Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцу з Гомеля звальняюць з працы


Анатоль Паплаўны

Анатоль Паплаўны

Гомельскага праваабаронцу, сьлесара-інструмэнтальшчыка 6 разраду Анатоля Паплаўнага дырэкцыя ўнітарнага прадпрыемства «Віпра» папярэдзіла пра спыненьне кантракту.

Праваабаронца заяўляе, што да звальненьня спрычыніліся ўлады.

На прадпрыемстве «Віпра» Анатоль Паплаўны працуе пяць гадоў. І толькі летась, у год парлямэнцкіх выбараў, новы дырэктар прадпрыемства Ігар Шчагельскі ва ўльтыматыўнай форме прапанаваў заключыць кантракт. І толькі на год. Цяпер высокакваліфікаванага рабочага звальняюць.

Паплаўны: «Папярэдзілі пра тое, што кантракт са мною працягнуты ня будзе — 27 сьнежня я буду звольнены. І падзякавалі за добрасумленную працу ў гэтым жа паведамленьні — пісьмовым, канечне, пад подпіс. Я азнаёмлены й расьпісаўся».

Спадар Паплаўны кажа, што раней не хацеў агалошваць размову з кіраўніком прадпрыемства падчас заключэньня кантракту, успрымаў яе як прыватную і бязь нейкіх сур’ёзных наступстваў у будучыні. Выйшла зусім ня так:

«Наймальнік Ігар Шчагельскі, дырэктар наш, быў шчырым, калі заключаў гэты кантракт. Выклікаў да сябе й пачаў тлумачыць, што пэўныя праблемы яму не патрэбныя. Пасьля выбараў яго наведаў супрацоўнік дзяржбясьпекі, папярэджваў, што я займаюся актыўна грамадзкай дзейнасьцю. Будуць, маўляў, яшчэ выбары, і я буду зноў займацца. Я адказаў: „Канечне, буду. А што? І пры чым тут вытворчасьць і мая грамадзкая дзейнасьць? Я ж на вытворчасьці не займаюся выбарамі“. Ён — не, не хачу такога. Казаў, што лягчэй знайсьці прычыну, каб звольніць яго як дырэктара, чым мяне як рабочага. Таму ён і ня хоча праблемаў. Вось кантракт — і ўсё тут. Пытаюся: „Дык што — толькі на адзін год?“ — „На адзін год!“»

Абараняючы Анатоля Паплаўнага як свайго сябра, рэгіянальнае прадстаўніцтва Беларускага незалежнага прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці прапанавала тады дырэкцыі прадпрыемства «Віпра» заключыць з Паплаўным пяцігадовы кантракт. Матывавала гэта тым, што на прадпрыемстве бальшыня людзей наагул працуе паводле бестэрміновых працоўных дамоваў.

Аднак адміністрацыя адмовілася ад прапановы незалежнага прафсаюзу, спаслаўшыся на наяўнасьць на прадпрыемстве «свайго афіцыйнага прафсаюзу», які нібыта й абараняе рабочых.

Прававы інспэктар незалежнага прафсаюзу РЭП у рэгіёне Леанід Судаленка, які сам у свой час стаў ахвярай кантрактнай сыстэмы, лічыць, што ў такой сытуацыі цалкам лягічна ўказаць на парушэньні кантрактнай дамовы з боку наймальніка, у дадзеным выпадку дырэкцыі прадпрыемства «Віпра», і звольніцца паводле свайго патрабаваньня. Падставы на гэта ў Анатоля Паплаўнага ёсьць — пастаянная затрымка выплаты заробку.

Леанід Судаленка

Леанід Судаленка

Судаленка: «Прафсаюз дапамог Анатолю падрыхтаваць адпаведную заяву ва ўправу Дэпартамэнту працы, у якой мы паказалі сыстэматычнае парушэньне ўмоваў кантракту з боку дырэкцыі — несвоечасовая выплата заробку. Гэты факт павінна пацьвердзіць яшчэ й дзяржаўная інспэкцыя па працы — а яна ня можа не пацьвердзіць, бо мы прыклалі выпіскі з банку, з асабістага разьліковага рахунку Паплаўнага, дзе бачны сыстэматычныя затрымкі выплаты заробку. Анатоль мае права скасаваць кантракт на ўласнае патрабаваньне з атрыманьнем матэрыяльнай кампэнсацыі ў памеры трохмесячнага заробку».

Судаленка зьвяртае ўвагу й на яшчэ адну акалічнасьць: «На прыкладзе Анатоля Паплаўнага мы бачым, што мэтады ціску на грамадзкіх ды палітычных актывістаў у Гомелі аднаўляюцца — акурат так, як гэта было ў 2000-х гадах».

Анатоль Паплаўны прадстаўляе ў рэгіёне зьліквідаваную ўладамі праваабарончую арганізацыю «Вясна». За грамадзкую дзейнасьць яго ня раз прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці. Летам 2011 году падчас акцыі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» яго затрымалі й пакаралі 15-суткавым арыштам.

На леташніх парлямэнцкіх выбарах Анатоль Паплаўны браў актыўны ўдзел у незалежным назіраньні ў рамках кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
XS
SM
MD
LG