Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка хоча бараніцца ад правоў чалавека разам з Кітаем


Кітай, ілюстрацыйнае фота
Кітай, ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка прымае госьця з Пэкіну, чальца Палітбюро кампартыі Кітая Мэн Цзяньчжу.

На перамовах з Мэн Цзяньчжу Аляксандар Лукашэнка заявіў пра падабенства пазыцыяў Беларусі і Кітая ў тым, што трэба будаваць шматпалярны сьвет, і пацьвердзіў гатоўнасьць Беларусі разам з КНР супрацьстаяць нападкам з боку Захаду ў пытаньнях выкананьня правоў чалавека.

«Мы заўсёды падтрымлівалі і будзем падтрымліваць вас у пляне тэрытарыяльнага адзінства Кітая, а таксама будзем супрацьстаяць разам з вамі нападкам з боку асобных сіл на Захадзе па правах чалавека і іншых пытаньнях. Нам гэтая тэматыка знаёмая», — цытуе Лукашэнку Інтэрфакс.

У гутарцы з чальцом кітайскага Палітбюро, сакратаром палітыка-юрыдычнай камісіі ЦК КПК Мэн Цзяньчжу Лукашэнка заклікаў Кітай больш актыўна інвэставаць у беларускую эканоміку:

«Мы ўдзячныя вам за аказаную падтрымку па крэдытаваньні многіх праектаў на тэрыторыі Беларусі. Вядома, мы хацелі, каб Кітай больш укладаў у эканоміку Беларусі прамых інвэстыцыяў і разьвіваў гэты кірунак. Мы вызначылі вельмі шмат напрамкаў супрацоўніцтва, у тым ліку па будоўлі індустрыяльнага парку на тэрыторыі Беларусі, дзе будуць працаваць прадпрыемствы на аснове высокіх тэхналёгіяў. Можаце быць упэўненыя і перадайце майму добраму сябру Сі Цзіньпіну, што мы адданыя духу адносін, які складаецца ў нашым супрацоўніцтве».

Аляксандар Лукашэнка ня раз заяўляў, што Беларусь выкарыстоўвае кітайскі шлях разьвіцьця. Эканаміст Леанід Заіка, які працаваў у Кітаі, перакананы, што той не разумее, што такое кітайскі шлях:

«І людзі ў ягоным атачэньні таксама не разумеюць. Калі б яны гэта разумелі, то Беларусь была б сярод лідэраў краін СНД і апярэджвала Літву, Латвію і Польшчу па ВУП на душу насельніцтва. Яны кепска вучыліся ў беларускіх ВНУ, не засвоілі фразу Леніна, што дробнатаварная вытворчасьць штодня спараджае капіталізм. Калі вы хочаце эфэктыўную эканоміку, спрыяйце гэтай дробнатаварнай вытворчасьці. Кітайцы — гэта габрэі Ўсходу, кітайцы ўсе рыначнікі. Іх памылка была ў тым, што яны ўзялі на ўзбраеньне ленінскую тэорыю імпэрыялізму і паспрабавалі пабудаваць камунізм хутчэй, чым Савецкі Саюз. У астатнім яны нармальныя, дзелавыя, прадпрымальныя, гнуткія, і для іх ня важна, якой масьці кот... Адзіная іх праблема ў тым, што ў іх існуе ідэалягічная абэрацыя: стварэньне рынкавых структураў часта прыводзіць да таго, што адмаўляюцца сацыяльныя каштоўнасьці».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG