Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дашкевіч: Прадстаўнікі Эўразьвязу павінны зьвяртацца да тых, хто зазнаў катаваньні


Зьміцер Дашкевіч

Зьміцер Дашкевіч

Былы палітвязень, сустаршыня «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч паведаміў, што да яго ніхто не зьвяртаўся, каб выправіць недакладнасьць адносна Аляксандра Лапаткі, якога ўнесьлі ў «чорны сьпіс» Эўразьвязу.

У жніўні 2011 году Свабода расказвала, што актывісты «Маладога фронту» і праваабаронцы патрабавалі ад Генпракуратуры завесьці крымінальную справу на адміністрацыю калёніі ў Горках, дзе ўтрымлівалі Зьмітра Дашкевіча. Тады паведамлялася, што Дашкевіча ня менш як 8 разоў за 2 месяцы каралі за кратамі адміністрацыйнымі спагнаньнямі, у тым ліку зьмяшчалі ў карцэр і ў памяшканьне турэмнага тыпу. Таксама 5 разоў да Зьмітра не пускалі адваката. Актывіста «Маладога фронту» Наста Палажанка апавяла, што намесьнік начальніка па апэратыўнай працы Аляксандар Лапатка не даваў яму спаць уначы, выводзячы ў калідор і прымушаючы стаяць усю ноч. Паколькі Дашкевіч быў стомлены, ён раніцай адмовіўся ісьці на працу, а за гэта яго зноў пакаралі карцэрам на 10 сутак.

Зьміцер Дашкевіч так пракамэнтаваў гэтую інфармацыю, пададзеную амаль два гады таму:

«Там гісторыя была такая. Я недзе ноч прастаяў на КПП. Петраковіч, які на той час быў начальнікам апэратыўнага аддзелу, даў такі загад: не даваць спаць. А раніцай, калі выпісвалі парушэньні, не было начальніка, а быў Лапатка. Гэта, у прынцыпе, такія фармальныя працэдуры, яны выпісваюць парушэньні. Таму я казаў пра асноўны рэпрэсіўны мэханізм, які трымаецца і функцыянуе празь Петраковіча і „смотрящего“ за зонай, якога ён ставіць. Там не разабраць, хто зь іх „смотрящий“, а хто начальнік апэраддзелу. Ну, а Лапатка паколькі ў кіраўнічых структурах, ён там нешта падпісвае, тыя ці іншыя парушэньні».

Карэспандэнт: «То бок тут трэба гаварыць пра Петраковіча...»

Дашкевіч: «Так, калі гаварыць пра Горацкую калёнію. Усё кіраўніцтва любой калёніі так ці інакш датычнае да гэтага рэпрэсіўнага мэханізму. Ён рэпрэсіўны ў любой калёніі. Проста ёсьць канчаткова «абязбашанныя». У Горацкай калёніі тады быў канкрэтна начальнік Кавалёў і начальнік апэраддзелу Петраковіч. Зважаючы на тое, што Кавалёў сышоў на пэнсію ці куды, яны ўсе падняліся на прыступку вышэй. Лапатка стаў начальнікам, а Петраковіч, які курыраваў рэпрэсіі, стаў намесьнікам».

Карэспандэнт: «То бок асноўны рэпрэсар — гэта не Лапатка, а Петраковіч. І Петраковіча трэба было ўключаць у гэты сьпіс?»

Дашкевіч: «Так. У першую чаргу Петраковіча, хоць і Лапатку не зашкодзіць. Усё бачыцца ў параўнаньні. Калі ў Гарадзенскай турме мне давалі лыжку, то гэта для мяне было вяршыняй гуманнасьці гэтай усёй сыстэмы. А калі ў Віцебскай турме футараламі ядуць, то, разумееце... Гэтак жа можна параўнаць тых жа Лапатку зь Петраковічам».

Карэспандэнт: «Пасьля таго як гэтая інфармацыя трапіла ў мэдыі, да цябе зьвярталіся, да прыкладу, эўрапейскія чыноўнікі ці хто яшчэ, каб выправіць гэтую памылку?»

Дашкевіч: «Ніхто ніколі не зьвяртаецца. У гэтым таксама праблема. Хацелася б, каб прадстаўнікі Эўразьвязу, якія працуюць у Беларусі, у такіх выпадках, датычных турэмнай сыстэмы, зьвярталіся да людзей, якія зьведалі гэтыя катаваньні, і пыталіся, хто і дзе і больш учыняе зьдзеку зь людзей. Бо там павінен быць ня толькі Петраковіч, які цяпер намесьнік начальніка Горацкай калёніі па апэратыўна-рэжымнай працы. Там павінна быць і кіраўніцтва Мазырскай калёніі, Віцебскай турмы. Вядома, калі б са мной кансультаваліся прадстаўнікі ЭЗ, я патлумачыў бы і назваў канкрэтныя прозьвішчы».

Даведка Cвабоды: Зьміцер Дашкевіч

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG