Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У мядзьведзя ў лесе галава разбалелася: начальства вырашыла адзначыць Дзень заступніка Горадні – каталіцкага сьвятога Губэрта. Заўжды ігнаравала яго, хоць сіні сьцяг з аленем сьв. Губэрта на гербавым шчыце даўно мае на сваім даху. У гэты дзень, 3 лістапада, на дзядзінцы Старога замка нават рыцары намячаюцца, а ў парку Жылібэра канцэрты і вулічныя буфэты. Што ж, хай гэта будзе першым крокам у цяперашніх пошуках ідэнтычнасьці, адметнасьці гораду над Нёмнам.

Вось жа Горадня перастала быць «городом-музеем»: зьніклі постэры і расьцяжкі з вуліц, як старыя шпалеры. І нават «Я люблю Гродно» сёньня амаль ня ўбачыш. Любіць перасталі? Прынамсі штосьці ў галовах начальства адбываецца: шукаюцца новыя слоганы. Некалькі гадоў цешылі сябе, што завабліваюць «інтурыстаў» у свой горад, які – музэй суцэльны! А мы ў ім, як атрымлівалася, жывыя статуі: гайда сюды, панове, паглядзіце на нас, мы ня страшныя!

Але самападман зьнік. Замежныя экспэрты сказалі: не, гэта не падыходзіць, музэі ў кожным горадзе, і музэі для турыстаў не галоўнае. Рукі апусьціліся ў начальства. Больш нічога да галавы не прыходзіць. А што галоўнае, калі не музэі? Што?! Чаго ім трэба яшчэ?.. У Купалаўскім унівэрсытэце рыхтуюць спэцыялістаў па турызму. Хай яны начальства правядуць па вуліцах турыстычнай групай. Каб чужымі вачыма зірнулі, не гаспадарскімі.
Ваза з гербам Горадні – аленем сьвятога Губэрта – у парку культуры і адпачынку імя Жылібэра, дзе будуць адзначаць Дзень сьвятога Губэрта

Ваза з гербам Горадні – аленем сьвятога Губэрта – у парку культуры і адпачынку імя Жылібэра, дзе будуць адзначаць Дзень сьвятога Губэрта


Канечне, для жыхара самае важнае памяшканьне – кватэра, дом, дзе большую частку знаходзіцца. Для турыста хутчэй наадварот. Пад дахам увесь час яму ня трэба. Яму не пачуць, а – убачыць трэба. Іншы горад і жыцьцё ў ім. Каб мы былі ў Гімалаях, ясна, прыежджых цікавілі б будысцкія кляштары, пагады, экзотыка. А раз мы ў Эўропе, людзям трэба паказаць наша архітэктурнае асяродзьдзе, таксама эўрапейскае, але нечым адметнае. Але чым? Чым цікавыя могуць быць гэтыя, часьцей за ўсё даволі банальныя сьцены? Духам, гісторыямі. Але пачутага з вуснаў экскурсавода недастаткова.
Відэакамэра і шыльда: «Забудова вуліцы Савецкай. Будынак ХVІ стагодзьдзя»

Відэакамэра і шыльда: «Забудова вуліцы Савецкай. Будынак ХVІ стагодзьдзя»


І які дух сёньня прапануецца насамрэч? Калі ласка: старая частка Горадні, цэнтар – рог плошчы Савецкай і вуліцы Савецкай, самае турыстычнае месца. І што мы бачым? Дзьве відэакамэры на сьцяне, вялікую і маленькую, а пад імі «ахоўную шыльду», чытаем: «Забудова вуліцы Савецкай. Будынак ХVІ стагодзьдзя». «Першыя саветы» у горадзе значыць не ў 1939-м і нават не ў 1920-м паявіліся, а значна раней, таварышы турысты. Забудзьце казкі пра каралёў! Канечне, калі нехта жыць ня можа без «савецкага», давайце дошку: гэтая вуліца называлася – і сьпіс назваў, але перайменаваць спачатку ці гістарычную вярнуць. Каб без райкамаў і абкамаў, без камуністычнай улады ў часы Жыгімонта і Баторыя.
Рог плошчы Савецкай і вуліцы Савецкай

Рог плошчы Савецкай і вуліцы Савецкай


«Горад каралёў» – найлепшы слоган для Горадні. Але дзе яны, каралі? У гісторыі былі: Жыгімонт Стары, Баторы, Аўгусты – першы, другі і трэці, нарэшце Станіслаў Аўгуст, апошні з усіх. Зараз патрэбныя помнікі, хаця б бюсты. Творчыя сілы напагатове: праекты, макеты маюць. Але ўсё будзе залежыць ад двух чалавек: старшыняў аблвыканкаму і гарвыканкаму. Папярэдняга гарадзкога галавы няма, быў рэзка зьняты. А ён, гаварылі мастакі, скульптары, з усімі прапановамі пагаджаўся, хаця справа ня рухалася: помнікаў ад яго часу няма.

Пад Менскам існуе вёска Каралёў Стан. Нейкі, значыць, манарх нанач спыняўся і адзначана ў назьве, замацавана. А тут жылі, будавалі і, лічы, як не было. Толькі Ленін стаіць… У былым каралеўскім тэатры выступае Гарадзенская капэля. Канцэрт прысьвечаны музычнай гісторыі Ляйпцыгу. Слухачам абвяшчаюць, што ў самай старой кавярні там зьбіраліся вядомыя людзі, нават «курфюрстар Саксоніі Аўгуст Моцны». Толькі нічога, на жаль, не сказана, што ён быў каралём і вялікі князем літоўскім, і таксама піў каву ў Горадні.

Турыстам можа спадабацца, калі абвесьціць Горадню «Горадам каралёў». Але толькі ня стаўце тады болей, таварышы, ананімных помнікаў! Бо менавіта каралі бяз подпісу, як няцяжка здагадацца, для начальства будуць больш-менш «прымальным злом». (Каб падпісаць помнік, патрэбная згода саўміну). Досьвед існуе.

З трох значных дзеячоў Горадні канца ХVІІІ стагодзьдзя папярэднія начальнікі дазволілі паставіць помнікі двум. Архітэктару Джузэпэ Сака і батаніку Жаку Эмануілу Жылібэру. Адзін італьянец, другі француз. Асноўнай жа сярод іх постацьцю быў рэфарматар Антоні Тызэнгаўз, зь мясцовых, з Жалудка. Але хоць прозьвішча нібы нямецкае, палічылі памагатым караля (кіраваў яго гарадзенскай эканоміяй) зь мясцовых палякаў. Кандыдатуру на помнік зарубілі.
Бронзавы «гараджанін ХVІІІ стагодзьдзя» на вул. Фэлікса Дзяржынскага

Бронзавы «гараджанін ХVІІІ стагодзьдзя» на вул. Фэлікса Дзяржынскага


У выніку ў горадзе паявіліся дзьве «паркавыя скульптуры» з бронзы. Пад выглядам «гараджаніна ХVІІІ стагодзьдзя» сам Жылібэр, пад назвай «дойлід Гарадніцы» – Сака ў трохкутным капелюшы. Ну й цяпер усе блытаюцца. Адзін з мастакоў зрабіў відэаролік: якія помнікі і ў якіх месцах ён прапануе. Прапановы слушныя: каралі, князі. Але ён вырашыў выкарыстаць выявы бронзавых «гараджаніна» і «дойліда», паставіў на фоне камяніц. Памылкова назваўшы «Тызэнгаўзам» Жылібэра і «Жылібэрам» – Джузэпэ Сака.

Прапановы выклікалі бурную дыскусію ў інтэрнэце. Хтосьці нават за грудкі кінуўся хапацца, Леніна абараняючы. І толькі нехта са спрэчнікаў заўважыў, што блытаніна з Жылібэрам выйшла, але памылку з другім помнікам не раскусіў. Вось чым падступныя скульптуры бяз подпісаў. Так што, калі ўжо за каралёў брацца, то «з адкрытым забралам», «бяз страху і папроку», не старацца ў кусты шугануць з каралеўскімі імёнамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG