Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перад Гэлаўінам у ЗША адзначылі Нацыянальны дзень аўсянкі. З гэтай нагоды сайт health.com дае 7 адказаў на пытаньне, чым добрая аўсянка.


Аўсянка — цэльназерневы прадукт


Авёс апрацоўваецца такім чынам, каб у так званых «шматках» засталося ўсё каштоўнае — і пажыўнае вотруб’е, і зародкі зярнят. Праўда, ёсьць два шляхі апрацоўкі аўсянага зерня, паводле таго, як яно здрабняецца ці зьмякчаецца. Паводле навейшай тэхналёгіі, збожжа проста рэжацца стальнымі лёзамі. А паводле «старамоднага» спосабу аўсянае зерне спачатку запарваецца, а потым раскатваецца ў пляскатыя шматочкі. Абодва спосабы даюць аднолькава пажыўна прадукт, хаця проста парэзанае зерне трэба даўжэй гатаваць і ў ім можа быць крыху больш клятчаткі.

Аўсянка сапраўды зьніжае ўзровень халестэрыну


Авёс утрымлівае тып валакна, які называецца бэта-глюкан. Дасьледаваньні паказалі, што ўжываньне 3 грамаў аўсянага валакна ў дзень (адпавядае порцыі аб’ёмам кубка) можа прывесьці да зьніжэньня агульнага халестэрыну ад да 23%. Сайт раіць паспрабаваць на сьняданак аўсяную кашу з сухім чарнасьлівам і бананам, пасыпаную карыцай.

Аўсянка ўтрымлівае ўнікальныя антыаксыданты


Антыаксыданты, як мы ведаем, зьмяншаюць нэгатыўны ўплыў асяродзьдзя і ўмацоўваюць імунітэт. Мы таксама прывыклі думаць, што асноўнай крыніцай антыаксыдантаў зьяўляецца садавіна і гародніна. Але аказваецца, ваша штодзённая міска аўсянкі здольная забясьпечыць дастатковы сутачны прыём антыаксыдантаў.

Аўсянка можа змагацца з запаленьнем


Хранічнае запаленьне, як лічыцца, спрычыняе шэраг праблем са здароўем, уключаючы атлусьценьне, рак і хваробы сэрца. Але дасьледаваньні паказваюць, што элемэнты avenanthramides, якія зьяўляюцца ўнікальнымі для аўса, могуць паменшыць уплыў запаленчых малекул.

Ад міскі сьняданку можна быць сытым да абеду


Бэта-глюкан ў аўсянцы вядомы тым, што стабілізуе ўзровень цукру ў крыві. І таму міска аўсянкі з раніцы дапамагае вам пазьбегнуць рэзкіх ваганьняў узроўню цукру ў крыві. Акрамя таго, аўсянка можа падняць вашу працаздольнасьць. Брытанскія дасьледаваньні выявілі, што ўжываньне аўсянкі прыкладна тры гадзіны да трэніроўкі дапамагае павысіць трывушчасьць.

Аўсянка карысная для вашага сэрца


Шматлікія дасьледаваньні пацьвердзілі ролю аўсянкі ў зьніжэньні рызыкі сардэчна-судзінных захворваньняў. Вывучэньне харчовых звычак амаль 10 тысяч дарослых амэрыканцаў у 2003 годзе паказала, што тыя, хто еў больш клятчаткі (каля 21 грамаў) у дзень, мелі на 10% ніжэйшую рызыку інсультаў і сардэчных прыступаў, чым тыя, што елі толькі 5 грамаў у дзень .

Авёс можа зьнізіць рызыку разьвіцьця раку


Амэрыканскае таварыства раку рэкамэндуе есьці прадукты з высокім утрыманьнем клятчаткі (у тым ліку цэльназерневы авёс), каб зьнізіць рызыку разьвіцьця раку, уключаючы рак тоўстай кішкі. Вынікі дасьледаваньня, апублікаванага ў Міжнародным часопісе эпідэміялёгіі выявілі, што жанчыны да менапаўзы, якія елі больш клятчаткі, мелі прыблізна напалову меншую рызыку раку малочнай залозы, чым тыя, што елі менш клятчаткі.
XS
SM
MD
LG