Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Уладзіслаў Баўмгертнэр — адыграны матэрыял»


Ўладзіслаў Баўмгертнэр

Ўладзіслаў Баўмгертнэр

Рада дырэктараў «Уралкалія» рэкамэндавала ўнесьці ў сьпіс кандыдатураў у новы склад рады дзейнага гендырэктара Ўладзіслава Баўмгертнэра, які цяпер пад хатнім арыштам у Менску. Як доўга Баўмгертнэра будуць трымаць у Менску і ці атрымае Беларусь 100 мільёнаў даляраў, якія патрабуюць улады?

Што кажуць у пракуратуры Беларусі наконт таго, ці паступілі туды дакумэнты на экстрадыцыю Ўладзіслава Баўмгертнэра ў Расею? Ужо больш як 3 тыдні таму ў пракуратуры Расеі заявілі, што такія дакумэнты рыхтуюцца. Прэсавы сакратар Генпракуратуры Беларусі Пётар Кісялёў:

«Не, не прыйшлі. Усім адказваю, што не. Шмат хто цікавіцца, у чарзе стаяць, але нічога няма».

Паводле супрацоўнікаў Сьледчага камітэту Беларусі, справу Ўладзіслава Баўмгертнэра працягваюць расьсьледаваць, «пра навіны ў справе будзе паведамлена адмыслова».

Тым часам у Расеі адносна Ўладзіслава Баўмгертнэра адбылося адразу дзьве падзеі. Днямі стала вядома, што Басманны суд Масквы яшчэ 17 кастрычніка завочна на два месяцы арыштаваў топ-мэнэджэра, пагадзіўшыся з падазрэньнямі сьледчых, што той зьдзейсьніў цяжкае злачынства. Гэтае судовае рашэньне не афішавалася. Між тым расейскае выданьне «Коммерсант» не выключае, што гэта зроблена, каб дамагчыся як найхутчэйшай экстрадыцыі — і адразу вызваліць арыштаванага.

Другая падзея — 31 кастрычніка на сайце «Ўралкалія» зьявіліся зьвесткі пра тое, што Ўладзіслаў Баўмгертнэр апынуўся ў сьпісе 11 кандыдатаў у новую раду дырэктараў, якую маюць абраць 29 лістапада. Усяго ў цяперашняй радзе дырэктараў расейскай кампаніі 9 асобаў. Хто стане лішнім? Ці акажацца ў выніку галасаваньня лішнім менавіта Баўмгертнэр, прадказаць цяжка, але расейскія назіральнікі адзначаюць, што зьмяшчэньне яго ў сьпіс кандыдатаў — яўная дэманстрацыя, адрасаваная Менску.

Між тым беларускі незалежны эканаміст Леанід Заіка мяркуе, што лёс Баўмгертнэра вырашаны, і ў Крамлі «нікога не цікавіць».

Леанід Заіка

Леанід Заіка

«Ён адпрацаваны матэрыял, проста апынуўся ў непатрэбны час у непатрэбным месцы. Яго можна вызваліць, не пытаньне. А стратэгічная гульня накіраваная на тое, каб калійным рынкам кіравалі з Крамля».

Чаму зацягнулася вырашэньне лёсу Ўладзіслава Баўмгертнэра і ўвогуле канфлікт паміж Беларусьсю і кампаніяй «Уралкалій», якую кантралюе расейскі алігарх Сулейман Керымаў? Паводле Леаніда Заікі, паўза тлумачыцца тым, што ў Крамлі доўга падбіраюць асобу, якая замест Керымава будзе далей валодаць гэтай кампаніяй і фактычна кантраляваць значную частку ўсясьветнага калійнага рынку. Тое, што раней Керымаў узяў пад кантроль вытворчасьць калійных угнаеньняў Расеі, у Крамлі цяпер лічаць памылкай, якую тэрмінова трэба выправіць. Новы калійны алігарх павінен быць чалавекам Крамля і пры гэтым мець імя ў бізнэсе, пад якое зможа атрымаць крэдытныя рэсурсы. Таксама ягоную кандыдатуру, пэўна, узгадняюць зь Менскам, мяркуе Леанід Заіка:
За ўвесь банкет будзе плаціць Керымаў

«Мяркую, для Лукашэнкі гэта будзе найлепшы выхад. Тады яны зноў вяртаюцца да той формулы, паводле якой прадавалі калійную соль сумесна і кантралявалі 40% усясьветнага рынку, а магчыма, і болей. І змогуць там рабіць што заўгодна. Лукашэнку падабаецца быць манапалістам у палітыцы і эканоміцы».

21 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка заявіў журналістам СНД, што Ўладзіслаў Баўмгертнэр можа быць перададзены Расеі пасьля кампэнсацыі нанесеных ім стратаў — 100 мільёнаў даляраў. Ці атрымае Беларусь гэтыя грошы і ад каго? Леанід Заіка ня бачыць у гэтым праблемы для Расеі:

«За ўвесь банкет будзе плаціць Керымаў. Ён арганізатар, ён кіно круціў, хацеў запалохаць увесь рынак. Яму і плаціць».

Менскі адвакат Уладзіслава Баўмгертнэра адмовіўся паведамляць нешта пра свайго кліента, спаслаўшыся на ягоны загад даваць журналістам як найменей інфармацыі. На пытаньне пра наведваньні Баўмгертнэра адвакат сказаў, што ўсё ідзе як раней.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG