Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіча катуюць адсутнасьцю сну і спрабуюць адмовіць у леках


Мікалай Статкевіч

Мікалай Статкевіч

Палітвязьня Мікалая Статкевіча катуюць адсутнасьцю сну. Пра гэта напісала ў фэйсбуку яго жонка Марына Адамовіч.

«Некалькі начэй запар не давалі спаць. Усю ноч грукалі вечкам „кармушкі“ і нагамі ў жалезныя дзьверы камэры, крычалі ў „кармушку“ кожныя 10–15 хвілін — некалькі начэй запар. Мабыць, спадзяюцца „застукаць“, каб спаў удзень. Адпомсьціць за „вугал нахілу цела“, за зьнішчальную іронію заявы ў пракуратуру», — напісала Марына Адамовіч.

Ёй стала вядома, што Міколу некалькі начэй запар перашкаджалі ноччу спаць.

«Хутчэй за ўсё, гэта была спроба ня даць выспацца ноччу, каб прымусіць Мікалая заснуць удзень. Наколькі мне вядома, усясьветная практыка расцэньвае такія дзеяньні як катаваньні. Раней ужо яго каралі за ўяўны дзённы сон», — распавяла Марына сайту statkevich.org.

Яна мяркуе, што такім чынам Міколу спрабуюць адпомсьціць за заяву ў Генпракуратуру. Статкевіч патрабаваў правесьці пракурорскую праверку і даць прававую ацэнку спробам адміністрацыі папраўчых устаноў выкарыстаць яго звароты па мэддапамогу «як сыгнал для арганізацыі супрацьпраўнага ціску празь незаконнае стварэньне ўмоваў для абвастрэньня захворваньняў, пра якія стала вядома».
Наколькі мне вядома, усясьветная практыка расцэньвае такія дзеяньні як катаваньні

Паводле Марыны Адамовіч, гэтую заяву перанакіравалі на разгляд у Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў. Мікола падаў заяву паўторна ў пракуратуру, але яе зноў перанакіравалі ў ДВП.

«Што ж, днямі ён накіраваў яе ў пракуратуру трэці раз, бо лічыць, што неабходна прымусіць гэтую сыстэму працаваць так, як патрабуе закон, няхай сабе і «кастрыраваны», — адзначае спадарыня Марына.

Яна таксама паведаміла, што Міколу ня выдалі мэдычную бандэроль, якую яна даслала. У адміністрацыі патрабуюць, каб палітвязень падпісаў адмову ад атрыманьня «неўстаноўленай пасылкі ад неўстаноўленай асобы». Спадарыня Марына кажа, што гэтую бандэроль даслала яна, бандэроль падпісана «мэдычная», а дазвол на яе быў выдадзены амаль месяц таму.

«Чаму гэтая пасылка і ад каго яна — не тлумачаць. Такім чынам, яму спрабуюць адмовіць у неабходных леках. Дарэчы, такое мы ўжо праходзілі ў мінулым годзе, калі мэдбандэроль вярнулася назад, а Міколу патлумачылі потым, што яны „памыліліся“, прыняўшы яе за „неналежную“ харчовую. Такія вось дробныя паскудзтвы», — адзначыла Марына Адамовіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG