Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ужо сёньня, 1 лістапада: Дзень усіх сьвятых, «Новай зямлі», Эўразьвязу і Вячаслава Адамчыка


Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

У Беларусі паводле рашэньня ўраду ўводзяцца новыя цэны на газ і электрычнасьць. Гэта ўжо сёмае падаражаньне электрычнасьці сёлета.

У каталікоў – Дзень усіх сьвятых. Вернікі дзякуюць Богу за дар сьвятасьці і аддаюць пашану ўсім сьвятым – як вядомым, так і невядомым, – якія дасягнулі вечнай хвалы і перабываюць з Богам у небе. У многіх каталіцкіх краінах, у тым ліку суседніх Польшчы і Літве, сёньня дзяржаўнае сьвята.

У Менску ў Палацы Рэспублікі пачнецца міжнародны кінафэстываль «Лістапад». Да яго прымеркаваная і выстава, прысьвечаная гісторыі беларускага кіно.

У сталіцы пройдзе таксама міжнародная канфэрэнцыя «Зямля – аснова ўсёй Айчыне», прысьвечаная 90-годзьдзю выхаду ў сьвет паэмы Якуба Коласа «Новая зямля».

Кніжны сайт «Bookster.By» запрашае ўсіх ахвотных у галерэю «Ў» на сустрэчу з загадкавым пісьменьнікам Максам Фраем.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1911 – аэраплян упершыню ў гісторыі скінуў бомбу з паветра, у вайне італьянцаў з туркамі.

1937 – у Курапатах карнікі НКВД расстралялі 11 сьвятароў Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

1993 – уступіла ў сілу Маахстрыхская дамова, якая паклала пачатак Эўрапейскаму Зьвязу.

У гэты дзень нарадзіліся:

1868 – Дзьмітры Даўгяла, беларускі археограф і гісторык.

1873 – Іван Замоцін, беларускі літаратуразнавец.

1912 – Янка Золак, беларускі паэт, пэдагог, грамадзкі дзеяч, выдавец на эміграцыі ў ЗША.

1915 – Міхась Кавыль, беларускі паэт, пэдагог, грамадзкі дзеяч у замежжы.

1933 – беларускі пісьменьнік Вячаслаў Адамчык.

У гэты дзень памерлі:

1888 – Мікалай Пржавальскі, расейскі географ і вандроўнік беларускага паходжаньня.

1893 – польскі мастак Ян Матэйка.

1971 – савецкі рэжысэр і сцэнарыст Міхаіл Ром.

1972 – амэрыканскі паэт Эзра Паўнд.

1984 – беларускі мастак Пётра Сергіевіч.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ

А дзе ж той выхад? дзе збавеньне
З няволі цяжкай, з паланеньня?
Адзін ён ёсць: зямля, зямля,
Свой пэўны кут, свая ральля:
То – наймацнейшая аснова
І жыцьця першая умова.
Зямля ня зьменіць і ня здрадзіць,
Зямля паможа і дарадзіць,
Зямля дасьць волі, дасць і сілы,
Зямля паслужыць да магілы,
Зямля дзяцей тваіх ня кіне,
Зямля – аснова ўсёй айчыне.


Якуб Колас. З паэмы «Новая зямля»
XS
SM
MD
LG