Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Загінула праваабаронца Вікторыя Старасьценка

абноўлена

Вікторыя Старасьценка атрымлівае ўзнагароду як пераможца конкурсу супраць сьмяротнага пакараньня, 2009 год
Вікторыя Старасьценка атрымлівае ўзнагароду як пераможца конкурсу супраць сьмяротнага пакараньня, 2009 год

30 кастрычніка ў Менску трагічна загінула 25-гадовая праваабаронца Вікторыя Старасьценка, сябра праўленьня грамадзкага аб’яднаньня «Цэнтар па правах чалавека». Вікторыю зьбіў грузавік на пешаходным пераходзе.

Дзяўчына пераходзіла праезную частку па нерэгуляваным пешаходным пераходзе, які абсталяваны адпаведнай дарожнай разьметкай, знакамі і штучнай няроўнасьцю, калі яе зьбіў грузавік, піша udf.by.

Вікторыя апынулася пад грузавым аўтамабілем МАЗ — яе нага была заціснутая паміж задняй восьсю і падрамнікам. Ратавальнікі дасталі дзяўчыну, яе адвезьлі ў шпіталь, дзе яна памерла.

Старшыня Беларускага дакумэнтацыйнага цэнтру Раіса Міхалоўская апавяла, што Вікторыя нарадзілася ў Берасьці. Разам зь ёй Раіса доўгі час працавала ў Цэнтры па правах чалавека.

«Я ўражаная гэтай падзеяй. Я зь ёй працавала каля двух гадоў. Віка прыйшла да нас як студэнтка Беларускага інстытуту правазнаўства. Заўсёды такая прамяністая. Усе яе вельмі любілі. Яна заўсёды была такім маленькім лідэрам. Пасьля заканчэньня інстытуту мы запрасілі яе на працу ў цэнтар. Яна прымала грамадзян, дапамагала пісаць скаргі, чытала лекцыі. І заўсёды хацела вучыцца. Яна брала ўдзел у розных праграмах юрыстаў, у міжнародных курсах па правах чалавека, займалася зь дзецьмі. Віка была пераможцай конкурсу эсэ па правах чалавека. Яна была адораным і пэрспэктыўным, адказным чалавекам. Шкада, што так недарэчна абарвалася яе жыцьцё на самым узьлёце».

Старшыня Цэнтру па правах чалавека Галіна Лёвіна апавяла, што Віка працавала юрыстам цэнтру і якраз сёньня быў прыёмны дзень, калі да Вікі былі запісаныя наведнікі:

«Некаторыя зь іх зьвярталіся ня ў першы раз і, калі даведаліся, што Віка загінула, стаялі і плакалі. Гэта жудаснае гора для нас усіх. Віка была крыштальна чыстым, неабыякавым чалавекам. Яна дапамагала людзям, калі парушаліся іх правы. Яны была найлепшым сябрам, калегай».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG