Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшаў беларускамоўны альбом «Ляпіса Трубяцкога»


«Грай» — так называецца першы цалкам беларускамоўны альбом вядомага беларускага гурту, які апошнім часам выступае за мяжой, бо з сакавіка 2011 году канцэрты гурту ў Беларусі забароненыя.

У альбом «Грай» увайшло 12 беларускамоўных кампазыцыяў, напісаных і запісаных за апошнія 10 гадоў, у тым ліку два абсалютна новыя трэкі — «Месяц» і «Сонейка».

«У гэтага альбома няма нейкай пэўнай канцэпцыі, — заявіў нагоды ягонага выхаду лідэр „Ляпісаў“ Сяргей Міхалок. — У ім ёсьць песьні сонечныя, яркія, а ёсьць і сумныя, тужлівыя, прасякнутыя настальгіяй. Яны былі напісаныя ў розныя пэрыяды майго жыцьця і выяўляюць усю палярнасьць маіх поглядаў і эмоцыяў. А прысьвяціць гэтую кружэлку я б хацеў тым людзям, якія ламаюць лубачны, залізаны, тэлевізійна-карціначны вобраз беларусаў — такіх цярплівых, ціхіх, спакойных, працавітых, а ня тых, што любяць перамены.

Мы хочам паказаць, што ёсьць і іншыя беларусы — якія могуць быць дзёрзкімі, шумнымі, могуць не баяцца праяўляць сваю індывідуальнасьць. Якія ня хочуць пражыць жыцьцё рахмана і памяркоўна, а хочуць быць Волатамі, вяршыцелямі сваіх лёсаў. Якія ў розных сфэрах жыцьця твораць, б’юцца, дасягаюць, зьдзіўляюць. Такіх людзей нямала, мы іх ведаем, і альбом „Грай“ — для іх і пра іх».

Прэзэнтацыя альбома «Грай» адбудзецца 30 лістапада ў Вільні ў спартовым комплексе Siemens Arena.

XS
SM
MD
LG