Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Некалькі сяброў Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі спрабуюць дамагчыся іх выключэньня зь сьпісу асобаў, да якіх ужытыя візавыя і фінансавыя санкцыі Эўразьвязу.

Намесьнік старшыні ЦВК Вадзім Іпатаў зьвярнуўся ў Суд Эўразьвязу і дамогся нават фінансавай дапамогі на аплату паслуг добрага адваката з Эўразьвязу.

Іпатаў апавёў карэспандэнту Свабоды, што лічыць рашэньне пра ўключэньне ў «чорны» сьпіс ЭЗ «няправільным». На пытаньне, ці можа ён патраціць выдзеленыя Эўразьвязам 6 тысяч эўра для адваката на іншыя мэты і ці атрымае ён іх наяўнымі, спадар Іпатаў сказаў:

«Не. Там жа напісана, што гэтыя грошы за паслугі адвакату будуць пералічаныя пасьля завяршэньня працэсу. Яны ўсяляк зацягваюць працэс і абсалютна неправамерна, па палітычных матывах».

Карэспандэнт: «А гэтых 6 тысяч эўра дастаткова, каб аплаціць паслугі?»

Іпатаў: «Ня я ж іх лічыў».

Карэспандэнт: «А што гэта за адвакат?»

Іпатаў: «Гэта Міхалаўскас, ён скончыў Сарбону. Гэта адвакат, які можа аказваць паслугі ў Судзе ЭЗ. Суд ЭЗ гэта ж не „шарашкіна“ кантора. Туды могуць зьвяртацца тыя адвакаты, якія маюць пэўны вопыт».

Карэспандэнт: «А чаму вы зьвярнуліся ў Суд ЭЗ, а Лідзія Міхайлаўна Ярмошына не зьвярнулася?»

Іпатаў: «Я ж за я яе ня мушу адказваць, як яна будзе вырашаць яе асабістае пытаньне».

Паводле спадара Іпатава, суд ужо павінен быў адбыцца, але дата яго дагэтуль не прызначана. Таксама ён адзначыў, што на пасяджэньне трапіць ня зможа, бо неўязны.

У ЦВК не выключаюць, што працэс можа зацягнуцца на многія гады. Як паведамілі карэспандэнту Свабоды ў ЦВК, некалькі неўязных сяброў з Цэнтральнай камісіі напісалі пэтыцыю ў сакратарыят Эўразьвязу. Яны патрабавалі, каб Рада ЭЗ паведаміла факты і абставіны, якія пацягнулі ўключэньне іх у сьпіс. А таксама, каб былі прадстаўлены магчымасьці для пярэчаньняў. Паводле сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка, на гэтую доўгую пэтыцыю сяброў ЦВК адказ быў кароткі: «Абмежавальныя санкцыі накладзены на падставе таго, што вы сябра ЦВК».

Але ня толькі сябры ЦВК змагаюцца зь візавымі санкцыямі Эўразьвязу.

Журналіст АНТ Аляксей Міхальчанка прасіў Брусэль выдаць яму на адваката як мінімум 30 тысяч эўра. Аднак Суд ЭЗ, зыходзячы з ранейшай практыкі, устанавіў для журналіста верхнюю плянку прававой дапамогі — 7 тысяч эўра.

Абодва заяўнікі скарысталіся артыкулам 94 Рэглямэнту Агульнага суду ЭЗ аб прававой дапамозе. Згодна зь ім, суд павінен часткова або цалкам пакрыць выдаткі, зьвязаныя з паслугамі адваката і іншай прававой дапамогай, калі заяўнік знаходзіцца ў цяжкім эканамічным становішчы. Таму Іпатаў і Міхальчанка прадставілі Суду ЭЗ даведкі пра памер сваіх заробкаў і сямейнае становішча.

Тым часам Суд Эўразьвязу разглядае ажно 9 спраў па скаргах беларускіх фізычных і юрыдычных асоб супраць візавых санкцый.

Акрамя Ўладзімера Пефціева і асобна трох яго кампаній у Суд ЭЗ зьвярнуліся бізнэсмэны Анатоль Тарнаўскі, а таксама Юры Чыж і яго 13 кампаній.

29 кастрычніка Рада Эўразьвязу перагледзела «чорны сьпіс»: 13 чалавек зь яго выдаленыя, а трое дададзеныя.
XS
SM
MD
LG