Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Манёнак: «Падарункі Мытнага зьвязу Беларусь ужо зьела»


Тацяна Манёнак

Тацяна Манёнак

Віцэ-прэм’ер ураду Ўладзімер Сямашка падчас выступу ў Палаце прадстаўнікоў заявіў пра невыкананьне прагнозных паказьнікаў беларускай прамысловасьцю. Сярод прычын няўдалага году Сямашка назваў недасканаласьць заканадаўства Мытнага саюзу, выключэньні й абмежаваньні, якія існуюць у ім. Што азначае крытыка беларускім кіраўніцтвам Мытнага зьвязу — расчараваньне ў гэтай структуры альбо жаданьне выбіць з Расеі яшчэ больш ільготаў? Чаму беларуская прамысловасьць становіцца неканкурэнтаздольнай ва ўмовах Мытнага зьвязу? На гэтыя пытаньні адказвае аглядальніца газэты «Белорусы и рынок» Тацяна Манёнак.

— Ці можна сказаць, што заява Сямашкі — гэта проста пробны шар, каб прыцягнуць увагу Расеі і прымусіць яе плаціць больш? Ці беларускае кіраўніцтва сапраўды заклапочанае правіламі і рэчаіснасьцю Мытнага зьвязу?

— Стварэньне Мытнага зьвязу азначала аўтаматычна, што канкурэнцыя на гэтай прасторы будзе толькі ўзмацняцца. Улічваючы тое, што ў жніўні летась Расея стала сябрам Усясьветнай гандлёвай арганізацыі (УГА) — яна пачала пакрысе зьніжаць свае мыты. Рынак стаў больш свабодным, і нагадаю, што заканадаўства і правілы Мытнага зьвязу менш прыярытэтныя за заканадаўства УГА.

Беларускія прадпрыемствы мусілі рыхтавацца да таго, што канкурэнцыя значна ўзрасьце. Сытуацыя пагоршылася яшчэ тым, што праваліўся расейскі рынак, тэмпы эканамічнага разьвіцьця паменшыліся, адпаведна зьнізіўся попыт на беларускую прадукцыю. У гэтай сытуацыі асабліва відавочнай стала неканкурэнтаздольнасьць беларускай прадукцыі.

На этапе стварэньня Мытнага зьвязу Беларусь атрымала вялікія дывідэнды. Значна былі зьніжаныя кошты на прыродны газ, існуе льготны рэжым паставак нафтапрадуктаў. Але гэтыя падарункі Беларусь ужо зьела, і цяпер трэба канкураваць.

— Сямашка прывёў некалькі прыкладаў: сёлетняя пастанова расейскага ўраду закрыла доступ на расейскі рынак беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі, Расея ўвяла ўтылізацыйны збор на аўтамабільную тэхніку. Ці справядліва беларускае кіраўніцтва патрабуе адмены гэтых абмежаваньняў?

— Рынак сельскагаспадарчай тэхнікі ніхто не зачыняў. Проста былі зьніжаныя мыты, у сувязі з тым, што Расея ўступіла ў УГА, і вырас імпарт замежнай тэхнікі. Канкураваць на гэтым рынку стала больш складана. Што тычыцца ўтылізацыйнага збору — Расея не хацела яго ўводзіць, але УГА пагражала нават судом, і Масква вырашыла пайсьці на гэты крок.

Беларусь падпісалася пад пагадненьнем, што ўсе дамовы УГА маюць прыярытэт над дамовамі ў Мытным зьвязе. Таму мне нават трошку дзіўна і нечакана было пачуць словы Сямашкі, што Беларусь павінна паскорыць перамовы наконт уваходу ў СГА. Гэта будзе вельмі складана для беларускай эканомікі, якая доўгі час знаходзілася пад патранатам дзяржавы, мела самыя танныя кошты на энэрганосьбіты і тым ня менш на сёньня дэманструе сваю неэфэктыўнасьць і неканкурэнтаздольнасьць.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG