Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намеры — ёсьць, стратэгіі — няма


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Хачу падзяліцца сваімі ўражаньнямі ад канфэрэнцыі «Стратэгіі будучай палітыкі Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі», якая адбылася ў Вільні 28–29 кастрычніка.

Гэта ў пэўным сэнсе замена «Менскага форуму», які шмат гадоў праводзілі немцы. Аднак пасьля 19 сьнежня 2010 году нямецкія арганізатары заявілі, што пакуль у Беларусі ёсьць палітзьняволеныя, гэтага форуму ў Менску ня будзе. І дасюль сваю пазыцыю вытрымліваюць.

На канфэрэнцыю былі запрошаныя міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей і ягоная намесьніца Алена Купчына. Яны доўга не давалі адказу, а ў самы апошні момант адмовіліся. Гэта і зразумела, бо сядзець давялося б за адным сталом зь лідэрамі апазыцыі.

Агульная выснова, якая гучала амаль ва ўсіх выступах, палягала ў тым, што Беларусь выпадае з праграмы Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства». Што беларукая анамалія — гэта тупік, параза, няўдача Эўразьвязу. Афіцыйны Менск не зацікаўлены рухацца ў эўрапейскім кірунку. Напрыклад, ніяк не адказвае на прапанову Брусэля абмеркаваць хоць бы пытаньне аб спрашчэньні візавых працэдур.

Як на мой погляд, дык у эўрапейскіх і некаторых беларускіх экспэртаў, у дыпляматаў існуе пэўны абман зроку. Бо нічога незвычайнага ў беларуска-эўрапейскіх дачыненьнях не адбываецца. Стан «халоднай вайны» — гэта норма адносін, пачынаючы з 1996 году. Невялікае выключэньне назіралася ў пэрыяд 2008–2010 гадоў. Размарожваньне адносін у той час стала вынікам рэдкага зьбегу абставінаў. Тады Расея значна скараціла субсыдыі Беларусі. Плюс расейска-грузінская вайна ў жніўні 2008 г. І ў пазыцыі Эўразьвязу ў дачыненьні да беларускага рэжыму на кароткі час геапалітыка выцесьніла каштоўнасьці. 19 сьнежня 2010 году ўсё вярнула на свае месцы.

Але якраз у час гэтай адлігі зьявілася праграма «Ўсходняе партнэрства» (2009 г.). І ўзьніклі завышаныя надзеі, якія, як хутка высьветлілася, былі ілюзіямі.

Яшчэ адзін ляйтматыў выступаў: няма стратэгіі Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі. Але хацеў бы зьвярнуць увагу на лічбы. Расейскія субсыдыі Беларусі складаюць калі 10 млрд даляраў у год толькі за кошт нізкіх цэнаў на энэргарэсурсы. А ў нядаўнім сумесным артыкуле міністраў замежных спраў Швэцыі і Польшчы Карла Більта і Радаслава Сікорскага гаворыцца, што сёлета Эўразьвяз накіраваў на падтрымку шасьці (!) краін-удзельніц «Усходняга партнэрства» толькі 600 млн эўра. Ці можа быць увогуле нейкая эфэктыўная стратэгія Эўразьвязу пры ўмове, што геапалітычныя канкурэнты выдаткоўваюць непараўнальныя рэсурсы?
Ці можа быць увогуле нейкая эфэктыўная стратэгія Эўразьвязу пры ўмове, што геапалітычныя канкурэнты выдаткоўваюць непараўнальныя рэсурсы?

На канфэрэнцыі ўвесь час абмяркоўвалася пытаньне: што рабіць?

Прадстаўнікі апазыцыі казалі, што Эўразьвязу трэба было б праводзіць палітыку ўцягваньня ў эўрапейскія працэсы, але ўцягваньня не дзяржавы, не рэжыму, а грамадзтва. Ідэя ўвогуле разумная. Але як аддзяліць грамадзтва ад дзяржавы? І як падтрымліваць грамадзтва праз галаву ўладаў?

Шэраг выступоўцаў (напрыклад, Улад Вялічка) выказалі думку, што адносна Беларусі прынцып «Усходняга партнэрства» «большае за большае» (чым больш краіна праводзіць рэформаў, тым большую дапамогу ад Эўразьвязу яна атрымлівае) не працуе. І паставілі пад сумнеў выкарыстаньне яго ў дачыненьні да афіцыйнага Менску.

Падобная лёгіка бачыцца ў прапанове «дэпалітызацыі дыялёгу», зь якой выступіла дасьледчыца зь Фінскага інстытуту міжнародных спраў Анаіс Марын. Яе падтрымалі беларускія дасьледчыкі Дзяніс Мельянцоў, Яўген Прэйгерман. Я нават дзеля ўдакладненьня спытаў у Анаіс Марын: ці азначае яе думка, што пытаньне дэмакратыі і правоў чалавека выносіцца за дужкі адносін між Эўразьвязам і Беларусьсю, адсоўваецца ўбок? Яна адказала, што менавіта так. У прынцыпе, гэта адпавядае пазыцыі афіцыйнага Менску.

Ідэя ў тым, каб Эўразьвяз ладзіў праекты, скіраваныя на розныя слаі беларускага грамадзтва (студэнты, навукоўцы, настаўнікі, чыноўнікі сярэдняга ўзроўню і інш.) і паступова ўцягваў іх у эўрапейскія працэсы, прышчэпліваў ім эўрапейскія каштоўнасьці. І праз пэўны час эўрапеізаванае грамадзтва запатрабуе зьмены ўлады і зробіць адназначны геапалітычны выбар.

Канцэпцыя прыгожая. Але для беларускага грамадзтва эфэкт будзе толькі праз пэўны час. А на першым этапе яна цалкам на карысьць беларускага рэжыму. Супрацоўніцтва Эўразьвязу зь Беларусьсю перастане быць абумоўленым, зьнікае інструмэнт ціску на рэжым, каб падштурхоўваць яго да дэмакратыі. І ўвогуле, дзеяньні беларускіх уладаў зыходзяць з псыхалёгіі: калі праціўнік саступіў, мы перамаглі, то навошта зь ім цырымоніцца? Што мы цяпер назіраем у паводзінах Менску падчас «калійнай вайны».

Увогуле ў сытуацыі, калі адзін бок не зацікаўлены ў руху ў бок Эўропы, відавочных і правільных рашэньняў з боку Эўразьвязу проста не існуе. Любое зь іх мае плюсы і мінусы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG