне — за супраціў. Я зьдзіўляюся, што мне яшчэ не далі адміністрацыйнага арышту».
Міліцыянты ведалі, што ім пагражае ў выпадку апраўдальнага выраку. Прынамсі для дваіх супрацоўнікаў была пагроза іхнай кар’еры і пагроза страціць свабоду яшчэ для дваіх

Алег Жалноў зьбіраецца абскарджваць рашэньне судзьдзі Чарапухі ў абласным судзе. На міліцыянтаў жа ён наважаны скардзіцца ў адміністрацыю прэзыдэнта.

Міліцыянты на судзе сьцьвярджалі, што гэта Жалноў парушаў парадак — кідаўся на асфальт і не хацеў ісьці ў пастарунак. Супраціўляўся, калі яго туды вялі.

Паводле бабруйскіх журналістаў і праваабаронцаў, міліцыянты на судзе паводзілі сябе з выклікам. На пытаньні Жалнова адмаўляліся адказваць, рабілі заўвагі судзьдзі.

24 кастрычніка ў Алега Жалнова міліцыя забрала ўсю кампутарную тэхніку, носьбіты інфармацыі, тэлефон і мадэм. Паводле блогера, міліцыянты наведаліся на ягоную кватэры, каб агледзець месца здарэньня. Падстава — заява супрацоўніка бабруйскай міліцыі Яўгена Сераштанава, які вінаваціў Жалнова, што той разьмясьціў у інтэрнэце ягоныя асабістыя зьвесткі. Міліцыянт у заяве просіць прыцягнуць блогера да крымінальнай адказнасьці.

Дзе цяпер знаходзіцца забраная міліцыяй маёмасьць, Алег Жалноў ня ведае. Дзеяньні міліцыі блогер расцэньвае як спробу запалохаць яго і ягоную сям’ю. Здымаць правапарушэньні міліцыі Жалноў будзе працягваць. Ён лічыць, што ягоная праца будзе спрыяць таму, што міліцыя ўрэшце будзе паводзіць сябе законапаслухмяна.
XS
SM
MD
LG