Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Народны рэфэрэндум»: «за» і «супраць»


Ініцыятары правядзеньня грамадзкай кампаніі «Народны рэфэрэндум» вызначылі дзесяць базавых пытаньняў. Цяпер зь іх адбяруць пяць, якія арганізатары кампаніі мяркуюць вынесьці на ўсенароднае апытаньне. Як ставяцца да гэтай ініцыятывы іншыя палітыкі і палітолягі?

10 пытаньняў, якія адабралі ініцыятары «Народнага рэфэрэндуму», тычацца розных галін жыцьця беларусаў. Напрыклад, ці павінна абраньне кіраўнікоў выканаўчай улады адбывацца прамым таемным галасаваньнем? Ці павінны яны мець паўнамоцтвы фармаваць бюджэт дадзенай тэрытарыяльнай адзінкі і распараджацца ім? Грамадзянам Беларусі прапануюць адказаць: ці згодныя яны, што ў Беларусі не павінна быць замежных вайсковых базаў? І ці павінен урад Беларусі зрабіць усё неабходнае, каб падпісаць з Эўразьвязам пагадненьне аб зоне свабоднага гандлю?..

«Народны рэфэрэндум» часам называюць скарочана — НЯМ. Гэтая абрэвіятура склалася зь першых літараў прозьвішчаў галоўных ініцыятараў праекту — Някляева, Янукевіча і Мілінкевіча.

Сярод тых, хто да іх далучыўся, і Ўладзімер Навасяд. Былы дэпутат, а цяпер старшыня аргкамітэту ў справе стварэньня Партыі свабоды і прагрэсу, сваю пазыцыю тлумачыць двума матывамі:

Уладзімер Навасяд
Уладзімер Навасяд
«Прывабнасьць гэтага праекту для нас у тым, што мы можам працаваць супольна ў рамках агульнай кампаніі. Слоган, зь якім мы пойдзем на выбары, такі: мэра павінен абіраць народ. Бо ўсе сацыяльныя пытаньні як бы прыкладаюцца да гэтага. Можна шмат гаварыць пра адукацыю, ахову здароўя ды іншае. Але калі мы не абіраем уладу, то мы ня можам і ўплываць на гэтыя ды іншыя галіны.

Па-другое, існуюць піраміды выбарчых кампаніяў. І калі аптымальна ня выкарыстаць магчымасьці мясцовых кампаніяў, то наўрад ці мы зможам якасна падрыхтавацца да галоўнай кампаніі — прэзыдэнцкай».

Супрацьлеглай думкі прытрымліваецца сустаршыня аргкамітэту ў справе стварэньня Партыі БХД Віталь Рымашэўскі:

Віталь Рымашэўскі
Віталь Рымашэўскі
«На сёньняшні дзень цікавасьці і пэрспэктываў у „Народнага рэфэрэндуму“ мы ня бачым. Пазыцыя БХД такая: трэба пачынаць з канкрэтных рэчаў, якія могуць прынесьці вынік. У людзей безьліч праблемаў. Зьбіраць масава подпісы можна па тых пытаньнях, якія канкрэтна палепшаць хоць штосьці ў гэтай краіне. Напрыклад, Саўмін адмяніў сацыяльныя паказьнікі для правядзеньня абортаў. Гэта для хрысьціян было вельмі важна.

Сама па сябе працэдура правядзеньня рэфэрэндуму выклікае шмат пытаньняў. І найперш няма адказу на пытаньне: калі ініцыятыўную групу не зарэгіструюць, што будуць рабіць ініцыятары далей? А хутчэй за ўсё — не зарэгіструюць, і высілкі людзей будуць змарнаваныя».

Не далучылася да ініцыятывы і Аб’яднаная грамадзянская партыя. Яе лідэр Анатоль Лябедзька тлумачыць:

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька
«Для таго, каб цяпер правесьці ў Беларусі рэфэрэндум, патрэбныя сумленныя і справядлівыя выбары. Бяз гэтага рэфэрэндум ператвараецца ў мрою, ва ўсё што заўгодна, але толькі не ў вырашэньне пытаньня па сутнасьці.

Мы цяпер канцэнтруем свае намаганьні менавіта на сумленных і справядлівых выбарах. Пакуль ня будзе вырашана гэтая праблема, ніводзін палітычны праект ня мае пэрспэктывы рэалізацыі. У тым ліку і «Народны рэфэрэндум».

Палітоляг, прафэсар Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Ўладзімер Роўда называе ідэю «Народнага рэфэрэндуму» цікавай:

Уладзімер Роўда
Уладзімер Роўда
«Але пасьпяхова правесьці гэтую кампанію невялічкімі групамі, якія аб’ядналіся вакол ініцыятывы, я думаю, немагчыма. І можа так атрымацца, што добрая ідэя ня будзе рэалізаваная.

„Народны рэфэрэндум“, па вялікім рахунку, не ўпершыню ў нас робіцца. Гэта ідэя Зянона Пазьняка. На пачатку 90-х гадоў зьбіраліся подпісы за тое, каб адправіць у адстаўку Вярхоўны Савет і правесьці выбары паводле новага выбарчага закону. Адтуль усё гэта ідзе. Але ж тады сілы апазыцыі былі абсалютна іншымі. Яна здолела сабраць подпісы. А адзінае, чаго не змагла зрабіць, — прымусіць Вярхоўны Савет рэагаваць адэкватна.

З аўтарамі ідэі „Народнага рэфэрэндуму“ можна пагадзіцца. Але ім трэба параіць — імкнуцца аб’ядноўваць вакол сваёй ідэі як мага шырэйшыя колы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG