Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Часопіс Forbes склаў штогадовы рэйтынг самых уплывовых людзей сьвету. Рэйтынг факусуецца на палітыках, бізнэсоўцах, фінансістах і філянтропах, якія рэальна ўплываюць на тое, што адбываецца ў сьвеце. Кіраўнік Беларусі ў гэтым кантэксьце не разглядаўся.

Першае месца часопіс аддаў 61-гадоваму прэзыдэнту Расеі Ўладзімеру Пуціну, які пацясьніў 52-гадовага прэзыдэнта ЗША Барака Абаму на другую пазыцыю.

Як піша Forbes, Пуцін настолькі ўмацаваў сваю ўладу ўнутры краіны, што тэрмін «дыктатар» ужо не выглядае перабольшаньнем. Ён таксама дамогся — на думку часопіса — уражлівых вынікаў на зьнешнепалітычнай арэне, даўшы часовы прытулак былому кантрактніку амэрыканскіх спэцслужбаў Эдварду Сноўдэну і знайшоўшы кампраміс па Сірыі, прымальны для Захаду і ўсіх бакоў канфлікту.

Тройку лідэраў завяршае генэральны сакратар кампартыі Кітаю Сі Цзыньпінь (60 гадоў). Чацьвёртае месца ў папы Францішка (76 гадоў), пятае — у канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель (59 г.).

Амэрыканскі прадпрымальнік і філянтроп, сустаршыня Рады дырэктараў Microsoft Біл Гэйтс (57) заняў шосты радок. Адразу за ім — былы старшыня фэдэральнай рэзэрвовай сыстэмы ЗША Бэн Бэрнанкэ.

Брытанскі прэм’ер Дэйвід Кэмэран (47) — на 11 месцы, прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд (59) — на 18-м, прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў (48) — на 53-м.

Самы малады чалавек у сьпісе — амэрыканскі праграміст, стваральнік Фэйсбуку Марк Цукэрбэрг, якому 29 гадоў. Найстарэйшы — аўстралійскі і амэрыканскі мэдыя-магнат Рупэрт Мэрдак (82). У сярэднім жа ўзрост самых уплывовых людзей сьвету, якія ўвайшлі ў рэйтынг, вагаецца каля 60 гадоў.

Усяго ў рэйтынг Forbes увайшлі 72 чалавекі.
XS
SM
MD
LG